27 красавiка 2024, Субота, 7:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лукашэнкі - раздваенне асобы?

53
У Лукашэнкі - раздваенне асобы?
ФОТА: AFP

Штогадовае пасланне паказала, наколькі ўсё запушчана.

Пасланне да народу і «нацыянальнага сходу» пачалося а 10:30. Цягнулася 2 гадзіны. Потым былі пытанні з залы. Аляксандр Лукашэнка часта казаў банальнасці пра ўсё і ні пра што. Сварыўся на дзяржслужбоўцаў і ўрадаўцаў, тыя ўставалі, як хлопчыкі і дзяўчынкі да біцця, ды пахілялі галовы. Нагаварыў кіраўнік шмат. Але былі і моманты, якія выклікалі шквал абурэння. Асабліва, калі кіраўнік адрываўся ад напісанага на паперы, паведамляе «Белсат».

Аглядальнік Радыё Свабоды Віталь Цыганкоў звяртае ўвагу на моўнае пытанне, якое ўзняў кіраўнік, як ён ездзіць па дарозе і абураецца надпісам на роднай мове «хуткасны рэжым», якой не разумеюць расейцы. Лукашэнка папрасіў, цытата, «вярнуць нармальную назву». Віталь Цыганкоў у сябе на ФБ піша:

«Я ведаю гэтага персанажа 30 гадоў, але нават я быў здзіўлены і ўражаны, наколькі ўсё запушчана, якая карціна Беларусі пануе ў ягонай галаве, калі ён адрываецца ад тэксту і выдае нам «сваё сапраўднае». У гэтай галаве беларуская мова – гэта нешта незразумелае для большасці, нешта як замежнае, у адрозненне ад «нормы» – расейскай мовы».

Яшчэ адно пытанне, якое турбуе грамадскасць, – крыжалом у Курапатах. У часе задавання пытанняў да кіраўніка ад дэпутатаў гэтае пытанне не задалі ні Алена Анісім, ні Ганна Канапацкая – незалежныя дэпутаты (падкрэслю). Сам кіраўнік гаварыў, што трэба разабрацца, хто крыжы ставіў і хто дазваляў.

«Наша грамадзянская супольнасць мусіць сама варушыцца, а не толькі плакацца, што недзе крыжы знішчылі, няма большай у вас праблемы! Вы разбярыцеся, хто гэтыя крыжы ставіў і хто ім дазваляў. Ладна, гэта асобная размова», – сказаў кіраўнік.

А вось хрысціянскі дэмакрат Максім Гацак дадае на ФБ:

«Знішчэнне крыжоў – норм, беларускамоўныя білборды – зло, а Царкву трэба рэфармаваць. Сцісла пра выступ Лукашэнкі ў «парламенце».

Спадар Гацак дадае: «Якая краіна, такія і прэзідэнцкія дэбаты. Жэстчайшэ». Журналіст Алесь Пілецкі заўважае, што пасля такога паслання «хоць ты за картай паляка ідзі». А вось анархіст Вячаслаў Касінераў выказваецца досыць востра. І не можа зразумець, чаму «нібыта прагрэсіўная частка грамадства штораз глядзіць у рот дыктатуры, спрабуючы абсмактаць кожнае слова». І пытае:

«Няўжо за 25 гадоў не наслухаліся? Ці нехта спадзяецца што зараз выдасць: «Я стаміўся, сыходжу, наступны прэзідэнт Зянон/Статкевіч/іншы на ваш выбар?» А калі не, дык гэта вычварэнства нейкае, слухаць раз за разам маразм ды з захапленнем абмяркоўваць словы, якія іншых людзей, годных, выштурхнулі б на вулічны пратэст».

Размаўляем з палітолагам Аляксандрам Класкоўскім:

«…Тое, што ён называе «жэстачайшым спросам», ці болей культурна, як сёння прагучала, «дыктатурай тэхналогій» – гэта не спрацоўвае. Ён сам прызнаў, што савецкая сістэма развалілася, і да галечы, як ён сказаў, давялі вялікую імперыю. Дык калі гэтыя адміністрацыйныя метады не працавалі ўжо тады, у 80-я гады, і ў выніку разваліўся Савецкі Саюз, дык цяпер, у 21 стагоддзі, гэта тым болей не спрацуе. А сёння рэформы асабліва патрэбныя нам да зарэзу, бо – для мяне гэта вельмі паказальна – Лукашэнка ніяк не адказаў на пытанне, што мы будзем рабіць у сітуацыі, калі Масква ўзяла за гарляк, патрабуе прасунутай інтэграцыі, а іначай не дамо, маўляў, субсідыяў…»

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках