26 красавiка 2024, Пятніца, 23:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крыніца tut.by: Расея пастаўляе лепшую нафту ў Кітай, а «Дружба» пакутуе

3
Крыніца tut.by: Расея пастаўляе лепшую нафту ў Кітай, а «Дружба» пакутуе

Расейская нафта ідзе ў Беларусь паводле рэшткавага прынцыпу.

У спажыўцоў, якія атрымліваюць расейскую нафту гатунку Urals па нафтаправодзе «Дружба», перыядычна ўзнікаюць нараканні да яе якасці ўжо блізу 3 гадоў. Пра гэта tut.by распавялі інфармаваныя крыніцы ў нафтавай галіне.

«Якасць пастаянна пагаршалася. Ужо гады 3 маюцца нараканні. Расея лепшую нафту пастаўляе ў Кітай. А ў «Дружбу» - паводле рэшткавага прынцыпу», - сказаў адзін суразмоўца. «Гэта даволі вядомая праблема. На ёй у большай ступені завастралі увагу еўрапейскія [нафтаперапрацоўчыя] заводы. Там і стандарты іншыя, і стаўленне іншае. Цяпер Беларусь вырашыла абазначыць праблему. Не думаю, што яна б гэта зрабіла, калі б у адносінах з Расеяй не было пытанняў», - сказала другая крыніца.

Увечары 19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра «рэзкае пагаршэнне» якасці расейскага гатунку Urals, які паступае транзітам па нафтаправодзе «Дружба». З РФ «паступае нафта з утрыманнем хлорарганічных злучэнняў, якія перавышаюць у дзясяткі разоў гранічныя значэнні стандарту». На думку «Белнафтахіма», падзенне якасці пагражае шкодай для беларускіх НПЗ. У сувязі з гэтым беларускі бок запытаў сустрэчу ў «Транснафце». У расейскай трубаправоднай манаполіі прызналі наяўнасць праблем і выказалі надзею, што «сітуацыя з якасцю павінна нармалізавацца да панядзелка-аўторка наступнага тыдня».

Са слоў экспэртаў, злучэнні хлору могуць апынуцца ў нафце натуральным шляхам (утрымліваюцца ў пластовых водах) або ў якасці паглынальніка серавадароду пры транспарце нафты. Але іх наяўнасць з'яўляецца патэнцыйна небяспечнай для абсталявання НПЗ. Саляная кіслата, якая ўтварылася ў рэактарах гідраачысткі або рыформінгу, прыводзіць да карозіі абсталявання.

У 2018 годзе РФ пераарыентавала буйныя патокі маласярністай нафты з Захаду на Усход, каб замацаваць сваё першынство на рынку Кітая, праз гэтага якасць асноўнага расейскага экспартнага гатунку на захадзе, Urals, рэзка ўпала, выклікаўшы незадаволенасць еўрапейскіх перапрацоўшчыкаў, пісала агенцтва Рейтер летась.

Паказчыкі Urals рэгулярна выходзілі за межы, прадугледжаныя расейскім афіцыйным стандартам - ДАСТам, адзначалі восем крыніц на нафтавым рынку РФ. З іх слоў, расейскай трубаправоднай манаполіі «Транснафта» не ўдавалася стабільна ўтрымліваць шчыльнасць і ўтрыманне серы ў Urals у рамках заяўленых параметраў.

Асноўнае пагаршэнне якасці Urals назіралі спажыўцы на маршрутах трубаправода «Дружба», па якім гатунак наўпрост паступае на НПЗ у Нямеччыне, Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Вугоршчыне. «Расея большую частку сваёй лёгкай нафты накіроўвае ў Кітай, каб забяспечыць прыярытэтныя пастаўкі па міжурадавым пагадненні, а ўжо еўрапейскім пакупнікам - што засталося», - казала крыніца ў нафтавай галіне РФ.

За мінулы год, паводле звестак «Транснафты», сумарна па «Дружбе» было перапампавана 48,9 млн тон расейскай транзітнай нафты (план на 2019 г. - 50 млн тон), больш за палову паставак прыпала на «Раснафту». Акрамя таго, па гэтым нафтаправодзе пастаўляецца 18 млн тон бязмытнай нафты для беларускіх НПЗ.

Пытанні да якасці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі. Менск хацеў павысіць тарыф на прапампоўку нафты па сваёй тэрыторыі на 23,1%, але не знайшоў разумення ў РФ. Услед за абмежаваннямі на імпарт прадуктаў харчавання з Беларусі Лукашэнка прыгразіў паставіць на рамонт нафтаправоды. У «Транснафце» заявілі, што стан ўчастку «Дружбы» здавальняючы, але «ў выпадку неабходнасці» гатовыя дапамагчы Менску ліквідаваць дэфекты.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках