26 красавiка 2024, Пятніца, 4:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандыдат на пасаду кіраўніка Еўракамісіі: Я спыню «Паўночны струмень - 2»

1
Кандыдат на пасаду кіраўніка Еўракамісіі: Я спыню «Паўночны струмень - 2»
МАНФРЭД ВЕБЕР
ФОТА: EPA

Манфрэд Вебер перакананы, што Еўразвяз павінен пакласці канец залежнасці ад расейскага газу.

Нямецкі палітык Манфрэд Вебер (Manfred Weber), асноўны кандыдат на пасаду кіраўніка Еўракамісіі (ЕК) ад правацэнтрысцкай Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП), заявіў, што ў выпадку заняцця гэтай пасадзе зробіць усё магчымае, каб заблакаваць будаўніцтва газаправода «Паўночны струмень – 2», па якім газ з Расеі плануюць дастаўляць у Нямеччыну па дне Балтыйскага мора, паведамляе «Нямецкая хваля».

Такую заяву Вебер зрабіў у інтэрв'ю газеце The Polska Times, якое выданне апублікавала на сваім сайце ў аўторак, 23 красавіка.

Палітык выказаў упэўненасць, што гэты праект - «не ў інтарэсах Еўразвязу», бо гэтая ініцыятыва ўзмоцніць залежнасць ЕЗ ад расейскай сыравіны.

«Мы павінны думаць аб незалежнасці ад газу з РФ»

На пытанне журналіста пра тое, што такі падыход фактычна супярэчыць пазіцыі Берліна, які падтрымлівае пракладку трубаправода, Вебер заявіў, што не з'яўляецца кандыдатам на пасаду старшыні Еўракамісіі ад ФРГ, а ўяўляе агульнаеўрапейскую ЕНП.

«Еўропа - гэта 28 краін. Калі мы думаем пра Еўропу, мы павінны думаць аб незалежнасці ад расейскага газу», - падкрэсліў ён, дадаўшы, што складаныя дыскусіі на гэты конт вядуцца з французскімі, нямецкімі і іншымі еўрапейскімі палітыкамі.

Масква павінна быць гатовай да новых санкцый

Манфрэд Вебер таксама выказаў упэўненасць, што Расея хоча «дэстабілізаваць адзінства еўрапейскай» супольнасці. Ён нагадаў аб магчымым умяшанні Масквы ў правядзенне рэферэндуму аб Brexit у 2016 годзе, а таксама пра канфлікт на ўсходзе Украіны.

Са слоў нямецкага палітыка, РФ прыняла пастанову дзейнічаць агрэсіўна, таму краіны ЕЗ павінны быць гатовыя супольна адрэагаваць на гэтую пагрозу. «Еўропа павінна быць гатовая ўвесці дадатковыя санкцыі, калі (у гэтым. - Рэд.) будзе неабходнасць», - падкрэсліў ён.

Ратацыя ў Брусэлі

Раней стала вядома, што, каб «Паўночны струмень – 2» дазволілі ўвесці ў эксплуатацыю, яму давядзецца адпавядаць нашмат больш жорсткім патрабаванням, чым, «Паўночнаму струменю – 1», што дзейнічае з 2011 года. Гэтыя ўмовы, як адзначаюць у Брусэлі, закліканыя забяспечыць канкурэнцыю і абараніць правы спажыўцоў.

Шанец узначаліць Еўракамісію ў Вебера з'явіцца, калі Еўрапейская народная партыя прадэманструе добры вынік на выбарах у Еўрапарламент 26 траўня. У 2019 годзе ў Брусэлі адбудзецца масавая ратацыя: пераемнікі зменяць кіраўніка ЕЦБ Марыё Драгі, старшыню Еўрапейскай рады Дональда Туска, старшыню Еўракамісіі Жана-Клода Юнкера і вярхоўную прадстаўніцу Еўразвязу ў пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыку Магерыні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках