26 красавiка 2024, Пятніца, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыйны кандыдат адмовіўся балатавацца ў прэзідэнты Казахстана

Апазіцыйны кандыдат адмовіўся балатавацца ў прэзідэнты Казахстана
ЕРМУРАТ БАПІ
ФОТА: RFE/RL

Ермурат Бапі заявіў, што «не хоча ўдзельнічаць у спектаклі».

Вылучаны палітрадай АСДП (Агульнанацыянальнай сацыял-дэмакратычнай партыі) Ермурат Бапі адмовіўся ад магчымасці балатавацца ў прэзідэнты Казахстана.

Пра гэта стала вядома на з'ездзе партыі, які прайшоў 26 красавіка ў Алма-Аце, паведамляе «Фергана».

У пачатку сходу было абвешчана аб пастанове палітрады АСДП вылучыць Ермурата Бапі кандыдатам у прэзідэнты. Пасля гэтага чальцы партыі па чарзе выступілі з трыбуны. Усе спікеры, акрамя аднаго, аднагалосна прапанавалі байкатаваць выбары, называючы іх «спектаклем».

«Калі раней на выбарах быў адзін кандыдат і ўсе астатнія лялькамі, то гэтым разам усе будуць лялькамі», - выказаўся чалец АСДП Асхат Рахімжанаў. З ягоным меркаваннем пагадзіліся і выступалі следам удзельнікі з'езду. Пры гэтым кожны з іх адзначыў, што калі б выбары былі сумленнымі, то кандыдатура Ермурата Бапі была б самай падыходнай, але будучае галасаванне патрэбнае дзейнай уладзе, «каб яны маглі горда сказаць, што перамаглі на выбарах апазіцыйную партыю».

«Мы мяркуем, што ў краіне чарговым разам запушчаны ў дзеянне механізм так званых «датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў без выбараў». Гэта будзе азначаць лімітавую мабілізацыю адміністрацыйнага рэсурсу, татальныя фальсіфікацыі і іншыя парушэнні выбарчага заканадаўства, якія даўно ператварылі народнае волевыяўленне ў прымітыўны і ганебны фарс», - адзначылі сацыял-дэмакраты.

Сам Ермурат Бапі заявіў, што ўсе гэтыя дні пасля вылучэння ягонай кандыдатуры кансультаваўся з кампетэнтнымі людзьмі, але агулам згодны з меркаваннем чальцоў партыі аб неабходнасці байкатаваць выбары. «Падтрымліваючы меркаванне калег і разумеючы рэальную сітуацыю, хачу сказаць, што не хочацца ўдзельнічаць у гэтым спектаклі», - сказаў Бапі.

Пасля гэтага пачаўся працэс галасавання, падчас якога 36 чальцоў партыі выказаліся за байкот выбараў, супраць прагаласавалі 3 ўдзельнікі з'езду.

Разам з тым пасля абмеркавання прэзідэнцкіх выбараў на гэтым з'ездзе старшыня АСДП Жармахан Туякбай абвясціў аб сваім сыходзе з займанай пасады. Туякбай у якасці кандыдата ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у 2005 годзе.

Новым старшынём партыі ён прапанаваў прызначыць Ермурата Бапі. Туякбай таксама параіў даць партыі больш ёмістую назву «Ақиқат», што ў перакладзе з казахскай азначае «факт». Удзельнікі з'езда падтрымалі абедзве ініцыятывы.

Ермурат Бапі - чалец прэзідыума АСПД. Ён таксама з'яўляецца рэдактарам апазіцыйнай газеты «ДАТ - Грамадская пазіцыя» (называе сябе галоўным чытачом гэтай газеты). Першы нумар незалежнай газеты «ДАТ» выйшаў у красавіку 1998 года. Яна стала адным з першых апазіцыйных выданняў Казахстана.

За гады існавання газета 12 разоў мяняла назву, яе рэдакцыя амаль 50 разоў прыцягвалася да суда, а Бапі быў асуджаны 2 разы паводле крымінальных артыкулаў і атрымаў забарону займацца выдавецкай дзейнасцю.

Цяпер газета называецца «Грамадская пазіцыя», з'яўляецца пераемніцай і прадаўжальніцай традыцый праекта «ДАТ» і выходзіць на дзвюх мовах з накладам 18 тысяч асобнікаў.

Агульнанацыянальная сацыял-дэмакратычная партыя ўжо трэцім разам байкатуе прэзідэнцкія выбары (яна не ўдзельнічала ў галасаванні ў 2011 і 2015 гадах).

Пазачарговыя выбары прэзідэнта Казахстана пройдуць 9 чэрвеня. Вылучэнне кандыдатаў скончыцца 28 красавіка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках