26 красавiка 2024, Пятніца, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выхавацелька дзіцячага садка ў Крычаве ўтапілася, бо баялася загадчыцы?

35
Выхавацелька дзіцячага садка ў Крычаве ўтапілася, бо баялася загадчыцы?
НАТАЛЛЯ ЯЛЬЦОВА

У райцэнтры Магілёўскай вобласці адбылося шакавальнае НЗ.

У Крычаве, райцэнтры Магілёўская вобласці, 8 красавіка здарылася бяда: цела патопленай 40-гадовай Наталлі Яльцовай знайшлі ў Сожы. Таксама на беразе былі рэчы яе 73-гадовай маці. Цела маці пакуль не знайшлі, піша nn.by.

Пра смерць выхавацелькі кажуць, што гэта быў суіцыд. Дакладную прычыну смерці ўстановяць следчыя.

Але што падштурхнула жанчыну на такі крок? І што здарылася з яе маці? Ці спрабавала яна ратаваць дачку?

Кажуць, у Наталлі ў кішэні была перадсмяротная запіска.

Муж жанчыны адмовіўся што-небудзь расказаць пра сваю бяду. Але калегі звязваюць смерць Наталлі з нядаўнім затрыманнем карумпаванай загадчыцы садка.

Крычаўскі дзіцячы садок №19 уважаўся за паказальны. Але апошнім часам быў звязаны ў асноўным з негатыўнымі гісторыямі. 28 сакавіка сілавікі затрымалі загадчыцу. 62-гадовую Алу Пастухова вывелі з кабінета ў кайданках, пазней стала вядома, што ў дачыненні да яе распачатая крымінальная справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і злоўжыванне ўладай.

Следчыя пачалі дапытваць падначаленых Пастуховай. Дзіцячы садок вялікі: выхавацелькі, нянечкі, іншы персанал... Агулам 55 чалавек. І амаль кожнага, кажуць у дзіцячым садку, загадчыца Пастухова выкарыстала для самаабагачэння. Кажуць, што выпісвала на падначаленых прэміі, пасля грошы ёй вярталі. Невялікую частку прэміі загадчыца дазваляла работніку пакінуць сабе.

Наталля Яльцова працавала дэфектолагам. Заробак для Крычава прыстойны: пры працы на паўтары стаўкі выходзіла прыкладна 700 рублёў. Наталлю загадчыца Пастухова таксама прымушала ўдзельнічаць у схеме з прэміямі.

«У нас пачаліся допыты. Праходзілі сюды, непасрэдна ў дзіцячы садок. Але ўсё было вельмі тактоўна, следчыя на нас не ціснулі. Мы самі думалі, што раз сілавікі – значыць, звяры, але ўсё адбывалася вельмі ветліва, я нават не чакала, хоць спачатку сама баялася, - распавяла адна з супрацоўніц дзіцячага садка №19. - І пасля гэтага Наталля напрыдумвала сабе, што чамусьці павінна быць вочная стаўка з Пастуховай. А гэтай сустрэчы Наталля вельмі баялася. Набрала ў галаву - і ўсё тут. Мы казалі: якая вочная стаўка, што ты выдумала?! Але яна вельмі перажывала».

Апошні тыдзень, распавялі ў дзіцячым садку, Наталля моцна нервавалася, «нават змянілася тварам». Калегі супакойвалі яе, але, кажуць, і ўявіць сабе не маглі, чым усё скончыцца.

«Можа быць, штосьці яшчэ і на выходных здарылася. Наталля раней не хадзіла ў царкву - ёй станавілася дрэнна ад гэтых усіх пахаў. А ў нядзелю яе ўбачылі ў царкве, хадзіла разам са сваёй маці», - кажа знаёмая Наталлі Яльцовай.

Маці Наталлі жыла з паралізаваным мужам. Кожную раніцу і кожны вечар Наталля заходзіла да іх, каб дапамагчы даглядаць за бацькам.

Кажуць, што а пятай раніцы ў панядзелак Наталля не зайшла да бацькоў. Яе маці захвалявалася, патэлефанавала Яльцовым, затым у дзіцячы садок... Дачкі не было.

73-гадовая жанчына выйшла з дому і больш яе ніхто не бачыў. Толькі на беразе ракі знайшлі нейкія яе рэчы.

«Я думаю, што гэта магло быць звязанае з допытамі і справай Пастуховай. Бо Наталля была выдатным педагогам, і вельмі добрым чалавекам - але і вельмі слабым. Пастухова прыніжала яе ўвесь час: давала нейкія даручэнні, крычала... Калі бачыла скамечаную паперку ад Наталлі, крычала на яе: маўляў, што ты прынесла, я табе роўную давала!.. А Наталля ніколі не адказвала, толькі пачынала плакаць, трэслася... І Пастухова зноў крычала на яе: «Што ты тут плачаш, ідзі адсюль!», - распавяла супрацоўніца дзіцячага садка. - Таму, можа быць, Наталля проста сама сябе накруціла, спалохалася...»

У дзіцячым садку не пацвердзілі дакладна, ці была перадсмяротная запіска. Дачка Наталля паведаміла, што запіску яе маці сапраўды пакінула, але Пастухова ў запісцы не згаданая. Пра што напісала Наталля перад смерцю, дачка гаварыць адмовілася.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках