26 красавiка 2024, Пятніца, 7:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Грошай, сабраных на кветкі настаўнікам, хопіць на лімузін і не толькі»

61
«Грошай, сабраных на кветкі настаўнікам, хопіць на лімузін і не толькі»

Як рыхтуюцца да выпускнога вечару ў адной са школаў Менскай вобласці за год да падзеі.

Гісторыю з падрыхтоўкай да выпускнога публікуе «Салідарнасць».

– У траўні ажыў вайбер-чат бацькоў выпускнікоў, і я нарэшце зразумела, для чаго ён створаны. Як і большасць бацькоўскіх мэсэнджараў – для збору грошай.

У красавіку мама з бацькоўскага камітэта абвесціла: на сходзе прынятая пастанова сабраць сто рублёў з носа. Грошы патрэбныя на кветкі настаўнікам і падарункі першакласнікам. На пытанне пра каштарыс – не са столі ж такая сума ўзялася – яна патлумачыла, што сума прыкладная. Маўляў, калі грошы застануцца, наперадзе яшчэ шмат святаў.

Дзве мамы выпускнікоў заўважылі, што сто рублёў – гэта занадта шмат на кветкі.

У размову ўступіла яшчэ адна ўдзельніца, якая патлумачыла, што грошы плануецца выдаткаваць на шакаладкі настаўнікам і на тарты на ўсе святы. А яшчэ – на ўпрыгожванне школы.

– На якія святы мы павінны ўпрыгожваць школу і набываць тарты? – пацікавілася ў чаце Аляксандра, мама выпускніка (імя змененае – заўв. «С»).

Высветлілася, што так прынята рабіць на апошні званок, на 8-е сакавіка і Дзень настаўніка.

– Упрыгожваць школу і набываць тарты не з'яўляецца абавязкам бацькоў. Мэта збору грошай на кветкі на апошні званок – зрабіць танней. А атрымліваецца наадварот, – зазначыла я.

– Навошта збіраць грошы на кветкі на апошні званок і Дзень настаўніка за год, калі можна гэта зрабіць бліжэй да даты? – падтрымала Аляксандра.

– Грошы не знікнуць, – суцешылі нас мамы з бацькоўскага камітэта. – Усе пойдуць на заканчэнне школы. Калі застануцца, набудзем квіткі, напрыклад у ДК. І не забывайцеся, што трэба яшчэ набыць падарунак школе. Выдаткаў будзе шмат. Калі цяпер пачнем збіраць, вы ж разумееце, потым будзе лягчэй.

Я яшчэ раз паспрабавала заклікаць да голасу розуму і папрасіла каштарыс:

– Колькі грошай пойдзе на кветкі і падарунак першакласніку?

У адказ мне прапанавалі... скласці каштарыс самой!

– Складзіце каштарыс, збярыце грошы і будзеце ўпэўненыя, што вас ніхто не падманвае. Пакажыце, што вам сапраўды важнае (гэтае слова было набранае капслокам) вашае дзіця.

Пакуль я складала каштарыс, Аляксандра задала слушнае пытанне: каму мы будзем дарыць кветкі, і колькі букетаў трэба, а яшчэ – што мы будзем дарыць першакласнікам.

– Усім настаўнікам і не толькі, – адказала мама з бацькоўскага камітэта. – А падарункі першакласнікам могуць быць сімвалічнымі. Напрыклад, кнігі.

Тым часам я склала каштарыс. Атрымалася, на кветкі на апошні званок усім настаўнікам і дырэктару досыць 230 рублёў. Гэта значыць бацькам можна скінуцца 5 рублёў кожны.

Мамы з бацькоўскага камітэта запярэчылі. Яны паведамілі, што кветкі трэба дарыць і гасцям лінейкі – супрацоўнікам райвыканкама і міліцыі.

– Ім вельмі патрэбныя нашы кветкі? – спытала Аляксандра.

– Не мяркую патрэбным здаваць грошы на кветкі ідэолагам і міліцыянтам, – дадала я.

– У самадзейнасці накшталт упрыгожання школы і да таго падобнага я не ўдзельнічаю, – напісала Аляксандра.

У адказ мама з бацькоўскага камітэта спаслалася на досвед выпуску гэтага года – бацькі здавалі 100 рублёў. Высветлілася, у многіх школах збіраюць грошы на выпускны за год – здаюць грошы часткамі, таму што для многіх 200–300 даляраў – непад'ёмная сума. У бюджэт уключаны не толькі рэстаран, але і падарункі школе, класнаму кіраўніку і кветкі на апошні званок і выпускны.

– Кожны разлічвае на свае прыбыткі, – заўважыла Аляксандра. – Так можна скінуцца і на яхту на Менскім моры – світанак сустракаць.

І праўда ж, калі сабраць з бацькоў двух класаў 100 рублёў на кветкі настаўнікам, атрымаецца сума, эквівалентная 2000 еўраў. Гэтых грошай хопіць на заказ лімузіна і ансамбля песні і танца. І яшчэ на рэстаран застанецца!

Што гэта? Жаданне не ўдарыць тварам у бруд і паказаць, што мы можам зладзіць сваім дзецям выпускны ў стылі дорага-багата? Каб не горш, чым у іншых! Ці проста няўменне лічыць грошы? Як прызнаўся ў размове тата выпускніцы гэтага года, ён не ўнікаў, куды пойдуць грошы на выпускны, таму што ў яго няма часу гэтым займацца: прасцей здаць энную суму і забыць.

Гісторыя з падрыхтоўкай да выпускнога яшчэ не скончаная: бацькі дамовіліся развязаць спрэчныя пытанні на сходзе. Мяне здзіўляе ў гэтай сітуацыі толькі адно: як людзі, якія жывуць у райцэнтры з сярэднім заробкам (паводле звестак Белстата) 800 рублёў (хтосьці зарабляе ў два разы менш), могуць аддаваць на кветкі настаўнікам 50 даляраў?

І гэта яшчэ кветачкі! Што ж мы ўбачым на выпускным? Учорашніх школьніцаў у сукенках ад Valentino і набытых у крэдыт брэндавых чаравічках? І гэта ў горадзе, дзе сэканд-хэндаў хутка стане больш, чым крамаў адзення.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках