26 красавiка 2024, Пятніца, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Законапраект ЗША абавяжа сабраць звесткі пра ўсіх удзельнікаў «Паўночнага струменю-2»

1
Законапраект ЗША абавяжа сабраць звесткі пра ўсіх удзельнікаў «Паўночнага струменю-2»

Дакумент прапануе ўводзіць санкцыі супраць замежных кампаній.

14 траўня амерыканскія сенатары Тэд Круз, Джон Бараса, Том Котан (рэспубліканцы) і Джын Шэйхін (дэмакрат) унеслі ў сенат законапраект «Аб абароне энэргетычнай бяспекі Еўропы 2019 года» – супраць будаўніцтва газаправода Nord Stream 2 («Паўночны струмень-2»), узначаленага «Газпрамам». А 21 траўня міністр энэргетыкі ЗША Рык Пэры выказаў здагадку ў Кіеве, што «ў недалёкай будучыні кангрэс накіруе падобны законапраект на подпіс прэзідэнту ЗША».

РБК вывучыў тэкст законапраекта (яшчэ не размешчаны ў афіцыйнай базе кангрэса ЗША, але апублікаваны на сайце сената). Дакумент перш за ўсё прапануе ўводзіць санкцыі супраць замежных кампаній, якія прапануюць свае спецыялізаваныя судны для кладкі трубаў Nord Stream 2 у Балтыйскім моры.

Якія гэта санкцыі

Санкцыі будуць уводзіцца, калі судна ўкладвае трубы на глыбіні ад 100 футаў (прыкладна 30,5 м) ніжэй за ўзровень мора. Яны будуць распаўсюджвацца на кампаніі, чые судны вядуць такую дзейнасць з дня пачатку дзеяння законапраекта.

Патэнцыйныя санкцыі супраць уладальнікаў марскіх судоў для будаўніцтва Nord Stream 2 уключаюць самыя жорсткія з магчымых абмежаванняў – блакаванне актываў і аперацый гэтых кампаній у юрысдыкцыі ЗША. А мэнэджарам і асноўным акцыянерам гэтых кампаній будзе забаронены ўезд у ЗША.

Дадаткова прэзідэнт ЗША будзе мець права ўвесці санкцыі супраць кампаній, якія прапануюць страхавыя або перастраховачныя паслугі для судоў, што пракладваюць трубы «Паўночнага струменю-2» на забароненых глыбінях.

«Асабістае меркаванне»

Міністр энэргетыкі ЗША 21 траўня зрабіў прагноз, што кангрэс ухваліць законапраект пра санкцыі супраць Nord Stream 2, але пазней ягоная прэс-сакратарка ўдакладніла, што «гэта асабістая думка міністра». Пэры не сказаў, пра які законапраект кажа, і ўвогуле міністры адміністрацыі звычайна не выказваюцца пра такія працэдуры ў кангрэсе.

Цяпер у кангрэсе акрамя гэтага законапраекта знаходзяцца і іншыя, накіраваныя супраць Nord Stream 2. Напрыклад, законапраект чальца палаты прадстаўнікоў Дэні Хека, але ягоны дакумент толькі абавяжа Дзярждэпартамэнт і Нацыянальную выведку ЗША дакладваць кангрэсу пра «дыпламатычныя намаганні» ў прыпыненні праекта і пра ягоныя наступствы для нацыянальных інтарэсаў ЗША, Еўропы і Украіны. 22 траўня камітэт Палаты прадстаўнікоў у замежных справах пагадзіўся разгледзець законапраект Хека.

Пад магчымымі санкцыямі амаль увесь газаправод

Цяперашняя версія законапраекта аб санкцыях супраць трубаўкладнікаў пакрывае больш за 90% маршруту «Паўночнага струменю-2», вынікае з матэрыялаў аператара праекта Nord Stream 2 пра глыбінны профіль трубаправода. Пераважная большасць трубаў пракладваецца на глыбінях большых за 30 м. Такім чынам, сенатары заведама ўзялі парог у глыбіні так, каб падвесці пад санкцыі пераважную большасць працаў ва ўкладцы трубаў.

Прадстаўнік Nord Stream 2 паведаміў РБК, што сярэдняя глыбіня будоўлі газаправоду – 50 м (самыя глыбокія месцы – больш за 200 м, самыя плыткія – 5 м).

Законапраект не ўтрымлівае «дзядулевай агаворкі», гэта значыць нават калі кампанія пачала ўкладваць трубы на нейкім адрэзку ў рамках існага кантракта да дзеяння закона, яна павінна спыніць гэтыя працы.

Nord Stream 2 ужо праклаў блізу 53% усяго газаправода ў дзвюх нітках, або 1290 з 2460 км агульнай даўжыні (дзве паралельныя ніткі 1230 км), паведамляў «Газпрам» 21 траўня. Працы ва ўкладцы трубаў вядуцца кругласутачна, практычна без перапынкаў, з хуткасцю 3 км за дзень (гэта значыць 6 км за дзень у дзвюх ніткам), кажуць у Nord Stream 2.

Зыходзячы з гэтых тэмпаў газаправод якраз павінен быць цалкам выкладзены да канца 2019 – пачатку 2020 года.

Хто прапануе судны

Судны для будаўніцтва Nord Stream 2 прапануюць тры кампаніі – швейцарская Allseas, італьянская Saipem і расейская МРТС («Межрегионтрубопроводстрой»). На дзель трох трубаўкладнікаў Allseas прыпадзе 96% ад агульнай даўжыні двухніткавага газаправода. Адно з яе суднаў, Solitaire, таксама ўкладвае трубы ў расейскіх водах. Кожнае такое судна ў сутнасці ўяўляе з сябе плыўны завод.

Allseas валодае ўнікальным досведам працы на падобных праектах, і яе страта ў выпадку ўвядзення санкцый будзе адчувальная для «Паўночнага струменю-2», кажа дырэктар у даследаваннях Vygon Consulting Марыя Бялова.

У самой кампаніі Allseas РБК заявілі, што абіраюць «не разважаць пра патэнцыйныя эфекты прапанаваных санкцыяў».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках