26 красавiка 2024, Пятніца, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вакол завода ўтвараецца «рыжы луг» – імкліва засыхае і выгарае трава»

28
«Вакол завода ўтвараецца «рыжы луг» – імкліва засыхае і выгарае трава»
ФОТА: B-G.BY

Тры тыдні «пусканаладачных працаў» акумулятарнага завода пад Берасцем ужо адбіліся на экалогіі. 

Удзень 26 траўня на плошчы Леніна ў Берасці прайшло традыцыйнае кармленне галубоў на знак пратэсту супраць акумулятарнага завода побач з горадам. Як заўсёды, за тымі, хто сабраўся, сачылі супрацоўнікі міліцыі ў форме і цывільным, вялася відэаздымка, піша «Брестская газета».

На плошчы збіралі подпісы пад зваротам да старшыняў Берасцейскага аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама з нагоды кантролю за дзейнасцю прадпрыемства падчас пусканаладачных працаў. Аўтары звароту, сярод іншага, просяць у тэрміновым парадку разгледзець пытанне пра стварэнне лабараторыі, якая «ў любы час сутак зможа трапіць на тэрыторыю прадпрыемства для прадухілення незваротных наступстваў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый».

Подпісы збіралі і пад зваротам да Лукашэнкі з прапановай перапрафіляваць акумулятарны завод пад іншы від дзейнасці. У пабудаваныя корпусы берасцейцы і жыхары раёна прапануюць перанесці ўчастак ліцця СП ААТ «Брэстгазаапарат» або цэха электралямпавага завода.

«Мы не супраць акумулятарнага завода на тэрыторыі нашай краіны, мы супраць яго знаходжання на тэрыторыі, непасрэдна прылеглай да жылых дамоў. <...> Просім пазначыць тэрыторыю, на якой будзе размяшчацца гэты завод, тэрыторыяй СЭЗ, каб прадпрыемства захавала льготы і прэферэнцыі СЭЗ», – гаворыцца ў звароце да правадыра.

ФОТА: B-G.BYy

Як ужо паведамлялася, з 3 траўня каля прадпрыемства арганізаваная кругласутачная варта – барацьбіты за экалогію знаходзяцца побач з прадпрыемствам і здымаюць на фота і відэа тое, што яны ўважаюць парушэннямі. Яны сцвярджаюць, што каля завода перыядычна адчуваецца непрыемны хімічны пах, а літаральна на днях звярнулі ўвагу на траву.

«Вакол завода ўтвараецца “рыжы луг” – імкліва засыхае і выгарае трава. Звычайная лугавая трава, якую дачнікі пестыцыдамі вывесці не могуць, ссохлая і сохне ў траўні, усяго за тры тыдні “пусканаладачных працаў”», – кажуць актывісты.

Падчас кармлення галубоў блогер Сяргей Пятрухін уручыў супрацоўнікам міліцыі заявы, у якіх папрасіў міліцыянтаў заняцца пошукам і змушэннем да адказнасці тых, хто сапраўды парушае закон і пакідае надпісы на сценах пад'ездаў і г. д.

ФОТА: B-G.BY

Нагадаем, першапачаткова запуск завода быў запланаваны на жнівень 2018 года, потым на канец года. У лютым 2019 года падчас прэс-туру на завод журналістам паведамілі, што першую партыю прадукцыі на заводзе выпусцяць у сакавіку гэтага года. У красавіку выйшла доследная партыя акумулятараў.

Будаўніцтва акумулятарнага завода на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст» пачалося ў канцы 2017 года. А з пачатку 2018 года ў Берасці і раёне не сціхае пратэставая кампанія – многія жыхары заяўляюць, што прадпрыемства будуецца з парушэннямі і будзе шкодным для экалогіі і здароўя людзей. Пачынаючы з 4 сакавіка мінулага года на плошчы Леніна ў Берасці праціўнікі будаўніцтва завода кормяць галубоў і тым самым выказваюць свой пратэст.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках