26 красавiка 2024, Пятніца, 15:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць галоўных высноў аб выбарах у Еўрапарламент

1
Пяць галоўных высноў аб выбарах у Еўрапарламент

Актыўнасць еўрапейцаў на выбарах перасягнула чаканні.

«Новое время» распавядае аб самых важных выніках гэтых выбараў.

1. Упершыню за 40 гадоў саюз дзвюх цэнтрысцкіх партый ЕЗ губляе большасць

Дзве найбуйнейшыя партыі Еўразвязу - Еўрапейская народная партыя (ЕНП) і прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў — пасля выбараў атрымаюць недастаткова мандатаў, каб самастойна сфармаваць большасць у Еўрапарламенце. З 751 месца гэтым дзвюм сілам дастанецца 321, паводле папярэдніх звестак, тады як раней яны мелі 457 мандатаў.

Цяпер для стварэння кааліцыі ім будзе неабходна прыцягнуць іншыя палітычныя сілы, абраныя ў Еўрапарламент.

Еўрапейская народная партыя застанецца найбуйнейшай дэпутацкай групай у парламенце Еўразвязу

Магчымасць вызначаць курс ЕЗ хаўрус праеўрапейскіх права-і левацэнтрыстаў страціў упершыню за 40 гадоў - з 1979 года, калі прайшлі першыя выбары ў Еўрапарламент.

Пры гэтым ЕНП застанецца найбуйнейшай дэпутацкай групай у парламенце Еўразвязу, аднак замест 221 мандата цяпер будзе мець 179, паводле першых ацэнак. Менавіта гэтую партыю прадстаўляў прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, які сыходзіць са сваёй пасады.

Найбліжэйшым часам лідары 28 краін ЕЗ прапануюць на зацвярджэнне Еўрапарламенту кандыдатуру ягонага пераемніка — яе вызначаць з улікам вынікаў выбараў.

2. Галоўнымі трыумфатарамі выбараў сталі «Зялёныя» і лібералы Макрона

Менавіта гэтыя два палітычныя крылы могуць увайсці ў абноўленую праеўрапейскую кааліцыю ў Еўрапарламенце.

Поспех «Зялёных» стаў адным з галоўных сюрпрызаў выбараў. Самы ўражальны вынік яны паказалі ў Нямеччыне, якая дэлегуе ў Еўрапарламент найбольшае прадстаўніцтва з усіх дзяржаў ЕЗ (96 выбраннікаў).

У Нямеччыне «Зялёныя» занялі другое месца і сабралі блізу траціны галасоў маладых выбаршчыкаў - гэта іх найлепшы вынік у гісторыі на ўзроўні краіны. Яны атрымалі 21% галасоў, што ўдвая вышэй за паказчык на мінулых выбарах.

«Зялёныя» абышлі кансерватараў у Брытаніі ды здолелі нарасціць падтрымку ў многіх іншых краінах ЕЗ, што дапаможа ім павялічыць сваю дэпутацкую групу ў Еўрапарламенце. Замест цяперашніх 52 месцаў група «Зялёныя»/«Еўрапейскі свабодны альянс» атрымае прыкладна 68.

Істотна наросціць сваю прысутнасць і Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу — 107 мандатаў замест 68. Гэты рух еўрапейскіх лібералаў, да якога далучылася партыя французскага прэзідэнта Эмануэля Макрона «Наперад, рэспубліка!»

Яшчэ да выбараў аналітыкі прагназавалі, што менавіта ад выніку еўрапейскіх лібералаў будзе залежаць поспех асабістага імкнення Макрона стаць найбольш уплывовай фігурай сярод лідараў ЕЗ і правадніком праеўрапейскага курсу.

3. Еўраскептыкі і нацыяналісты атрымалі лакальныя перамогі, але не атрымалі «залатую акцыю» ў ЕЗ

І ўсё ж поспех Макрона стаўся толькі частковым. У самой Францыі ягоная партыя саступіла галоўнаму апаненту - нацыяналістычнай партыі Марын Ле Пэн нацыянальнае аб'яднанне (былы Нацыянальны фронт).

Палітсіла Ле Пэн перасягнула Макрона ўсяго на 1% (23,5% супраць 22,5% у партыі Макрона), аднак гэтая перамога стала сімвалічным прадаўжэннем агульнаеўрапейскага ўздыму правых і антысістэмных сіл.

Нашмат больш упэўнены вынік атрымалі ўльтраправыя Вугоршчыны - кіроўная партыя «Фідэс» прэм'ера Віктара Орбана здабыла больш за 52% галасоў.

Праціўнікі еўрапейскай інтэграцыі перамаглі таксама ў Вялікай Брытаніі - звыш 30% у новастворанай партыі Brexit.

Першымі прыйшлі да фінішу і італійскія еўраскептыкі з Лігі поўначы (іх лідар Матэа Сальвіні ўзначальвае МУС Італіі) - за іх прагаласаваў кожны трэці выбаршчык краіны.

Аднак агульны вынік правых, еўраскептыкаў і папулістаў на выбарах у Еўрапарламент больш сціплы, чым асцерагаліся аналітыкі. Іх лакальныя перамогі дазволяць павялічыць колькасць адпаведных дэпутацкіх груп у парламенце ЕЗ, аднак наўрад ці дадуць магчымасць разлічваць на ўключэнне ў кааліцыю.

Кіраўнік найбуйнейшай групы ЕНП Манфрэд Вебер ужо заявіў, што гатовы весці перамовы аб стварэнні большасці з «Зялёнымі» і «Альянсам лібералаў і дэмакратаў», аднак не мае намеру супрацоўнічаць з вельмі правымі сіламі.

«[Чаканы] «бум» еўраскептыкаў-папулістаў так і не адбыўся, хоць яны на шляху да таго, каб патрапіць у Еўрапарламент у большай колькасці, чым калі-небудзь раней», — піша брытанская The Guardian.

Чытайце таксама: палітычны вундэркінд з Баварыі. Што вядома аб Манфрэдзе Веберы - галоўным прэтэндэнце на пасаду кіраўніка Еўракамісіі

4. Кіроўныя партыі ў топ-дзяржавах ЕЗ губляюць падтрымку

Зыход цяперашніх выбараў у Еўрапарламент стаў трывожнай падставай для многіх кіроўных і традыцыйных партый у некалькіх уплывовых дзяржавах Еўразвязу.

Брытанскія кансерватары, якія фармавалі ўрад Тэрэзы Мэй, занялі толькі пятае месца

Гаворка ідзе перш за ўсё пра Нямеччыну, дзе кіроўны Хрысціянска-дэмакратычны саюз Ангелы Мэркель скараціў вынік да 29% (замест 35,3% у 2014 годзе). А сацыял-дэмакратычная партыя, некалі адна з вядучых у краіне, прадэманстравала свой найгоршы вынік у гісторыі агульнаеўрапейскіх выбараў - усяго трэцяе месца і 15,5% галасоў (27,3% пяць гадоў таму).

Брытанскія кансерватары, якія фармавалі адыходзячы ўрад Тэрэзы Мэй, занялі толькі пятае месца з 8,7% галасоў. Маласуцяшальнае трэцяе месца і ў лейбарыстаў, якія прапусцілі наперад партыю Brexit і партыю ліберал-дэмакратаў, якая дамагаецца захавання сяброўства Брытаніі ў ЕЗ.

Другое месца партыі Макрона ў Францыі, хай і з 1% разрывам, стала сімвалічным вынікам шматмесячных пратэстаў «жоўтых камізэлек» ва ўсёй краіне

Нават у Грэцыі кіроўная «Сірыза» саступіла кансерватыўнай палітсіле «Новая дэмакратыя», пасля чаго прэм'ер-міністр краіны Алексіс Цыпрас заявіў аб неабходнасці правесці датэрміновыя выбары.

Чытайце таксама: пасля паразы на выбарах у Еўрапарламент прэм'ер Грэцыі выступіў за роспуск парламента краіны

5. Актыўнасць еўрапейцаў на выбарах перасягнула чаканні

У апошнія гады прыход выбаршчыкаў на еўрапейскіх выбарах зніжаўся з года ў год — за выключэннем тых нямногіх краін, дзе удзел у такім галасаванні абавязкова (Бельгія, Люксембург, Грэцыя, Кіпр і Балгарыя).

На выбарах у Еўрапарламент у 2014 годзе прыход склаў усяго 42,61%, аднак на цяперашніх выбарах падняўся да ўзроўню 51-52% - найвышэйшага паказчыка за апошнія 20 гадоў.

У Нямеччыне на ўчасткі прыйшлі звыш 60% выбаршчыкаў - рэкорд з моманту аб'яднання краіны, адзначае DW. У Гішпаніі прыход склаў больш за 49% (у 2014 годзе — толькі 34%).

Яшчэ адзін рэкорд быў зафіксаваны ў Польшчы, дзе гэтым разам прагаласавалі 43% выбаршчыкаў, хоць пяць гадоў таму выбіраць еўрадэпутатаў прыйшлі толькі 23%.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках