8 чэрвеня Станіслаў Шушкевіч прэзентуе кнігу «Маё жыццё, крах і ўваскрашэнне СССР. Праз 25 гадоў»
4- 29.05.2019, 21:23
- 12,862
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ
Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў Менску.
Пра гэта паведамляе «БП».
- Гэтая кніга адсоткаў на 80 паўтарае ранейшае выданне, з новага там - усё, што было 25 гадоў праз, - распавядае Станіслаў Станіслававіч. - Але паколькі папярэдняя кніга выйшла малым накладам, надумаў паўтарыць. У прынцыпе, і ў гэтага выдання таксама невялікі наклад - пакуль надрукавалі усяго 1 000 асобнікаў.
- А ранейшая кніга як разышлася?
- Імгненна! Для Масквы быў надрукаваны наклад 2 500 тысячы асобнікаў, але ўжо праз два дні кнігі не было ў продажы.
Літоўскі, беларускі і польскі варыянты таксама хутка вельмі разышліся. У Польшчы мяне напаткала няўдача - там у «Газеце выборчай» павінна была прайсці прэзентацыя, мы хацелі дадрукаваць тыраж, але ў мяне было вельмі дрэнна з сэрцам, і прэзентацыю давялося скасаваць.
А гэтым разам мая партыйная моладзь надумала зрабіць прэзентацыю маёй кнігі ў Менску. Мяне запрасілі, і я з задавальненнем пайду. Я маю што сказаць!
Пры выданні паўстала шмат складанасцяў. Я рабіў тэкст для ангельскага выдання, але фірма, якая замовіла рэдагаванне перакладу, раскідалася...
Адзін выдавец мне адкрытым тэкстам сказаў: калі я выдам вашу кнігу, то гэта будзе апошняя кніга, выпушчаная маім выдавецтвам.
- А дзе вы надрукавалі гэтую кнігу?
- Ва Украіне. Мне ў Беларусі сваю кнігу выдаць немагчыма. Не выключаю, што нават да тых, хто будзе яе прадаваць, таксама могуць узнікнуць пытанні.
- Колькі каштуе кніга?
- Наогул, я хацеў бы, каб яна прадавалася па 20 рублёў. Але калі яе аддалі ў адную краму, там паставілі большую нацэнку, і кошт атрымаўся 36 рублёў. Хто яе за такія грошы будзе купляць? У тых, каму мая кніга можа быць цікавая, лішніх трыццаці шасці рублёў няма.
У мяне, дарэчы, ужо прайшло ў Менску некалькі прэзентацый новай кнігі. Але гэта быў больш карпаратыўны фармат.
- 8 чэрвеня можна будзе купіць кнігу і атрымаць ваш аўтограф?
- Думаю так.
- Уваход бясплатны?
- Вядома! Толькі ў Японіі ў 2007 годзе на мае лекцыі прадавалі квіткі. Я прачытаў сем публічных лекцый, на кожнай з якіх прысутнічала больш за тысячу чалавек.
Мэнэджар мне пасля кожнай лекцыі выплачваў ганарар. Гэта была проста фантастычная сума! Але грошы я хутка выдаткаваў - на аўтамабілі. Купіў сабе - «Нісан», а жонцы - «Мазду».
Дарэчы, лекары мне нядаўна забаранілі ездзіць за стырном. Здароўе ўжо не тое. Ды і цяпер вось з холтэрам сяджу.
- Добра, хоць не ў шпіталі!
- Мне не хацелася б трапіць у лякарню. Рэч у тым, што 5 чэрвеня лячу ва Уроцлаў - уручаць прэмію былому прэзідэнту Нямеччыны Ёахіму Гаўку, майму старому знаёмаму. Ён, дарэчы, таксама герой маёй кніжкі. Я з ім пазнаёміўся раней, чым ён стаў прэзідэнтам!
Вось цяпер думаю, як яму кнігу прывезці...
Прэзентацыя кнігі «Маё жыццё, крах і ўваскрашэнне СССР. Праз 25 гадоў »
адбудзецца 8 чэрвеня 2019 года ў Event-прасторы 210 метраў у г. Менску, вуліца Чапаева д.3 (уваход са двара па сходах) з 11.00 да 14.00.
Зарэгістравацца на мерапрыемства можна тут.