27 красавiка 2024, Субота, 7:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Навумчык: Сваю ахову Лукашэнка набіраў у Расеі

32
Сяргей Навумчык: Сваю ахову Лукашэнка набіраў у Расеі
Сяргей Навумчык

У галаве ў іх «рускі свет».

Пра гэта «Белсату» заявіў дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання, журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Навумчык.

- Вы напісалі ў «Фэйсбуку» ў каментарах: «З 1994 у Лукашэнкі ахова фармавалася з грамадзян РФ, кіраўнікамі КДБ былі грамадзяне РФ, гэта было татальна, і наяўнасць рускай нацыянальнасці была ў кадравых пытаннях вялікай перавагай. Уласна ў апараце былога Саўміна (затым – Кабінет міністраў) беларусы замяняліся не проста расейцамі, а менавіта грамадзянамі РФ».

Ці можна расказаць пра гэта больш падрабязна?

- Пасля таго, як Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам у 1994 годзе, на пасаду старшыні КДБ быў прызначаны Уладзімір Ягораў, а міністраў унутраных спраў – Юрый Захаранка. Гэтыя прызначэнні праводзіліся праз наш Вярхоўны Савет, і большасць дэпутатаў за гэта прагаласавала.

Мы ведалі гэтых людзей, гэта былі грамадзяне Беларусі. Але потым пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. Пачалі з'яўляцца нейкія асобы, якія ніякім чынам дачынення да Беларусі не мелі.

І адзін вельмі высокапастаўлены чалавек у тагачаснай адміністрацыі Лукашэнкі (не хачу называць ягонае прозвішча, каб не ствараць яму праблем) сказаў мне, што набіраюцца людзі ў службу аховы Лукашэнкі і ствараюцца структуры і спецслужбы, не падкантрольныя Вярхоўнаму Савету. І гэта быў зусім не КДБ, а іншыя структуры, куды набіраліся ў тым ліку і грамадзяне Расеі. І наяўнасць расейскага паходжання было вялікім плюсам.

Я адразу хачу сказаць, што тут мы павінны падзяляць. Калі чалавек, расеец па нацыянальнасці, прыехаў з Расеі, атрымаў беларускае грамадзянства і стаў беларускім патрыётам – гэта адно. Так, самы вялікі «пясняр» нашага часу Уладзімір Мулявін нарадзіўся на Урале. Ён быў расейцам, але тым не менш - гэта наш выдатны дзеяч культуры.

Але зусім іншае - тыя людзі, якія пачалі кіраваць спецслужбамі і якія да ўсяго беларускага і нашай нацыянальнай ідэі ставіліся з нянавісцю.

Памятаю гэты знакаміты эпізод збіцця дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, калі некаторыя мае калегі, у тым ліку Мікалай Крыжаноўскі, спрабавалі звяртацца да тых людзей, якія нас білі, расцягвалі і выносілі з Авальнай залы. Было такое ўражанне, што гэтыя людзі проста не разумелі значэння беларускіх слоў.

А другі момант: паглядзіце на біяграфіі тых, хто да зусім нядаўняга часу кіраваў КДБ і сілавымі структурамі.

Калі мы возьмем Міністэрства абароны, то гэта запар выпускнікі расейскіх вайсковых вучэльняў або вайсковых акадэмій. Калі мы возьмем іншыя структуры, то тут у нас наогул быў парадокс: Міністэрствам замежных спраў кіраваў Іван Іванавіч Антановіч, расейскі грамадзянін. Калі быў прыняты закон аб грамадзянстве, ён не жыў у Менску і не атрымліваў беларускага грамадзянства. Ён, як мінімум, захоўваў расейскае грамадзянства.

Паглядзіце, куды паехалі пасля заканчэння свайго гераічнага баявога шляху некаторыя старшыні КДБ. Яны паехалі ў Маскву і добра там уладкаваліся. За якія заслугі яны там былі прынятыя?

Пачнём з першага кіраўніка КДБ у незалежнай Беларусі генерал-палкоўніка Эдуарда Шаркоўскага, які кляўся, што ён нібыта патрыёт Беларусі. Не магу сказаць, што ў нас з ім былі ідэальныя стасункі, але, калі мы прымалі закон аб КДБ, было пэўнае супрацоўніцтва, мы знаходзілі агульную мову, але ў выніку ён з'ехаў дажываць свой век у Расею.

Ёсць меркаванне, што такія кадры «падсоўвалі» Лукашэнку...падсоўвалі-не падсоўвалі, але ў прынцыпе Лукашэнка сам адбіраў кадры. Лукашэнка не настолькі наіўны чалавек, якому можна нешта «падсунуць».

Чаго-чаго, а наіўнасці ў яго як раз жа і няма: ён сам фармаваў сабе каманду, ён сам набіраў гэтых людзей, ён сам выціскаў беларусаў з пазіцый у сілавых структурах.

Цяпер, калі ён апамятаўся і хоча бачыць Беларусь незалежнай (я мала ў гэта веру, але магу такое дапусціць), ён стаў закладнікам гэтай сваёй пазіцыі (у падборы расейскіх кадраў – рэд.).

Другая вялікая праблема, калі казаць аб спецслужбах – гэта адсутнасць парламенцкага кантролю над імі.

У наш час, калі я быў дэпутатам напачатку 90-х, былі нейкія элементы парламенцкага кантролю, хоць да ідэалу было далёка.

Цяпер парламенцкага кантролю няма, а такі кантроль, кантроль грамадства над спецслужбамі, як гэта ні парадаксальна - ён у першую чаргу ў інтарэсах саміх афіцэраў КДБ. Я маю на ўвазе афіцэраў малодшага і сярэдняга звяна. Бо тады ўсіх гэтых старлеяў, маёраў, палкоўнікаў генералы не будуць пасылаць на нейкія незаконныя аперацыі. Яны не будуць лавіць апазіцыю за бел-чырвона-белыя сцягі і беларускую мову, не будуць сачыць за апазіцыянерамі.

Яны будуць займацца тым, чым і павінна займацца ўсякая нармальная спецслужба: гэта адсочванне праяў тэрарызму і абарона незалежнасці краіны.

Пра якую абарону незалежнасці нашай краіны можна казаць, калі яшчэ нядаўна ў КДБ і спецслужбах былі людзі, якія ставілі пад сумнеў гэтую незалежнасць і выступалі за палітычны саюз і аб'яднанне з Расеяй.

- У святле гэтых фактаў як вы ацэньваеце затрыманне і звальненне Андрэя Уцюрына і агучаную «Расбалтам» версію пра тое, што ён зліваў інфармацыю расейскай ФСБ?

- Мне цяжка гэта ацэньваць. Для мяне адназначна, што калі чалавек не прызнаны судом вінаватым, то ён і невінаваты. Для мяне дзейнічае абсалютная прэзумпцыя невінаватасці, у чым бы гэтага Уцюрына не абвінавачвалі.

У шырокім сэнсе я хачу нагадаць, што паміж КДБ Беларусі і ФСБ Расеі даўным-даўно падпісаныя цэлыя пакеты пагадненняў аб недапушчальнасці нейкіх узаемных дзеянняў на тэрыторыі адной і іншай краіны, аб недапушчальнасці нейкай выведкі. Мы ведаем, што ў іх наладжанае цеснае супрацоўніцтва. Таму вінаваціць кагосьці ў асобным «супрацоўніцтве» - гэта проста камічна. Дзесяцігоддзямі гэта братэрства па зброі ўмацоўвалася. Так што гэта проста дзіўна.

А вось што абсалютна адназначна - дык гэта тое, што беларускія спецслужбы павінны мець цывілізаваны характар.

Я хачу зноў успомніць пачатак 90-х, афіцэраў КДБ і ахоўнікаў спікера парламента Станіслава Шушкевіча. Іх было 5 ці 6 чалавек. Гэта былі маладыя хлопцы, сапраўды адданыя Беларусі і яе незалежнасці. Я думаю, што ўсе яны ўжо на пенсіі, і я ім цяпер кар'еры не сапсую. Тады, я думаю, КДБ Беларусі развівалася да цывілізаванай мадэлі спецслужбы.

На вялікі жаль, з 1994 года мы назіраем супрацьлеглы працэс. Але хачу сказаць, што пачынаць трэба не са спецслужбаў: трэба аднавіць канстытуцыйнасць у Беларусі, аднавіць заканадаўчыя і кантрольныя функцыі парламента, свабодныя выбары.

А калі ўжо сапраўды Лукашэнка хоча бачыць Беларусь незалежнай, то гэта немагчымае без вяртання таго, што ён у народа скраў. Без вяртання «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўных сімвалаў, без вяртання статусу беларускай мовы ў якасці адзінай дзяржаўнай.

Таму што, падкрэсліваю, абараняюць незалежнасць не танкі. Абараняюць незалежнасць людзі. І калі ў людзей, у спецслужбаў, у войска ў галаве - «расейскі свет», то яны здадуць і Беларусь, і каго заўгодна на «раз-два».

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках