26 чэрвеня 2019, Серада, 9:55
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Расейцы могуць даціснуць Лукашэнку ў кожны момант

20
Мапа: freeworldmaps.net

У Беларусі цяпер вызначаецца лёс усёй Еўропы.

За апошні тыдзень у Беларусі адбыліся дзве важныя падзеі.

КДБ арыштаваў намесніка кіраўніка Рады Бяспекі і былога начальніка аховы Лукашэнкі Андрэя Уцюрына, які напярэдадні быў звольнены з пасады ўказам дыктатара. Гэта стала першым за гісторыю кіравання Лукашэнкі затрыманнем сілавіка такога высокага рангу.

Амаль адначасова з Беларусі загадам Пуціна быў адкліканы амбасадар і прадстаўнік прэзідэнта РФ Міхаіл Бабіч, а на замену яму амбасадарам у Менску быў прызначаны Дзмітрый Мезенцаў. Некаторыя СМІ паведамілі, што пастанова была прынятая Пуціным на просьбу Лукашэнкі на саміце ў Пекіне.

Што насамрэч адбываецца ў вышэйшых эшалонах улады Беларусі і як паміж сабой могуць быць звязаныя гэтыя падзеі?

На пытанні Charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка:

- Гэтыя падзеі гавораць пра тое, што рэжым Лукашэнкі хістаецца. Прычын для гэтага вельмі шмат-і эканамічных, і палітычных, і псіхалагічных (можна сказаць нават-псіхічных) для самога дыктатара.

Тое, што паміж адстаўкай Бабіча і арыштам Уцюрына ёсць сувязь - гэта, на мой погляд, несумненна, усё гэта было агучанае ледзь не ў адзін дзень.

А галоўная прычына гэтага ланцугу падзей – у эканоміцы. Да прыкладу, ВУП Беларусі ў 2008 годзе быў 60 мільярдаў даляраў, а ў 2018 годзе – 59 мільярдаў. І гэта ён яшчэ вырас, бо паказчык падаў і да 45 мільярдаў. За 10 гадоў эканоміка толькі скурчылася. Гэта проста катастрофа.

Калі эканоміка расце, такіх падзей не адбываецца, а калі ўсё руйнуецца – гэта выліваецца ў такія дзеянні. І можна прагназаваць, што гэтыя вонкавыя і ўнутрыпалітычныя змены - усе гэтыя адстаўкі і арышты – далёка не апошнія.

- У расейскіх СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што Уцюрын быў звязаны з дзейнасцю расейскай ФСБ у Беларусі і, магчыма, рыхтаваў замах на Лукашэнку. Як вы гэта пракаментуеце?

- Дыму без агню не бывае. Расейскія спецслужбы, якія фактычна кіруюць у Крамлі, выдатна ведаюць аб становішчы спраў у Беларусі. Яны валодаюць інфармацыяй аб рэальным стане нашага ВУП, які, думаю, яшчэ горшы, чым афіцыйныя лічбы.

Таксама яны добра дасведчаныя аб «здольнасцях» беларускага дыктатара кіраваць краінай. Яны ведаюць, наколькі Лукашэнка непапулярны, і разумеюць, што ягонае магчымае вылучэнне на сёмы тэрмін на прэзідэнцкіх выбарах можа абярнуцца сацыяльным выбухам паводле аналогіі з Алжырам, Украінай ці Арменіяй.

Расейскія ўлады імкнуцца пазбегнуць гэтага неспрыяльнага для іх сцэнару і гатовыя выкарыстоўваць усе метады. Яны могуць даціснуць Лукашэнку ў кожны момант і даціснуць яго тады, калі гэта будзе ім неабходна.

Той жа Уцюрын - не адзіны прарасейскі сілавік высокага рангу ў Беларусі. Хіба Шуневіч, які ў форме НКВД пакланяецца царскаму гарадавому, з'яўляецца вялікім беларускім патрыётам? Або кіраўнік Генштаба ВС РБ Белаконеў - ён паводле біяграфіі абсалютная копія таго ж Уцюрына. Кіраўнік Савета Бяспекі Зась - таксама не з Беларусі, і яго нельга ўважаць за патрыёта нашай краіны.

Расейцы спрабуюць прадухіліць у Беларусі чарговую замежнапалітычную катастрофу для іх.

- Чаму на гэтым фоне Пуцін наважыў адклікаць Бабіча з Беларусі? Што такога мог паабяцаць яму ў Пекіне Лукашэнка наўзамен на гэтую пастанову?

- Гэта не мае ніякага значэння. Таму што расейцы, у адрозненне ад Захаду, дзейнічаюць у Беларусі сістэмна. Нядаўна быў апублікаваны даклад беларускага аналітыка Андрэя Елісеева, які паказаў, наколькі за апошнія некалькі гадоў расейцы паспяхова дзейнічалі ў плане інфармацыйнай вайны ў Беларусі, колькі было створана ў рэгіёнах Беларусі прарасейскіх сайтаў, як яны асвятляюць падзеі ў свеце і Расеі.

Тут Расея сапраўды робіць вельмі моцныя хады. Напрыклад «Спадарожнік Беларусь», інтэрнэт-партал, які з'яўляецца часткай інфармацыйнай гібрыднай вайны РФ, з'явіўся ў Беларусі зусім нядаўна. А сёння за месяц яго чытаюць больш за два мільёны беларускіх карыстальнікаў. Так, гэта за кошт масіраванай рэкламнай кампаніі і добрага фундавання, так, там не так шмат праглядаў на кожнага наведвальніка, але тым не менш гэта застаецца фактам. Пра дамінаванне расейскіх ТБ-каналаў у нашай краіне я нават не кажу.

І што ў гэтай сітуацыі робіць Захад? Ён фактычна знішчае беларускія незалежныя СМІ, пазбаўляючы фінансавання найбольш паспяховыя праекты, патрыятычныя сайты і медыі.

Адначасова мы бачым, колькі ў Беларусі за апошні час было створана няўрадавых прарасейскіх арганізацый, колькі моладзі адпраўлялася ў «праваслаўныя» ваенізаваныя лагеры - як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Расеі.

А што мы бачым з боку Захаду? Ідзе фінансавае ўдушэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, спыненне дапамогі пад лозунгам: «Сядзіце ціха, не разгойдваць лодку, Лукашэнка – гарант беларускай незалежнасці».

Але мы бачым, што не Лукашэнка сёння кіруе Беларуссю, а ягоныя сілавікі, якія з'яўляюцца агрэсіўнымі прадстаўнікамі расейскага свету. Менавіта Макей, Уцюрын і Шуневіч кіравалі пагромам плошчы ў 2010 годзе і масавымі рэпрэсіямі і катаваннямі ў дачыненні да апазіцыі, якія рушылі ўслед за гэтым. Са слоў шэф-рэдактара газеты «Наша Ніва» Андрэя Дынько, Уцюрын асабіста дапытваў арыштаваных у турме на вуліцы Акрэсціна пасля разгону Плошчы 2006 года.

Бабіча замянілі на Мезенцава...калі паглядзець ягоную біяграфію - гэта вельмі сур'ёзны спецыяліст па медыях, блізкі сябар і паплечнік Пуціна.

Што значыць спецыяліст па медыях у Расеі? Гэта значыць, спецыяліст у галіне інфармацыйнай вайны.

Бабіч, мяркуючы з ягоных паездак, кантактаў, сустрэч на дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах, зрабіў рэвізію расейскай эканамічнай маёмасці на тэрыторыі Беларусі. Пуцін незадаволены тым, як кіруюцца гэтыя прадпрыемствы. Нездарма беларускія ўлады называлі Бабіча «бухгалтарам». Ён і быў бухгалтарам і выканаў сваю справу, а цяпер можа адысці.

На нейкім этапе цяпер Расея будзе дзейнічаць у Беларусі больш ціха, але не менш сістэмна і не менш жорстка.

- Вы сказалі аб узмацненні інфармацыйнай вайны РФ супраць Беларусі. У цені гучнага арышту і адстаўкі амбасадара РФ Бабіча засталося малазаўважаным затрыманне кіраўніка «Белтэлекама» Сіваедава. Гэта можа быць звязанае з абмяркаваннем намі падзеяў?

- Напэўна, ёсць і такая сувязь. «Белтэлекам» з'яўляецца абсалютным манапалістам у Беларусі, але значная частка беларускага трафіку ідзе праз Расею.

І надзеі часткі беларускіх ІТ-спецыялістаў і людзей, якія маюць дастатак у эканамічных запаведніках Беларусі або дзякуючы бізнэс-супрацоўніцтву з уладай, на тое, што атрымаецца адседзецца, выглядаюць наіўнымі. Не атрымаецца: калі закон аб аўтаномным «Рунэце» ўвойдзе ў дзеянне, то гэта немінуча закране і Беларусь. Трэба аддаваць сабе ў гэтым справаздачу.

Паўтару: гэта не апошні арышт і не апошняя адстаўка ў Беларусі.

У кожны момант Пуцін, калі гэта стане яму выгадна, заменіць Лукашэнку. Проста расейцы разумеюць небяспеку рэзкіх рухаў у Беларусі. Яны ведаюць, што ў нас вельмі моцныя праеўрапейскія настроі. Ведаюць, што ў беларусаў вельмі трывалыя сувязі з украінскімі патрыётамі, з украінскімі добраахвотніцкімі батальёнамі. Акрамя таго, пасля вайны з Украінай галоўныя камунікацыі РФ з Захадам ідуць праз Беларусь, і дэстабілізацыя сітуацыі ў нашай краіне можа нанесці вельмі сур'ёзны ўдар па інтарэсах Крамля і па эканоміцы ўсёй Расеі.

Расейцы за Лукашэнкам і так робяць у Беларусі ўсё, што хочуць, а нейкія рэзкія змены могуць адбыцца тады, калі расейскія генералы наважацца нанесці канчатковы ўдар не толькі па Беларусі, а адначасова па краінах Балтыі і Украіне. Пуцінскі генштаб проста рыхтуе для гэтага гарантаваную сітуацыю.

- Якія высновы могуць быць зробленыя патрыятычнымі сіламі ў Беларусі ў сувязі з апошнімі падзеямі?

- Па-першае, трэба ўсвядоміць усю сур'ёзнасць цяперашняй сітуацыі. Многім беларускім патрыётам, якія сёння тлумачаць сваю пасіўнасць тым, што «не трэба змагацца з Лукашэнкам, інакш прыйдуць расейцы», трэба разумець, што яны прыйдуць, калі беларусы не будуць дэманстраваць сваю сілу. У выпадку поўнай анэксіі многія «канструктыўныя» апазіцыянеры могуць проста адправіцца ў Сібір або мардоўскія лагеры - гэтак жа, як сёння туды адпраўляюць крымска-татарскіх і ўкраінскіх патрыётаў з акупаванага Крыма. А можа дайсці і да фізічнага знішчэння, як у «ЛНР» і «ДНР». У першую чаргу будуць знішчаць культурную эліту. І калі за цяперашняй уладай яна яшчэ неяк выжывала, то пасля расейскай акупацыі яна будзе знішчацца ў першую чаргу.

Па-другое, неабходна шукаць міжнародных хаўруснікаў. Я згодны з Зянонам Пазняком у ацэнцы той палітыкі, якую Захад праводзіць у дачыненні да Беларусі - у тым, што яна не вельмі разумная.

Але нам трэба растлумачыць людзям на Захадзе, што напраўду адбываецца ў Беларусі і да чаго прыводзіць іх палітыка. Фінансавае ўдушэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, незалежных СМІ, адсутнасць рэакцыі на брутальныя рэпрэсіі супраць палітычнай апазіцыі і на грубыя парушэнні правоў чалавека - такая палітыка проста штурхае многіх беларусаў у абдымкі Расеі.

Лукашэнка - вельмі непапулярны палітык у Беларусі. Яго ненавідзіць абсалютная большасць насельніцтва, а беларускія незалежныя СМІ пра гэта таксама не пішуць. Замест гэтага мы чытаем пра «Віцю на матацыкле», «Міколку і залатую шайбу», «Міколку і дзяўчат»…

Мяне вельмі замілаваў матэрыял аднаго з незалежных СМІ, дзе на Вялікдзень было апублікаванае фота Лукашэнкі разам з Міколкам і са свечкамі і матэрыял называўся «Ціха, па-сямейнаму». Ці не той гэта Лукашэнка, які нядаўна па-сатанінску знішчаў крыжы ў Курапатах?

Небяспека тычыцца ўсіх. Ёсць спробы дыскусіі для ўсведамлення сур'ёзнасці становішча і з боку Уладзіміра Мацкевіча, і з боку Святланы Алексіевіч, якая апошнім часам робіць даволі вострыя палітычныя заявы. Мы ўсе павінны ўсвядоміць небяспеку моманту і праз дыскусію прыйсці да адзінства.

На мой погляд, неабходная кансалідацыя вакол тых лідараў, якія сваім жыццём і барацьбой давялі, што яны адданыя ідэалам свабоды і незалежнай Беларусі. Я кажу пра Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, Зянона Пазняка і іншых.

Неабходна дакладная адзіная прапанова з боку здаровых патрыятычных сіл краіны Захаду пра тое, што калі ён хоча бачыць Беларусь незалежнай, то трэба ўплываць на беларускія ўлады (а інструменты для гэтага ёсць) - каб яны пайшлі на рэальныя ўнутраныя перамовы і правялі сапраўды свабодныя выбары.

Не можа Лукашэнка ісці на сёмы тэрмін - гэта проста скончыцца катастрофай. Неабходна ціснуць на Лукашэнку: калі ён хоча неяк захаваць сваё жыццё, а таксама бяспеку сваёй сям'і і сваіх набліжаных, хай успомніць лёс «кіраўнікоў» акупаванага Данбаса. Калі кіроўны клан у Беларусі хоча неяк застацца ў палітыцы, ён павінен вылучыць свайго новага прадстаўніка на прэзідэнцкія выбары 2020 года і быць гатовым да сумленнай барацьбы з лідарамі апазіцыі. Найепшай магчымасці ў гэтых людзей ужо больш не будзе.

Толькі ўнутраная кансалідацыя можа сёння выратаваць Беларусь ад гарачага сцэнару падзей і ўзброенага канфлікту, які можа быць інспіраваны Расеяй.

- Што б вы хацелі сказаць чытачам сайта, якія, мяркуючы паводле статыстыкі, з трывогай сочаць за падзеямі апошніх дзён у Беларусі?

- Нам усім трэба даўно перастаць быць гледачамі і пачаць разумець, што краіна ў нас адна і іншай краіны проста не будзе.

Беларусь заўсёды была ключавой краінай у рэгіянальнай бяспецы - не толькі ўсходне- і цэнтральнаеўрапейскай, але і глабальнай. У Беларусі, як гэта часта было ў гісторыі, вызначаецца лёс усёй Еўропы.

Мы, беларусы, павінны аб'яднацца. Захад можа памыляцца, як ён памыляўся не раз. Мы права на памылку не маем.

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:

Cпасылка:

https://www.paypal.com/cgi-bin/webscr?cmd=_s-xclick&hosted_button_id=WPS4NY975YGSS&source=url


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com