22 лiпеня 2019, панядзелак, 5:16
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Актывісты: Пад Лідай у раку Дзітва зліваюць адкіды

2

Адкіды трапляюць у Нёман на кіламетр вышэй за месца, дзе купаюцца людзі.

Сябры руху «За Свабоду» сцвярджаюць, што знайшлі трубу, адкуль у раку Дзітва зліваюцца адходы, паведамляе «Белсат».

Праблему на рацэ, якая ўпадае ў Нёман, абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Вітольд Ашурак і сябра арганізацыі Сяргей Пантус заўважылі 12 чэрвеня. Чыноўнікі казалі, што мор рыбы, смурод і брудная вада – вынікі высокай тэмпературы.

«Пасля заявы аховы прыроды мы вырашылі паглядзець, дзе вада пачала цвісці. Знайшлі ручай, які ўпадае ў Дзітву, заўважылі, што смярдзіць. Паглядзелі, куды ён ідзе, а там побач некалькі прадпрыемстваў, ачышчальныя збудаванні, а таксама вёска Шырокая», – распавёў pyx.by Пантус.

Паводле яго, актывісты паразмаўлялі з мясцовымі жыхарамі, і тыя адразу паказалі трубу дыяметрам каля паўметра. «Там смурод такі стаіць», – дадаў актывіст. Мясцовыя жыхары распавялі, што з гэтай трубы ўвесь час нешта цячэ, але патроху, а тут шмат ідзе ўжо некалькі дзён. Распавялі таксама, што і раней спрабавалі скардзіцца ўладам, але безвынікова.

«Упадае ручай у Дзітву – 5-10 метраў вышэй па рэчышчы вада чыстая, дно празрыстае, а далей смурод немагчымы. Мутная шэрая муць цячэ ў Нёман на кіламетр вышэй за месца, дзе купаюцца», – дадаў Сяргей Пантус.

Вітольд Ашурак лічыць, што скіды спецыяльна павялічылі, каб сышло за вынікі гарачыні. Актывіст адзначыў, што лічыць сённяшнюю сітуацыю вынікам карупцыйных схемаў, бо абсталяванне для ачысткі скідаў было закуплена.

Узяць каментар у прадстаўнікоў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя не атрымалася – у прэс-службе на званкі belsat.eu не адказваюць.