Святара БАПЦ айца Вікенція аштрафавалі за ўдзел у Чарнобыльскім шляху
4- 19.06.2019, 14:01
- 11,369
Прысуд вынес суд Першамайскага раёна Менска.
Суд Першамайскага раёна Менска аштрафаваў святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айца Вікенція (Віктар Кавалькоў) на 15 базавых адзінак (382,5 рубля) за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі "Чарнобыльскім шляху" 26 красавіка, паведамляе tut.by са спасылкай на БелаПАН.
Як паведаміў айцец Вікенцій, суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Святар адзначыў, што ён атрымаў штраф за ўдзел у зборы перад шэсцем ля акадэміі навук у Менску.
Нагадаем, што ўвечары 26 красавіка ўдзельнікі "Чарнобыльскага шляху" прайшлі па вуліцах Сурганава і Арлоўскай у парк Дружбы Народаў, дзе ўсклалі кветкі да помніка ахвярам Чарнобыля каля храма ў гонар іконы Божай Маці.
Пасля шэсця больш за дзясятак актывістаў і палітыкаў былі аштрафаваныя, у тым ліку сустаршыня аргкамітэту БХД Вольга Кавалькова, намеснік старшыні партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук, эканаміст Сяргей Чалы, рэкламіст Юлія Ляшкевіч.