27 чэрвеня 2019, Чацвер, 8:30
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Дарожны падатак: Улады думаюць, як звярстаць бюджэт

9

Непаслядоўнасць адміністрацыі Лукашэнкі выклікае шмат пытанняў.

Як высветлілася, вынясенне праекта на шырокае грамадскае абмеркаванне далёка не заўсёды заканчваецца ягоным прыманнем у прапанаваным выглядзе. Падобна на тое, што так адбылося і з шматпакутным праектам указа пра так званую дзяржмыту за допуск да ўдзелу ў дарожным руху, якую ўжо даўно называюць у народзе «дарожным падаткам», піша «Экономическая газета».

Ён быў прапанаваны грамадскасці яшчэ ў студзені сёлета. У праекце прапаноўвалася скасаваць названую дзяржмыту для насельніцтва (пакінуўшы пры гэтым яе для юрыдычных асобаў) і ўвесці для фізічных асобаў плату за ўдзел транспартных сродкаў у дарожным руху. Унясенне гэтай платы планавалася «адвязаць» ад правядзення тэхагляду «жалезнага каня», даўшы пры гэтым аўтааматарам магчымасць выплачваць яе не толькі адразу за год (за гэта нават меркавалася прапаноўваць зніжку), але і за любую абраную колькасць месяцаў.

Пры гэтым кантроль за выплатай «дарожнага падатку» меркавалася ўскласці на спецыяльную электронную сістэму, якая выкарыстоўвае ўжо добра вядомую аўтааматарам нашай краіны фотафіксацыю. Планавалася, што новая сістэма запрацуе ўжо з 1 ліпеня 2019 г.

Такая пастанова была б успрынятая насельніцтвам Беларусі як аднаўленне справядлівасці ў дачыненні да тых аўтааматараў, якія выкарыстоўваюць аўтамабіль цягам абмежаванага перыяду часу, напрыклад, ставяць зімой машыны «на прыкол». Аднак, як паведаміў сёння намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, у адміністрацыі Лукашэнкі праект не падтрымалі.

Паводле ягоных словаў, у цяперашні час разглядаецца магчымасць уключэння дзяржмыты ў кошт аўтамабільнага паліва, з чым раней Мінфін быў катэгарычна не згодны. Хоць абмяркоўваюцца і іншыя варыянты развязання гэтага «набалелага» пытання.

У любым выпадку (верагоднасць гэтага надзвычай высокая) да канца гэтага года дзейны парадак спагнання дзяржмыты не зменіцца. І тым, хто чакаў з'яўлення новага дакумента пра выплату «дарожнага падатку» і яе не плаціў, не праходзячы заадно і тэхагляд, варта падумаць, ці рызыкаваць далей.

Калі дзяржмыту ўсё ж уключаць у кошт бензіну і «саляркі», то пастанова павінна быць прынятая цягам гэтага года – інакш цяжка будзе «звярстаць» бюджэт на наступны год. Аптымальны тэрмін з гледзішча бюджэтнага планавання – з 1 студзеня 2020 г., адзначыў намеснік міністра.