Раман Кісляк: На заводзе «АйПаўэр» працягваюцца пуска-наладачныя працы
9- 20.06.2019, 20:04
- 11,738
Кіраўніцтва завода парушыла распараджэнне Берасцейскага аблвыканкама аб спыненні будаўніцтва.
Ініцыятыўная група апанентаў акумулятарнага завода патрабуе абсалютнага выканання распараджэння Берасцейскага аблвыканкама аб спыненні будаўніцтва.
«Кіраўніцтва кампаніі «АйПаўэр» на брыфінгах кажа, што будаўніцтва скончылася даўно, а потым была пуска-наладка. Дык гэта і ёсць будаўніцтва, згодна з законам «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці», - паведамляе «Радыё Рацыя» праваабаронца Раман Кісляк.
- Акумулятарная кампанія «АйПаўэр» робіць заяву пра тое, што нібыта будаўніцтва прыпыненае. Але яны выконваюць пуска-наладачныя работы. Згодна з законам Рэспублікі Беларусь архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, пуска-наладка - гэта частка будаўнічых работ. Паводле распараджэння аб прыпыненні, усе віды будаўнічых работ, у тым ліку пуска-наладка, падрыхтоўка аб'екта да здачы ў эксплуатацыю, павінны быць спыненыя. На завод у поўным складзе прыязджаюць рабочыя, па ліўневай каналізацыі з боку завода цячэ нейкая вадкасць, гэта значыць ідуць нейкія працэсы, і таму актывісты абураныя.
Свае патрабаванні актывісты спрабуюць данесці праз сродкі масавай інфармацыі і каналы інтэрнэт-камунікацыі. Таксама звяртаюцца з адпаведнымі зваротамі ў кантралюючыя і ўладныя органы.
- 18 чэрвеня мы атрымалі ліст датаваны 13-м чэрвеня за подпісам намесніка старшыні Берасцейскага аблвыканкама Андрэя Клеца ў адказ на наш калектыўны зварот. У гэтым адказе аблвыканкам нам паведамляе, што паводле вынікаў лабараторных даследаванняў, якія выконваў Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, выкананых на заяўку Берасцейскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, перавышэнні нарматываў дапушчальных выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра выяўлены ў васьмі крыніцах, па рэчывах: вокіс вугляроду, свінец і яго неарганічныя злучэнні, серная кіслата, - цытуе адказ праваабаронца Раман Кісляк.



