Еўропу накрыў сквар з Сахары
12- 26.06.2019, 7:51
- 30,367
Наперадзе - яшчэ большае падвышэнне тэмпературы паветра.
Еўропа чарговым разам рыхтуецца да летняй спёкі: максімальная тэмпература найбліжэйшыя дні, як чакаецца, складзе ад +35°C да +40°C. Пра гэта паведамляе Euronews.
Нязвыклая для Еўропы спякота дасягне піку ў чацвер і пятніцу, папярэджваюць сіноптыкі. Спякота прыйшла ў Еўропу з Сахары і закране ў першую чаргу паўднёвую частку кантынента. Нязвыкла высокія тэмпературы звязаныя з глабальным пацяпленнем. І калі раней пікі спёкі былі выключэннем, то цяпер еўрапейцам давядзецца да іх звыкнуць, папярэджваюць метэаролагі.
У Францыі «аранжавы» ўзровень трывогі ўвялі ў 65 дэпартаментах краіны. Прэзідэнт Эмануэль Макрон абвясціў аб мабілізацыі «ўсяго ўрада» ў сувязі з варункамі надвор'я. Да канца тыдня скасаваныя ўсе экзамены, а валанцёры раздаюць ваду валацугам на вуліцах Парыжа.
У Парыжы 25 чэрвеня тэмпература паветра дасягнула 34 градусаў і працягвае расці. Гарадскія ўлады ўжо абвясцілі аб усталяванні дадатковых фантанаў з пітной вадой і пра абсталяванне кандыцыянаваных памяшканняў у парках і муніцыпальных будынках для ўсіх ахвотных.
У Італіі спякота ад 37 да 40 градусаў усталявалася ў паўночнай і цэнтральнай частцы краіны, у тым ліку ў Рыме, Фларэнцыі, Мілане і Турыне. У сямі італійскіх гарадах чакаюцца рэкордныя тэмпературы для чэрвеня.
У Гішпаніі мясцовая метэаслужба Aemet таксама абвясціла аб падвышэнні ўзроўню трывогі ў сувязі са спякотай пачынаючы з серады: на паўночным усходзе краіны тэмпература паднімецца да 42 градусаў.
Улады Бельгіі выпусцілі афіцыйнае папярэджанне пра «моцную спякоту». Са зветак Каралеўскага метэаралагічнага інстытута, слупок тэрмометра дасягне 34-35 градусаў.
У Нямеччыне ў сярэдзіне тыдня тэмпература можа пабіць рэкорды 70-гадовай даўніны, папярэджваюць метэаролагі.
Спякота чакаецца нават у некаторых Скандынаўскіх краінах, дзе летнія тэмпературы звычайна вельмі сярэднія: на поўдні Даніі і Швэцыі тэмпература на гэтым тыдні можа дасягнуць +30°C.
Самая высокая тэмпература, калі-небудзь зарэгістраваная ў Еўропе, - гэта +48°C. Пік быў адзначаны ў Грэцыі ў 1977 годзе. А папярэдні доўгі перыяд анамальнай спякоты ў Еўропе быў зафіксаваны ў 2003 годзе: тады ад хвароб, выкліканых высокай тэмпературай паветра, памерла блізу 20 тысяч чалавек.