27 красавiка 2024, Субота, 1:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатачнік», які прапанаваў набіраць у войска 40-гадовых: Сам служыў тры месяцы

115
«Палатачнік», які прапанаваў набіраць у войска 40-гадовых: Сам служыў тры месяцы
МІКАЛАЙ РАСОХА
ФОТА: MAZYR.BY

Мікалай Расоха апавёў пра сваю пазіцыю датычна новага закона пра прызыў.

26 чэрвеня «палата прадстаўнікоў» у першым чытанні прагаласавала за новы закон аб прызыве ў войска. Законапраект прадугледжвае, што адтэрміноўку ад прызыву для прадаўжэння адукацыі ў Беларусі будуць прапаноўваць толькі адзін раз. Таксама для «ўхілістаў» зачыняць мяжу.

У ходзе абмеркавання паправак запомніўся «дэпутат» ад Мазырскай выбарчай акругі №43 Мікалай Расоха, які прапанаваў падняць планку прызыўнога ўзросту з 27 гадоў да 40.

«Наша Ніва» звярнуліся да «дэпутата», каб ён абгрунтаваў сваю пазіцыю.

– Што тут казаць? Чаму не служыць? Трэба служыць і ўсё! Гэта ж святы абавязак, які запісаны ў Канстытуцыі. Трэба выканаць свой абавязак як мае быць.

– Пагадзіцеся, што ў 35–40 гадоў здароўе ўжо зусім не тое, як у 18 ці 23.

– Вас жа ніхто не прымушае бегчы тры-пяць кіламетраў. У вас спецыяльнасць?

– Педагагічная.

– Чаму мы не можам вам даць магчымасць выкладаць у тым жа кадэцкім вучылішчы або ў сувораўскім? Вы выдатна знойдзеце сабе выкарыстанне ў сённяшняй арміі. Чаму вы мяркуеце, што гэта не служба – вучыць будучых вайскоўцаў? А сувязіст хіба не служыць? А кухар хіба не служыць? Усе служаць. У сорак гадоў мужык кулаком сцяну павінен яшчэ праламаць і не заўважыць гэтага.

– Вы асабіста былі б гатовыя пайсці жыць у казарму ў свае сорак гадоў?

– А чаму не, чаму не? Не трэба так гаварыць, гатовы ці не гатовы. Трэба сабе сказаць: «Ёсць». Па-вайсковаму – і ўсё.

– Вы самі служылі?

– Я скончыў ВНУ з вайсковай кафедрай і пайшоў на зборы на тры месяцы ў Берасце.

– З дзедаўшчынай не сутыкаліся?

– Не. У нас былі адэкватныя хлопцы, якія мелі вышэйшую адукацыю. Нармальна служылі, без усялякіх праблемаў. Інтэлект усё ж быў крыху вышэйшы. Мы проста ведалі, што гэта трэба – і ўсё. Успомніце наш час, калі чалавек атрымліваў так званы «белы білет». Хлопцы глядзелі на такога чалавека коса. Закон ёсць закон, і яго трэба выконваць.

– Той факт, што ў інтэрнэце настолькі хутка сабралі 10 тысячаў подпісаў супраць гэтых паправак, Вас не прымусіў задумацца?

– Я не ведаю, я не магу каментаваць. У нас ёсць чалавек, які вядзе гэты законапраект, я толькі задаў пытанне, якое мяне цікавіла. Асноўны закон у нас які? Канстытуцыя. Давайце яго выконваць.

– Вы супраць прафесійнага войска?

– Хто вам сказаў? Не, нічога не супраць. Усё добра, усё нармальна: і прафесійнае, і такое войска. Не трэба казаць, што супраць. Чытаем Канстытуцыю і выконваем яе, там чорным па белым усё напісана.

Напісаць каментар 115

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках