15 жнiўня 2026, Субота, 7:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прайшла масавая дыктоўка па беларускай мове

3
У Менску прайшла масавая дыктоўка па беларускай мове
ПАДЧАС ПРАВЯДЗЕННЯ «АГУЛЬНАЙ ДЫКТОЎКI». ФОТА: АРГАНІЗАТАРЫ

Упершыню ў гісторыі праекта заяўкі на ўдзел паступілі з Амерыкі, Расеі, Украіны і Польшчы.

У Менску правялі масавую дыктоўку па беларускай мове. Заяўкі на ўдзел у «Агульнай дыктоўцы» падалі блізу тысячы чалавек. Масавая дыктоўка ў падтрымку беларускай мовы правяла кампанія «Лідскае піва». Упершыню ў гісторыі праекта заяўкі на ўдзел паступілі з Амерыкі, Расеі, Украіны і Польшчы, паведамляе belmir.by.

«Агульная дыктоўка» стартавала 1 чэрвеня а 12 гадзіне па менскім часе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Жывую трансляцыю вёў партнёр праекта - канал «Культура» Беларускага радыё. Такім чынам, многія ўдзельнікі змаглі напісаць дыктоўку аддалена, далучыўшыся да жывога эфіру радыёканала.

ПАДЧАС ПРАВЯДЗЕННЯ «АГУЛЬНАЙ ДЫКТОЎКI». ФОТА: АРГАНІЗАТАРЫ

Спецыяльна для дыктоўкі пісьменнік Андрусь Горват, аўтар беларускага бэстсэлеру «Радзіва «Прудок», адаптаваў фрагмент аднаго са сваіх твораў, каб удзельнікі маглі годна ацаніць багацце і самабытнасць беларускай мовы.

Ідэю праекта падтрымалі і акторы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія прыйшлі павітаць удзельнікаў «Агульнае дыктоўкі». У якасці «настаўнікаў» тэкст прадыктавалі салісты гурту NaviBand, якія ў сваёй творчасці актыўна папулярызуюць беларускую мову.

«Агульная дыктоўка» праводзіцца трэцім разам і сёлета стала рэкорднай па колькасці ўдзельнікаў.

ПАДЧАС ПРАВЯДЗЕННЯ «АГУЛЬНАЙ ДЫКТОЎКI». ФОТА: АРГАНІЗАТАРЫ

- У нас атрымалася значна пашырыць геаграфію праекта. За кошт радыё- і online- трансляцыі да ініцыятывы ўпершыню далучыліся жыхары іншых краін, - адзначыла дырэктарка ў маркетынгу ААТ «Лідскае піва» Ірына Капілава.

Адразу пасля дыктоўкі арганізатары апублікавалі тэкст на старонцы праекта, каб удзельнікі маглі самастойна праверыць сябе.

Акрамя таго, усе працы правераць прафесійныя філолагі, пасля чаго арганізатары вышлюць кожнаму ўдзельніку вынікі разам з электронным сертыфікатам аб удзеле, а выдатнікі атрымаюць яшчэ і памятныя прызы.

ПАДЧАС ПРАВЯДЗЕННЯ «АГУЛЬНАЙ ДЫКТОЎКI». ФОТА: АРГАНІЗАТАРЫ
ПАДЧАС ПРАВЯДЗЕННЯ «АГУЛЬНАЙ ДЫКТОЎКI». ФОТА: АРГАНІЗАТАРЫ
Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках