26 красавiка 2024, Пятніца, 14:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як уратаваць беларускія рэгіёны?

27
Як уратаваць беларускія рэгіёны?

Сістэма Лукашэнкі збанкрутавала.

Сёння рэгіёны выміраюць: ужо каторы год скарачаецца колькасць насельніцтва ва ўсіх раёнах краіны. Яшчэ горшая сітуацыя з эканамічным становішчам. І вось тут уся праблема ў неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемствах, нізкіх даходах жыхароў і адсутнасці паўнавартаснага мясцовага самакіравання, піша «Ежедневник».

Праблемы катастрафічнага становішча многіх рэгіёнаў эканаміст Сяргей Чалы бачыць у некантраляваным падзенні дзяржаўнага сектара.

«Неяк на адным з рэгіянальных KEF выступаў прадстаўнік мясцовых органаў улады. І ён патлумачыў, чаму ўтвараецца заганнае кола ў эканамічным развіцці рэгіёнаў, - распавёў падчас Belarus Future Unconference-2019 аналітык. - Калі коратка: мы вырабляем па-ранейшаму ўсё тыя ж савецкія тавары, якія страчваюць сваю канкурэнтаздольнасць і прывязаныя да аднаго рынку, а, такім чынам, вельмі моцна ад яго залежныя. Як вынік: шэраг прадпрыемстваў становяцца стратнымі, закрываюцца, людзі з'язджаюць з гэтага рэгіёну».

Са слоў Чалага, тут мы маем справу з двума адначасова дзейнымі чыннікамі, якія падтрымліваюць адзін аднаго: падзеннем унутранага попыту ў рэгіёне, немагчымасцю там адкрыць бізнэс (няма каму прадаваць). Таксама няма каго і наняць на працу, бо многія ўжо з'ехалі ў больш паспяховыя рэгіёны альбо на заробкі за мяжу.

«А гэта ж усё наступствы некантраляванага падзення дзяржаўнага сектара. Пара б ужо падумаць аб эўтаназіі некаторых прадпрыемстваў, маючы перад вачыма сумны рэгіянальны прыклад», - звярнуў увагу на праблему Сяргей Чалы.

Што не так з органамі мясцовага самакіравання?

Яшчэ адна праблема рэгіёнаў - у адсутнасці мясцовага самакіравання.

«У нас слабае мясцовае самакіраванне, можна нават сказаць, яно амаль адсутнічае. Мясцовыя органы ўлады павінны мець больш магчымасцяў, а ў нас пра гэта ўвогуле забыліся, - падзяліўся свае меркаваннем у каментары «Ежедневнику» кандыдат эканамічных навук, экспэрт у пытаннях устойлівага развіцця Алег Сівагракаў. - Значна прасцей кіраваць аднолькавымі бяспраўнымі аб'ектамі і суб'ектамі, хоць гэта часам больш нагадвае вайсковую мадэль кіравання».

Тое, што для паспяховага развіцця рэгіёнаў трэба мясцовае самакіраванне, упэўнены і навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследчага адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

«Мясцовае самакіраванне і фіскальная дэцэнтралізацыя. Я іншых механізмаў не бачу», - прызнаў эканаміст.

«Мне здаецца, калі ў нейкім рэгіёне створаць найлепшую школу ў краіне, гэта адразу ж адаб'ецца на прывабнасці гэтага месца, тут захочуць жыць, і гэта месца будзе прывабным і для жыхароў суседніх рэгіёнаў», - мяркуе Дзмітрый Крук.

«Што да мясцовага самакіравання, то я, вядома, не заклікаю да анархіі, але трэба, каб на ўзроўні рэгіёну яны маглі свае ініцыятывы ўвасабляць у жыццё. Магчыма, нават будзе ісці гаворка пра нейкую канкурэнцыі паміж раёнамі ў пытанні якасці дзяржкіравання», - адзначыў ён.

Больш ініцыятывы

Акрамя гэтага, хацелася б большай праявы ініцыятывы і ад саміх кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады. Ну а тут, як той казаў, усё залежыць ад канкрэтнага чалавека.

«Ёсць добрыя прыклады, калі чыноўнікі на месцах ініцыятыўныя, яны актыўна вучацца, шукаюць рэсурсы, у тым ліку і за мяжой. Але я сустракаў і такія выпадкі, калі старшыні райвыканкамаў выклікалі да сябе старшыняў сельсаветаў, якія зацікавіліся нейкімі праектамі і праяўлялі ініцыятыву, і забаранялі ім гэта рабіць і г.д.», - падзяліўся Алег Сівагракаў.

«Бывае так, што замянілі чалавека, на яго месца прыйшоў наступны, які бачыць, што яго папярэдніка прыбралі, і прымае пастанову ўсё спыніць, што рабіў папярэдні кіраўнік, і не высоўвацца», - дадаў экспэрт.

Хоць агулам сітуацыя ў краіне ў гэтым пытанні паляпшаецца, але адбываецца гэта вельмі павольна.

Што можа выратаваць рэгіёны?

Між тым, выратаваць рэгіёны можна і трэба, мяркуюць экспэрты. Тут могуць дапамагчы, як ужо гаварылася, дэцэнтралізацыя кіравання, а таксама прадпрымальніцтва.

«Калі закрываецца буйное дзяржаўнае прадпрыемства ў нейкім рэгіёне, людзі застаюцца без працы, і вось тут было б вельмі добра, калі б гэтыя людзі змаглі адкрыць свой бізнэс», - мяркуе начальнік аддзела арганізацыі фінансавання суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» Юлія Кавецкая. На ейную думку, беларусы так змогуць зарабляць для сябе і сваёй сям'і, ды яшчэ працаўладкуюць сябра ды суседа. Аднак прадпрымальніцкая ініцыятыва ў рэгіёнах развітая слаба.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках