27 красавiка 2024, Субота, 0:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўніцтва «Ждановічаў» адказала на словы Лукашэнкі пра «калгас»

16
Кіраўніцтва «Ждановічаў» адказала на словы Лукашэнкі пра «калгас»

Пытанне аб гэтай тэрыторыі «вісіць» ужо 10 гадоў.

Тыдзень таму ў эфіры АНТ Лукашэнка крытычна выказаўся пра рынак, які знаходзіцца каля МКАД. Журналісты паказалі відэа з колавай на «Ждановічы», пры гэтым «свядома не называлі рынак», «каб не расслабляліся ўсе ўладальнікі гандлёвых плошчаў». Сайт tut.by даведаўся, што пра гэта думае кіраўніцтва «Ждановічаў», і як далей будзе развівацца аб'ект.

Правадыр праехаў па МКАД - паглядзеў, што адбываецца на колавай, і пракаментаваў прыдарожную інфраструктуру. Дасталася і аднаму з рынкаў Менска.

- Паглядзі на гэты рынак, ну што гэта такое, паглядзі, якое бязладдзе тут, - сказаў Лукашэнка кіраўніку Менгарвыканкама Анатолю Сіваку, які сядзеў побач.

Той патлумачыў, што надзел будзе забудоўвацца.

- Ну, чыгунка - трэба падумаць, што тут зрабіць, але гэта ж горш, чым у тым калгасе, - сказаў дыктатар.

Пры гэтым журналісты не згадалі назву месца, але паказалі кадры з відам з МКАД на тэрыторыю харчовага цэнтра і надзел перад ім.

Кіраўніцтва «Ждановічаў»: «Пытанне гэтай тэрыторыі стаіць ужо 10 гадоў»

Кіраўнікі рынка «Ждановічы» кажуць, што не ведаюць, пра што менавіта ішла гаворка ў рэпартажы, - на такія сустрэчы іх не запрашаюць, гутарак на гэтую тэму ў адміністрацыі раёна і Менгарвыканкаме, з іх слоў, не было.

ТАК ГЭТАЯ ПЛЯЦОЎКА ВЫГЛЯДАЕ ЗБОКУ МКАД
ТАКІ ВІД ПА РЭПАРТАЖ ЗНЯЛІ ЖУРНАЛІСТЫ. СКРЫНШОТ З РОЛІКАЎ АНТ

- Калі браць кадры, якія распаўсюдзіла ОНТ, то аб гэтай тэрыторыі ўжо 10 гадоў стаіць пытанне. Яна будзе канфіскоўвацца ў «Гандлёвага дома «Ждановічы» на заяву адміністрацыі Цэнтральнага раёна ў кастрычніку гэтага года. Яна ідзе пад канфіскацыю, пад пашырэнне вуліцы Ціміразева. Гэта нашая тэрыторыя, але апошнія 10 гадоў мы там нічога не маглі будаваць, проста трымаем яе ў чысціні. Таму яна ў такім стане, - тлумачыць дырэктар «Ждановічаў» Аляксандр Мельнік.

У сувязі з рэканструкцыяй вуліцы Ціміразева на гэтым месцы пабудуюць разваротнае кола грамадскага транспарту.

Як будзе развівацца рынак далей

Ёсць архітэктурная канцэпцыя, якую ў 2018 годзе разгледзеў камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама. Цяпер яна знаходзіцца на канчатковым узгадненні пасля заўваг і правак.

Згодна з канцэпцыяй харчовы рынак, які бачны з колавай, цалкам рэканструююць, побач пабудуюць паркінг. Даты будаўніцтва і рэканструкцыі кіраўнікі не называюць да канчатковага ўзгаднення праекта.

- Апошнія сем-восем гадоў мы ўводзілі ў эксплуатацыю па будынку на год. Мы ў развіцці не спыняемся. Радыёмаркет пабудаваны, рэстарацыю KFC здалі ў мінулым годзе, у гэтым годзе пераносім рынак у Табары. Агульнае добраўпарадкаванне стрымліваецца праектнымі работамі рэканструкцыі вуліцы Ціміразева, - кажа дырэктар Аляксандр Мельнік.

ВІД З МКАД НА ЦІМІРАЗЕВА НА БУДУЧУЮ ПАРКОЎКУ І ПРАДУКТОВЫ КОМПЛЕКС. ЭСКІЗ З АРХІТЭКТУРНА-ПЛАНАВАЙ КАНЦЭПЦЫІ «ГД «ЖДАНОВІЧЫ»
ЭСКІЗ З АРХІТЭКТУРНА-ПЛАНАВАЙ КАНЦЭПЦЫІ «ГД «ЖДАНОВІЧЫ»

У планах развіцця рынку ў «Ждановічах» была таксама канцэпцыя рэканструкцыі «Лебядзінага» і «Поля цудаў».

- Гэтая канцэпцыя прайшла грамадскае слуханне, але потым дзяржава прыняла пастанову выставіць зямлю на аўкцыён і змяніць прызначэнне тэрыторыі - пад жыллё. Мы планавалі пабудаваць там грамадскія бізнэс аб'екты, два гандлёвыя цэнтры, салон аўто, вялікую зону адпачынку, - кажа Аляксандр Мельнік.

Кіраўнікі тлумачаць, што тэрыторыя рынку запатрабавана, і яны хацелі б бачыць тут не толькі ІП, але і іншыя формы гандлю. Але прыбытак арганізацыі не расце, таму ў «Гандлёвым доме «Ждановічы» чакаюць, калі тут адкрыецца Leroy Merlin - як якарны арандатар. Гэта павінна здарыцца ў 2020 годзе.

ЭСКІЗ З АРХІТЭКТУРНАЙ ПЛАНАВАЙ КАНЦЭПЦЫІ «ГД «ЖДАНОВІЧЫ» З ВІДАМ НА БУДАЎНІЧЫ ГІПЕРМАРКЕТ LEROY MERLIN

- Для нас гэта найперш аб'ект, які будзе з'яўляцца прыцягненнем насельніцтва. Да «Ждановічаў» трэба даехаць, крокавай даступнасці няма. Гандлёвы гарадок «Лябядзіны», які з'яўляецца асноўным прывабным чыннікам цяпер, - яго неўзабаве не стане.

Плануецца, што ў чацвёртым квартале 2019 года «Лебядзіны» пераедзе ў Табары.

Таксама ў планах «Гандлёвага дома «Ждановічы» пабудаваць на месцы аўтарынка, у межах вуліц Ціміразева, Княгінская, Камайская, гіпермаркет на шэсць тысяч квадратаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках