27 чэрвеня 2019, Чацвер, 8:29
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Відэафакт: Хвацкая пагоня пад Смалявічамі

15
ФОТА: СКРЫНШОТ З ВІДЭА

Пасажыры выскачылі на хаду, інспектар ДАІ вісеў на дзвярах аўто.

У Смалявіцкім раёне пасажыр на хаду выскачыў з машыны, што хавалася ад пагоні ДАІ. Кіроўца, які ехаў на машыне сябра, быў п'яны, аўтамабіль з'ехаў у кювет і перакуліўся. Выбраўшыся праз бакавое акно легкавушкі, мужчына паспрабаваў збегчы, але быў затрыманы, паведамляе міліцыя.

Пагоня адбылася 6 чэрвеня прыблізна а 14.00. Даішнікі звярнулі ўвагу на Volkswagen Golf чырвонага колеру, у якога не было пярэдняга крыла. Кіроўца на патрабаванне ДАІ спыніцца не адрэагаваў і працягнуў рух, рэзка павялічваючы хуткасць. Пачаўся пераслед. На палявой дарозе з аўто на хаду выскачыў пасажыр. Затым Volkswagen спыніўся, і з пярэдняга сядзення выбраўся другі. Гэтым скарыстаўся старшы дзяржаўтаінспектар Дзмітрый Гарадко. Ён паспрабаваў выцягнуць ключы з замка запальвання. Але кіроўца працягнуў рух, скінуўшы супрацоўніка ДАІ.

Нарад працягнуў пераслед. Прыкладна праз кіламетр кіроўца з'ехаў у правы кювет. Пасля чаго выбраўся з машыны праз адкрытае акно і паспрабаваў схавацца ад праваахоўнікаў. Але быў затрыманы.

За стырном Volkswagen знаходзіўся 26-гадовы жыхар вёскі Зарэчча. Яго ўжо затрымлівалі з пагоняй 28 траўня, тады ён таксама быў п'яны - 1,5 праміле. Гэтым разам медагляд выявіў у яго 2,1 праміле. Пасведчання кіроўцы ў мужчыны ніколі не было.

За нецвярозае кіраванне ён затрымліваўся яшчэ ў 2014 годзе і быў тады прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Аўтааматар адправіўся на 15 дзён у ізалятар часовага ўтрымання. За гэтую паездку на яго склалі пяць пратаколаў (у дадатак да шасці за пагоню 28 траўня). Машыну сябра канфіскуюць, а за паўторнае п'янае кіраванне на працягу года кіроўцу пагражае крымінальная адказнасць.