17 лiпеня 2019, Серада, 2:34
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Прычына выбухаў падчас салюту 3 ліпеня: СК агучыў сваю версію

21
ФОТА: МІКАЛАЙ ПЯТРОЎ

Кіраўнік СК Іван Наскевіч выступіў з заявай.

Прычынай выбухаў падчас салюту 3 ліпеня стала, хутчэй за ўсё, няякасная піратэхніка. Пра гэта заявіў кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч.

Іван Наскевіч паведаміў, што следства разглядае чатыры версіі здарэння, паведамляе tut.by.

«Самая відавочная, і яна ўжо знаходзіць пацверджанне, - версія пра тое, што піратэхнічныя зарады былі, хутчэй за ўсё, неналежнай якасці. Цяпер пытанне іншае: яны першапачаткова былі неналежнай якасці альбо такімі сталі - гэта самы актуальны прадмет расследавання», - цытуе кіраўніка СК РІА «Новости».

Наскевіч таксама пацвердзіў, што затрыманым паводле справы расейцам абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Абвінавачванне ім будзе выстаўленае ва ўстаноўлены законам 10-дзённы тэрмін.

Нагадаем, 3 ліпеня падчас святочнага салюту адбылося надзвычайнае здарэнне. Загінула 64-гадовая жанчына, яшчэ 10 чалавек пацярпелі.

СК разглядае чатыры асноўныя версіі: няспраўнасць салютных установак, няспраўнасць феерверачных вырабаў, няправільнае зараджанне салютных установак, няправільная эксплуатацыя салютных установак.

Затрыманыя паводле справы аб выбухах на салюце супрацоўнікі кампаніі ў выпуску піратэхнічнай прадукцыі «Піра-Рос» Максім Сапронаў і Канстанцін Дзянісаў утрымліваюцца ў СІЗА на Валадарскага. 8 ліпеня іх наведалі расейскія дыпламаты.