19 сакавiка 2024, aўторак, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Вайна без вайны

54
Зміцер Бандарэнка: Вайна без вайны

За час кіравання Лукашэнкі насельніцтва Беларусі скарацілася амаль на чвэрць.

3 ліпеня падчас салюту ў Менску адбылася трагедыя: 64-гадовая жанчына была забітая аскепкам феерверку, блізу 10 чалавек атрымалі раненні. У многіх будынках у цэнтры горада былі выбітыя шыбы.

Афіцыйныя СМІ замоўчваюць рэзанансную тэму, абмяжоўваючыся скупымі каментарамі Следчага камітэта і Міністэрства абароны.

Сітуацыю на просьбу сайта Charter97.org пракаментаваў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Што, на вашу думку, адбылося падчас салюту ў гонар афіцыйнага «дня незалежнасці» 3 ліпеня?

- Што адбылося 3 ліпеня ў Менску - гэта пытанне пытанняў. Цяпер я бачу, што і ў сацыяльных сетках, і ў некаторых медыях з'явілася інфармацыя пра тое, што нібыта нічога значнага не адбылося: маўляў, падумаеш, на салютах бываюць няшчасныя выпадкі, бывала і раней, ды і ў іншых краінах такое адбывалася…

Напраўду тое, што адбылося ў Менску 3 ліпеня – гэта вельмі сур'ёзная падзея. Прынамсі, нават з той прыблізнай інфармацыі, якая ёсць, вынікае, што выбухнулі тры пускавыя салютныя ўстаноўкі.

Наогул, трэба разумець, што салютная ўстаноўка – гэта «міні-кацюша». Нездарма святочнымі салютамі заўсёды займаліся вайскоўцы. І вось: адначасова выбухнулі тры гэтыя ўстаноўкі.

Мы не ведаем, ці было 10 параненых, бо ёсць страты сярод вайскоўцаў, ёсць параненыя сярод аховы, якая абмяжоўвала доступ да пэўных сектараў у цэнтры Менска – застаецца невядомым.

Другі момант: сам парад 3 ліпеня ў Менску з удзелам расейскіх «Іскандэраў», якія не маюць права знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і парушаюць дамову аб ракетах малой і сярэдняй далёкасці, з удзелам стратэгічных цяжкіх бамбавікоў РФ, плюс сама трагедыя падчас салюту пасля параду – гэта падзея, якая закранае як мінімум рэгіянальную бяспеку, нават не нацыянальную.

- У чым, на вашу думку, прычына трагедыі?

- Я б не выключаў варыянт дыверсіі. Акрамя халатнасці і разгільдзяйства, я б не выключаў і гэты варыянт.

Шэраг экспэртаў і спецыялістаў выказаліся ў тым ключы, што напраўду беларускае войска – гэта войска недафінансаванае, бо асноўныя сродкі ў нас сыходзяць на сілы міліцыі, унутраных войскаў, розных тыпаў спецназа, якіх трэніруюць на падаўленне пратэстаў.

Беларускае войска як мінімум, несучаснае. Гэта войска беднай краіны, якая за апошнія 10 гадоў не толькі не павялічыла свой ВУП, а скараціла. Краіны, з якой бягуць мільёны людзей. Лукашэнкаўская Беларусь з'яўляецца не толькі тэхналагічна адсталай - яна тэхналагічна дэградуе.

І падзея 3 ліпеня адразу ставіць на парадак дня пытанне: ці мае права такі рэжым запускаць атамную станцыю? Таму што цяпер кажуць: 3 ліпеня былі выкарыстаныя бракаваныя вырабы, іх не так захоўвалі...але мы ведаем, што падчас будаўніцтва БелАЭС падаў рэактар, было некалькі іншых НЗ, больш за 10 чалавек толькі паводле афіцыйных звестак загінулі пры будаўніцтве гэтай станцыі.

Ведаючы, як раскрадаюцца матэрыяльныя каштоўнасці падчас будаўніцтва такіх аб'ектаў, як Нацыянальная бібліятэка, падземны цэнтр «Сталіца» на плошчы Незалежнасці ў Менску ці іншыя цэнтры, кіраўнікі будаўніцтва якіх потым былі адпраўленыя за краты за карупцыю і крадзеж – мы можам толькі меркаваць, якія былі дапушчаныя парушэнні і ўчыненыя злачынствы падчас будаўніцтва БелАЭС.

І самае галоўнае: невядома, хто і як будзе выкарыстоўваць гэтую энэргію. Таму што Лукашэнка кажа: «Я не ведаю, што рабіць. Растлумачце мне, што рабіць з гэтай энэргіяй»

У Беларусі цяпер паднялі дзённыя і вячэрнія тарыфы на электрычнасць. Пры гэтым утойваецца, што гэта зроблена для таго, каб прыдумаць, як выкарыстоўваць энэргію атамнай станцыі (а яна працуе кругласутачна і немагчыма спыніць яе працу ўначы) у «мірных мэтах». Калі не развязаць праблему начнога выкарыстання энэргіі, станцыя можа проста падарвацца.

Пры гэтым нашы суседзі, акрамя Літвы, спакойна рэагуюць на тое, што адбываецца: маўляў, будуецца станцыя і будуецца; так, падаў рэактар - і што тут такога?

Гэтыя барышы ад кантрабандных аперацый з дыктатарам засланяюць розум нават заходнім палітыкам і яны забываюць, што Лукашэнка - гэта праблема не толькі беларускага народа.

Літоўцы выразна ўсвядомілі, што іх сталіца знаходзіцца ў пары дзясяткаў кіламетраў ад БелАЭС. І катастрафічны салют 3 ліпеня, калі досыць простыя тэхналагічна ўстаноўкі выбухаюць, прымушае задумацца: а што ж тады будзе з атамнай станцыяй?

- Як вы ацэньваеце пазіцыю афіцыйных асоб, устаноў і дзяржаўных СМІ ў дачыненні да трагедыі?

- Нічога новага: гэта звычайныя паводзіны дыктатарскіх СМІ і чыноўнікаў падчас трагедый. Мы гэта праходзілі падчас Чарнобыльскай катастрофы.

Магчыма, Гасподзь дае нам знакі: праз фільм «Чарнобыль», які нагадаў пра тую страшную трагедыю, калі, магчыма, уся Еўропа знаходзілася на мяжы калі не знішчэння, то масаванага заражэння. І цяпер - праз гэты катастрафічны салют.

Гэта можа быць знакам: не павінна быць атамнай станцыі ў Астраўцы, не павінна яна быць запушчаная і не павінна быць рэжыму Лукашэнкі, бо дыктатуры заўсёды нясуць пагрозу не толькі ўласнаму народу, але і суседзям, і, магчыма, цэлай планеце.

- Якія яшчэ высновы можна зрабіць з трагедыі 3 ліпеня ў Менску?

- Гэта не шараговая падзея падштурхоўвае да глабальных роздумаў. Што такое дыктатура ў 21-м стагоддзі? Што такое апошняя дыктатура ў Еўропе, якую стварыў рэжым Лукашэнкі?

Адной з маніпуляцый, якія рэжым выкарыстаў у першыя гады, быў лозунг «абы не было вайны».

І для беларусаў, якія пацярпелі і генетычна памятаюць многія войны (а асабліва -Першую і Другую сусветныя, пракаціліся катком па нашай тэрыторыі), гэта быў лозунг, які апраўдваў «бязглуздыя» дзеянні Лукашэнкі.

Але давайце паглядзім у сувязі з парадам 3 ліпеня: у нас няма вайны шмат гадоў, з 1945 года. За апошнія 25 гадоў, дзякуючы таму, што Беларусь стала незалежнай і дзякуючы таму, што апазіцыя заўсёды змагалася за тое, каб беларускія жаўнеры не ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях за мяжой, нам удалося пазбегнуць ваенных страт.

Але паглядзіце: смерць і параненыя на парадзе 3 ліпеня (прычым, іх магло быць значна больш - гэта проста цуд, што іх так мала, бо, мяркуючы з разлёту аскепкаў і карціны выбуху частак аўтамабіляў, маглі быць дзясяткі загінулых і параненых – і ў гэтым выпадку нам проста пашанцавала).

Давайце ўзгадаем загінулых ад выбуху ў метро, выбух 3 ліпеня 2008 (паводле маёй інфармацыі там таксама былі загінулыя ў лякарнях – і гэта было ўтоена), давайце ўзгадаем трагедыю на Нямізе, давайце ўзгадаем забітых палітыкаў і журналістаў…

Давайце ўзгадаем гэтую недарэчную ідэю вырабляць у чарнобыльскіх раёнах з высокім радыеактыўным забруджваннем прадукты, змешваць іх з нібыта «чыстымі» і прадаваць людзям. Пры дыктатуры мы не ведаем, што напраўду адбываецца. Калісьці нават Гарбачоў абяцаў, што ў Беларусі ўсе грамадзяне будуць мець дазіметр - і дзе гэтыя дазіметры? Хто правярае гэтую прадукцыю? Колькі людзей памерла ад радыяцыі? Гэтую інфармацыю ўлады старанна ўтойваюць. Узгадаем трагічны лёс прафесара Бандажэўскага, які спрабаваў распавядаць праўду аб радыяцыйнай небяспецы.

Мы маем справу з «бязладдзем» у нашай медыцыне, калі лекары ператвораныя ў коміваяжораў, бо паводле інструкцый яны не маюць права ўжываць не беларускія лекі для вызначэння і лячэння анкалагічных і іншых захворванняў. І ад гэтага таксама памерлі тысячы і тысячы людзей.

У Беларусі адбываецца генацыд людзей пенсійнага ўзросту: выжыць на беларускую пенсію вельмі няпроста, да таго ж дзясяткі тысяч людзей старэйшага ўзросту не маюць нават такога мінімуму праз ідыёцкую «пенсійную рэформу».

Беларусь з'яўляецца сёння сусветным лідарам (еўрапейскім - так дакладна) у алкагалізме і колькасці самагубстваў. Узгадаем, што Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, у якой ужываецца смяротнае пакаранне. А гэта – сотні расстраляных паводле крымінальных артыкулаў за час праўлення Лукашэнкі.

Я думаю, што напраўду ў Беларусі сёння пражывае менш за 8 мільёнаў чалавек. Пра гэта сведчаць звесткі з той жа рабочай сілай, якая на лічбу 1,3-1,4 мільёна не адпавядае колькасці тых, якія працуюць, якія павінны быць у краіне. Іх проста няма. А на момант прыходу саўгаснага правадыра да ўлады ў краіне жыло блізу 10,5 мільёнаў.

Стрэс ад дыктатуры, некампетэнтнае кіраванне, няўпэўненасць, кантрактная сістэма, велізарная колькасць міліцыянтаў на душу насельніцтва - і вось вынік: Лукашэнка без вайны знішчыў за час свайго кіравання да 25% усяго насельніцтва Беларусі.

Кагосьці забілі, хтосьці памёр, хтосьці не нарадзіўся, хтосьці з'ехаў і ніколі не вернецца…

І салют 3 ліпеня - гэта апошняя кропля. Таму што кожны дзень знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе - гэта новыя смерці і новыя трагедыі.

Усё гэта прымушае вельмі сур'ёзна задумацца, колькі мы яшчэ будзем дазваляць гэтаму пасланцу чорных сіл, ягоным сваякам, ягоным памагатым і далей ажыццяўляць знішчэнне беларускага народа. Колькі яшчэ будзе прадаўжацца гэтая вайна без вайны?

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках