16 лiпеня 2019, aўторак, 16:09
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Генпракурор пракаментаваў справу суўладальніка завода АКБ у Берасці

9

З будаўніцтвам звязана адразу некалькі крымінальных справаў.

Генеральная пракуратура Беларусі будзе праводзіць расследаванне шэрагу крымінальных справаў у сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага завода ў Берасці, заявіў журналістам у чацвер кіраўнік установы Аляксандр Канюк, піша tut.by.

«У цяперашні час вельмі актыўна ідзе расследаванне гэтых крымінальных справаў, праводзяцца аператыўныя мерапрыемствы», – сказаў генпракурор.

Паводле ягоных словаў, частку крымінальных справаў будзе расследаваць генеральная пракуратура.

Што ўвогуле адбываецца?

Акумулятарны завод будуе на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» ТАА «АйПаўэр». Жыхары Берасця і некалькіх вёсак Берасцейскага раёна мяркуюць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. З 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, якія гутараць і абменьваюцца апошнімі навінамі пра будаўніцтва прадпрыемства.

29 красавіка 2018 года на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў санкцыянаваны ўладамі мітынг «Берасцейкі супраць свінцу», на які сабраліся блізу дзвюх тысячаў чалавек. З тых часоў неаднаразовыя спробы праціўнікаў будаўніцтва завода атрымаць дазвол на правядзенне мітынгу поспеху не мелі: гарадскія ўлады з розных падставаў не давалі дабро.

Раней старшыня Берасцейскага аблвыканкама Анатоль Ліс заявіў, што калі будуць выяўляцца парушэнні экалагічнага і прыродаахоўнага заканадаўства, акумулятарны завод пад Берасцем працаваць не будзе.

Гісторыі пратэстоўцаў супраць будаўніцтва заводу і хронікі самога пратэсту можна прачытаць тут.

14 чэрвеня Берасцейскі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне губернатара Ліса пра прыпыненне будаўніцтва акумулятарнага завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў». 17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол заводу на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

2 ліпеня стала вядома, што Генпракуратура на даручэнне прэзідэнта праводзіць праверку сітуацыі з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю акумулятарнага завода ў Берасці. У вытворчасць прынятыя крымінальныя справы, распачатыя Камітэтам дзяржаўнай бяспекі паводле арт. 430 (Атрыманне хабару) і 431 (Даванне хабару) Крымінальнага кодэкса Беларусі ў дачыненні да кіраўніка ТАА «ПАК-кіраванне» Віктара Лемяшэўскага, галоўнай бухгалтаркі ТАА «Белінвестгандаль-Сплаў» Святланы Лемяшэўскай, былога дырэктара ТАА «Белінвестгандаль-Сплаў» Сяргея Ахрэмчука, намесніка дырэктара ТАА «Белінвестгандаль-Сплаў» Івана Пакіслюка. 1 ліпеня іх узялі пад варту. Акрамя таго, у ходзе следства будзе дадзеная прававая ацэнка дзеянням і іншых службовых асобаў, у тым ліку прадстаўнікоў дзяржаўных органаў.