16 лiпеня 2019, aўторак, 16:11
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Як егіпецкая бульба перастала быць экзотыкай у Беларусі

7

Ці гатовы беларускі АПК да ўзмацнення канкурэнцыі на сусветным рынку харчавання?

У найбліжэйшае дзесяцігоддзе сусветны попыт на сельгаспрадукцыю вырасце на 15%. Але нягледзячы на гэта канкурэнцыя паміж вытворцамі ўзмоцніцца з прычыны яшчэ больш значнага росту вытворчасці, піша «Штодзённік».

Найбліжэйшыя 10 гадоў могуць стаць вельмі няпростымі для беларускага АПК, арыентаванага на экспарт. Калі Расея зноў адкрые свой рынак для сусветных сельгасвытворцаў, то беларускія аграрыі могуць проста не вытрымаць узмацнення канкурэнцыі.

Паводле прагнозаў FАО, нягледзячы на чаканы рост попыту 15%, сельскагаспадарчая вытворчасць будзе расці трохі хутчэй. Гэта прывядзе да таго, што кошты застануцца прыблізна на цяперашнім узроўні ці нават знізяцца. Пры гэтым FАО акцэнтуе ўвагу на той акалічнасці, што рост вытворчасці і павышэнне ўраджайнасці адбудуцца нават у тым выпадку, калі плошча ўрабляных земляў застанецца нязменнай. Рост адбудзецца за кошт інтэнсіфікацыя вытворчасці і тэхналагічных інавацый. Усё апісанае вышэй прывядзе да сур'ёзнага ўзмацнення канкурэнцыі паміж вытворцамі.

Небяспечным сігналам для беларускіх аграрыяў можа служыць і тая акалічнасць, што прагназуецца сур'ёзнае зніжэнне росту сельскагаспадарчага таваразвароту – з цяперашніх 3,3% да 1,3%. Гэта адбудзецца за кошт сур'ёзнага паніжэння попыту на імпарт. Прасцей кажучы, асноўныя спажыўцы будуць спрабаваць больш вырабляць самі, і ўсімі спосабамі зніжаць імпарт. У прынцыпе, гэтыя дзеянні мы ўжо адчуваем з боку Расеі, нягледзячы на агульны быццам бы адкрыты рынак. І гэта не пытанне ўзаемаадносін дзвюх краінаў, а глабальная тэндэнцыя. Асабліва сумна для беларусаў, што разам са зніжэннем попыту на імпарт адбудзецца рост экспартных прапановаў. Чакаецца, што ў найбліжэйшыя 10 гадоў свае продажы на сусветных рынках сур'ёзна павялічаць Лацінская Амерыка і Еўропа.

Беларусі сюды ўціснуцца будзе вельмі няпроста. У нашай краіне ёсць перадавыя гаспадаркі з інтэнсіўнай вытворчасцю, але такіх вельмі мала. Асноўная ж маса гаспадарак проста не вытрымае ўзмацнення сусветнай канкурэнцыі. Куды ўжо ім да сусветных рынкаў, свае б утрымаць. Бо ўжо сёння ў Беларусі не толькі польскія, але італьянскія і галандскія яблыкі таннейшыя за нашы. А егіпецкая бульба ўжо перастала быць у нас экзотыкай.

«Прагноз цалкам выразна паказвае, што гандаль мае вызначальную ролю для глабальнай харчовай бяспекі, – сказаў дырэктар АЭСР у гандлі і сельскай гаспадарцы Кен Эш, прадстаўляючы даклад FАО.

Паводле прагнозаў экспертаў, шмат у чым сітуацыя на сусветных рынках харчавання будзе залежаць ад таго, наколькі ўрады розных краінаў будуць гатовыя падтрымліваць адкрытыя, празрыстыя і прадказальныя аграхарчовыя рынкі.