20 лiпеня 2019, Субота, 4:57
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Змагары з акумулятарным заводам - чыноўніку: Ці можаце сказаць, што ваша сумленне чыстае?

4

Грамадскасць Берасцейскага рэгіёну адправіла адкрыты ліст што да трэцяга заключэння экалагічнай экспэртызы завода АКБ.

Грамадскасць Берасцейскага рэгіёну, занепакоеная будаўніцтвам побач з горадам акумулятарнага завода «АйПаўэр», адправіла адкрыты ліст намесніку дырэктара дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы і павышэння кваліфікацыі Мінпрыроды Яўгену Рачэўскаму. Пра гэта распавёў «Брестской Газете» 12 ліпеня актывіст Дзмітрый Бекалюк, які падпісаў зварот ад імя грамадскасці.

Праз тыдзень, 19 ліпеня, Рачэўскі павінен падпісаць трэцяе заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы што да акумулятарнага завода «АйПаўэр.

- Ад таго, якім яно будзе - станоўчым або адмоўным, залежыць у гэтай дзяржаве вельмі многае, і ў першую чаргу вера грамадзян у прафесіяналізм, непадкупнасць дзяржаўных чыноўнікаў самага высокага рангу, вера ў законы гэтай дзяржавы, - з такіх слоў пачынаецца адкрыты ліст.

Ад вас залежыць, як развяжацца гэтае складанае і вострае пытанне, якое прымусіла ўсю краіну зразумець, што экалогія - гэта не лозунг, гэта наша штодзённае жыццё, гэта сапраўды здароўе нашага дома тут і цяпер.

Больш рэзкага, хоць і выкліканага рэзананснымі падзеямі, зруху ў псіхалогіі тысяч людзей у імкненні да абароны навакольнага асяроддзя і разумення сябе як часткі гэта навакольнага асяроддзя, у гісторыі дзяржавы даўно не было.

На жаль, такія падзеі, як Чарнобыль, заўсёды адмоўна ўплываюць на навакольнае асяроддзе і прымушаюць насельніцтва ўсвядоміць, што цывілізацыя, вытворчасць, інвестыцыі, прыбыткі - гэта заўсёды знішчэнне свету, у якім мы жывем. Мы павінны абараніць хаця б тое, што сёння з намі.

Мы звяртаемся да вас не як да чыноўніка, а як да эколага. Бо эколаг - гэта ў першую чаргу той, хто ахоўвае той цудоўны зялёны і жывы свет вакол нас.

Так, тысячы грамадзян у розных рэгіёнах выйшлі на абарону сваіх дамоў, здароўя сваіх дзяцей, права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Так, людзі выйшлі на плошчы, не пабаяліся пераследу і гатовыя ісці на канфрантацыю з уладай і далей.

Але ёсць у гэтым пытанні яшчэ адзін вялізны, маўклівы, безабаронны перад агрэсіўнымі паводзінамі чалавека складнік нашага свету - уласна тая прырода, якую вы, як эколаг, павінны абараняць.

Вы цудоўна бачыце ўсе праблемы і праекта завода, і праблемы яго эксплуатацыі, і недастатковасць яго бяспекі ва ўсіх пытаннях. Вы бачыце ўсю страшную праблему атручвання навакольнага асяроддзя свінцом. Не можаце не бачыць - вы прафесіянал. Вы разумееце, што завод зменіць усё навакольнае асяроддзе ў гэтым рэгіёне ў адмоўны бок, атручваючы ўсё і ўсіх усяго праз пару гадоў.

Вы спрабуеце развязаць пытанне выключна з пункту гледжання дзейных законаў. Але вы самі цудоўна разумееце, што гэтыя законы вельмі слабыя, недасканалыя, адарваныя ад рэчаіснасці. Яны не могуць развязаць усе раптам ўзніклыя праблемы. Але ў асяроддзі фармулёвак гэтых законаў так камфортна ні за што не адказваць самому асабіста.

Так, зрабіўшы ўсё паводле закона, вы як службовая асоба скажаце потым усім, калі вылезуць усе праблемы атручвання рэгіёну, - гэта не я, гэта закон. А атручэнне рэгіёну будзе, і ніхто ў гэтым не сумняваецца пры такім узроўні свінцовай вытворчасці. Але як эколаг, асабіста сабе вы зможаце сказаць тады, што ваша экалагічнае сумленне чыстае?

Нагадаем, будаўніцтва акумулятарнага завода на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст» пачалося ў канцы 2017 года. Яго запуск першапачаткова планаваўся ў жніўні 2018 года, потым у канцы 2018 года. У 2019 годзе тэрміны таксама не раз падаўжаліся.

Адначасова з будоўляй у Берасцейскім рэгіёне пачалася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ гэтага прадпрыемства. Цягам усяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час заяўляюць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода запэўнівалі, што парушэнняў няма, да нядаўніх часоў пра гэта казалі і чыноўнікі.

14 чэрвеня старшыня Берасцейскага аблвыканкама Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва акумулятарнага завода да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Пачынаючы з 4 сакавіка мінулага года, кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць завода. За гэта многіх з іх не раз затрымлівалі і штрафавалі.

Актывісты заяўляюць, што будуць выходзіць на плошчу і несці кругласутачнае дзяжурства каля завода, з фота- і відэафіксацыяй датуль, пакуль прадпрыемства не будзе закрытае.