17 лiстапада 2019, Нядзеля, 6:43
Дзень другі
Рубрыкі

Дзяржаўны дэпартамент ЗША папярэдзіў інвестараў аб «падводных камянях» для бізнэсу ў Беларусі

10
Дзяржаўны дэпартамент ЗША папярэдзіў інвестараў аб «падводных камянях» для бізнэсу ў Беларусі

У дакладзе распавядаецца пра пераслед замежных інвестараў і несвабодных судах.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША апублікаваў агляд інвестыцыйнага клімату ў Беларусі, паведамляе "Еўрарадыё".

У ім пералічваюцца шматлікія "падводныя камяні", з якімі могуць сутыкнуцца інвестары.

Інвестыцыі ў дзяржсектар

Складальнікі даклада адзначаюць, што, нягледзячы на сваю афіцыйную адкрытасць для замежных інвестыцый, Беларусь не прыватызавала большасць дзяржпрадпрыемстваў. "Інвестыцыі ў сектары, у якіх дамінуюць дзяржпрадпрыемствы, знаходзяцца пад пагрозай з боку рэгулюючых органаў, — адзначаюць аўтары агляду. — Мяркуецца, што інвестары, ці беларускія, ці замежныя, карыстаюцца роўным прававым рэжымам і маюць аднолькавыя правы на вядзенне дзелавых аперацый або адкрыццё новага бізнесу ў Беларусі. Тым не менш, паводле шматлікіх крыніц у мясцовых дзелавых колах і незалежных сродках масавай інфармацыі, прымяненне існуючых законаў і няпісанай практыкі можа прывесці да дыскрымінацыі прыватнага сектара, уключаючы замежных інвестараў, незалежна ад краіны іх паходжання".

Няроўнасць у эканоміцы

Аўтары агляду адзначаюць, што дзяржаўныя прадпрыемствы, якія забяспечваюць да 75 % ВУП Беларусі, атрымліваюць ільготны доступ да дзяржкантрактаў (складана сказаць, што маецца на ўвазе) і субсідыі, а таксама карыстаюцца спісаннем даўгоў. Пры гэтым на прыватных прадпрыемствах і на іх дзяржаўных канкурэнтах, як правіла, ляжыць аднолькавы падатковы цяжар. "Прыватныя прадпрыемствы не маюць такога ж прэферэнцыйнага доступу да зямлі і сыравіны", — заўважаюць аўтары агляду.

Судовая сістэма

Некалькі разоў аўтары агляду вяртаюцца да ацэнкі беларускай судовай сістэмы. Яны ставяць пад сумненне яе незалежнасць і "здольнасць разглядаць справы аб'ектыўна, а не на карысць уплывовага цэнтральнага ўрада". А крыху далей заўважаюць, што "судовая сістэма краіны не з'яўляецца незалежнай ад выканаўчай улады і не з'яўляецца празрыстай", а "адсутнасць незалежнай судовай сістэмы азначае, што ў інвестараў мала магчымасцяў для вырашэння праблем карупцыі".

І яшчэ раз: "Паводле даклада Freedom House за 2018 год, органы выканаўчай улады могуць наўпрост уплываць на рашэнні судоў, калі закранаюцца палітычныя ці эканамічныя інтарэсы, і такі ўплыў прымае форму прамых указанняў службовых асоб".

Недавер да прадпрымальнікаў

Нягледзячы на тое, што ўрадавыя арганізацыі заахвочваюць прамыя замежныя інвестыцыі палітыка як урада, так і мясцовых органаў улады часта адлюстроўвае старамодны недавер да прыватнага прадпрымальніцтва, лічаць аўтары агляду: "У Беларусі захоўваюцца элементы каманднай эканомікі ў савецкім стылі. Прэзідэнт і яго адміністрацыя папярэдне правяраюць і ўхваляюць усе значныя (шматмільённыя) замежныя інвестыцыі".

Палітычнае асяроддзе

Паводле ацэнак амбасады ЗША, верагоднасць шырокамаштабнага гвалту па палітычных матывах, які негатыўна адаб'ецца на інтарэсах замежнай уласнасці, невялікая.

Карупцыя

У 2019 годзе Група дзяржаў Савета Еўропы супраць карупцыі (GRECO) публічна заявіла, што Беларусь не адпавядае іх антыкарупцыйным стандартам. Аўтары агляду адзначаюць, што гэта была першая падобная заява ў гісторыі. "Па даных Савета Еўропы, Беларусь не выканала 20 з 24 рэкамендацый, вынесеных у 2012 годзе; не санкцыянавала публікацыю справаздачы за 2012 год ці адпаведных справаздач аб адпаведнасці; з 2017 года не адказвала на запыты GRECO аб арганізацыі місіі высокага ўзроўню ў Беларусь", — пішуць аўтары агляду.

Рэкамендацыі GRECO датычыліся ўмацавання незалежнасці судовых органаў і пракуратуры, а таксама павышэння аўтаноміі праваахоўных органаў і абмежавання "імунітэту" пэўных катэгорый асоб. На думку аўтараў агляду, адмова Беларусі ад супрацоўніцтва з еўрапейскімі антыкарупцыйнымі органамі азначае, што карупцыя расце ва ўрадавай іерархіі і ў сістэме дзяржзакупак.