19 сакавiка 2024, aўторак, 10:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Дырэктар саўгаса «Гарадзец» дагэтуль не можа прыкінуцца інтэлігентам

55
Станіслаў Шушкевіч: Дырэктар саўгаса «Гарадзец» дагэтуль не можа прыкінуцца інтэлігентам
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Калі б у нас былі сумленныя выбары, Лукашэнкі даўно не было б.

Чвэрць стагоддзя краінай кіруе адзін чалавек. Які шлях яна прайшла, чаго дасягнула і што страціла? «БелГазета» разам з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам згадвае самыя вострыя моманты ў найноўшай гісторыі краіны і падводзіць вынікі 25-гадовага кіравання Лукашэнкі.

– Чаму дырэктар саўгаса «Гарадзец» увогуле пайшоў у палітыку? Тады вяскоўцам не было калі займацца такой лухтой – штодня трэба было выжываць...

– У той час модна было ісці ў палітыку – з дапамогай дэпутацкага статусу шмат што можна было змяніць. А ўвогуле, туды ідуць з дзвюх прычынаў: па грошы і па нерухомасць. Хоць быў час, калі здавалася, што людзі ідуць у палітыку, каб змяніць сітуацыю, парадкі, якія існавалі ў Савецкім Саюзе.

Ведаеце, а я ж таксама стаў ахвярай жарту сваіх сяброў, якія вылучылі мяне кандыдатам у народныя дэпутаты СССР: сёння я паабяцаў не здымаць сваю кандыдатуру, а назаўтра ва ўніверсітэце таемным галасаваннем большасцю абралі мяне кандыдатам у дэпутаты. У мяне было шэсць канкурэнтаў: пяць прыстойных, адзін – чысты нягоднік. Але я пазнаёміўся з вельмі добрымі людзьмі і зразумеў, што можна зрабіць сёе-тое карыснае. Намі кіравалі парывы перадаць уладу ў годныя рукі, жыць паводле закону.

Думаю, падобная сітуацыя адбылася і з Лукашэнкам. Таму нічога дзіўнага няма, што дырэктар саўгаса падаўся ў палітыку. Дарэчы, ён быў не самым лепшым кіраўніком, і ягоныя калегі, і партыйныя таварышы казалі, што ён не ладзіў з людзьмі.

«ЛУКАШЭНКА ПЕРАГУЛЯЎ СВАЙГО СТВАРАЛЬНІКА»

– Вы маглі выказаць здагадку ў 1994 г., што з масы аўтарытэтных кандыдатаў пераможа малавядомы дырэктар саўгаса?

– Праходзіла вельмі своеасаблівая гульня, уласцівая людзям у каляўладных колах, якія займаліся інтрыгамі. Я вельмі высока цаніў прэм'ера Кебіча, які здаваўся мне адукаваным спраўным чалавекам, я яму давяраў больш, чым іншым. І ён, як мне здавалася, давяраў мне. Калі мы ўдвух балатаваліся на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета, я набіраў на 40 галасоў больш, чым Кебіч, але нам абодвум не хапала большасці галасоў. І тады ён зняўся на маю карысць. Таму я меркаваў, што Кебіч вельмі годны чалавек і быў з ім адкрыты.

А апынулася, што ён вельмі хацеў стаць прэзідэнтам і бачыў ува мне галоўнага канкурэнта. Сваімі рукамі дзейнічаць супраць мяне ён не мог, але падкідваў усялякую дробязь для Лукашэнкі, а той распараджаўся «кампраматам» як мог. Як казаў расейскі акадэмік Ліхачоў, можна прыкінуцца кім заўгодна, але нельга прыкінуцца інтэлігентам. Вось і Лукашэнка да гэтага часу не можа прыкінуцца інтэлігентам – неінтэлігентнае з яго так і прэ, непавага да асяродку, публічныя сваркі на падначаленых – адным словам, калгасныя метады.

Дык вось, Кебіч рукамі Лукашэнкі хацеў прыбраць мяне як канкурэнта. Мяне ён прыбраў, але не заўважыў, як выгадаваў новага. Мяне абвінавацілі ў карупцыі за тое, што ў СКБ Саўміна я паводле нармальных дзяржаўных коштаў заказваў нейкую драбніцу, у тым ліку знакамітую «скрынку цвікоў». У выніку Лукашэнка перагуляў свайго стваральніка, хоць увесь апарат, здавалася б, працаваў на дзейнага прэм'ера Кебіча.

– Атрымліваецца, Лукашэнка – праект Кебіча?

– Не. Гэта вынік не да канца прадуманага праекта Кебіча. Ён разумеў: прыбраўшы мяне, ён атрымліваў да сваіх паслуг увесь дзяржаўны апарат. Але ў камандзе Лукашэнкі апынуліся вельмі добрыя хлопцы, якія яго ўважалі малаадукаваным, лёгка кіраваным: яны – мозг, а ён – валявая сіла, рукі. Тут адбыўся відавочны пралік: і Ганчар, і Лябедзька, і Сініцын, і Булахаў – працавалі на Лукашэнку.

«ІМПІЧМЕНТ МАГЛІ ДАВЕСЦІ ДА КАНЦА»

– Адзін з самых крытычных этапаў у гісторыі незалежнай Беларусі – супрацьстаянне Вярхоўнага Савета і Аляксандра Лукашэнкі восенню 1996 г. Што стала прычынай абвяшчэння імпічменту прэзідэнту і чаму ён не быў даведзены да лагічнага канца?

– Ідэя ўзнікла, і яна магла быць даведзеная да лагічнага канца. Дэпутаты сабралі больш за 70 подпісаў, якіх было дастаткова для імпічменту, але некаторыя вагаліся. Возьмем хоць бы Шэймана: ён ні разу толкам нават не выступіў, хоць медалёў у яго больш, чым у Брэжнева. Шэраг дэпутатаў апынуліся нізкапробнымі людзьмі: калі ўзнікала пагроза з Лукашэнкам, ім было б вельмі дрэнна, гэтая каманда пацярпела б паразу. Таму самых няўпэўненых задобрылі кватэрамі. Скажам проста, не найлепшым чынам паступіў і старшыня Канстытуцыйнага суда Ціхіня, ды і старшыня Вярхоўнага Савета Шарэцкі: ён падаў спіс Ціхіню, які перадаў яго Лукашэнку. Такім чынам самых няўпэўненых вылічылі.

«САЮЗНАЯ ДЗЯРЖАВА – НЕПАТРЭБНАЯ РЭЧ»

– Ці не з таго моманту Лукашэнка пачаў гульню ў Саюзную дзяржаву, спрабуючы дамагчыся шапкі Манамаха?

– Я ніколі не хаваў сваёй схільнасці да Еўропы. І сёння перакананы: мы павінны ісці еўрапейскім шляхам. Сёння на 10 млн жыхароў Беларусі паўмільёна – жабракі, або 5%, у Расеі з 145 млн – 20 млн чалавек, або больш за 10%, жывуць ніжэй за ўзровень беднасці. Дамагчыся справядлівасці ў такой вялікай краіне складана, а мы гістарычна належым да Еўропы. Але пры гэтым я ніколі не быў русафобам. Час ад часу станавіўся крэмлефобам, але русафобам – ніколі. У мяне жонка расейка, між іншым.

А Лукашэнка абвесціў усіх ворагамі Расеі і толькі адзін ён – яе сябар. Увесь цырк з выкопваннем слупа, закапанага ноччу на мяжы з Расеяй, – глупства. Ад «саюзнай дзяржавы» больш складанасцяў – гэта сінекура для гультаёў, дзе нічога не трэба рабіць і ні за што не трэба адказваць. Калі я лячу з Менска ў Сеул, то ў Менску здаў багаж, а ў Сеуле атрымаў, а калі лячу з Сеула ў Менск (праз Маскву), то я павінен у Маскве атрымаць багаж, прайсці размытненне. І такіх глупстваў мора: мне прасцей ляцець праз Стамбул, каб пазбегнуць усялякіх непаразуменняў.

– А хто ўвогуле прыдумаў «саюзную дзяржаву»?

– Магчыма, прыдумаў сам Лукашэнка. «Саюзная дзяржава» – зусім непатрэбная рэч. У нас заключаная дамова пра сяброўства, добрасуседства і супрацоўніцтва з Расеяй – у ейных рамках трэба і развязваць усе пытанні паміж краінамі. Дарэчы, у Белавежскай дамове запісана: калі мы становімся незалежнымі, то межы застаюцца адкрытымі для грамадзянаў і інфармацыі. Апошняе сёння гучыць смешна: якія межы для інфармацыі ў стагоддзе інтэрнэту?

Згодна з Белавежскай дамовай, каардынацыйным цэнтрам СНД абвешчаны Менск. Лукашэнка ж, дагаджаючы Расеі, перадаў у Маскву эканамічны камітэт. А эканамічны камітэт – гэта аснова. Лукашэнка зноў павярнуўся да Масквы, і ўсе нашы заваёвы на карысць незалежнасці пайшлі дарэмна. І цяпер апарат СНД – гэта фактычна сакратарыят для арганізацыі сустрэчаў, апарат тэхнічны, але не сэнсавы.

– Давайце паспрабуем падвесці вынікі 25-гадовага кіравання Лукашэнкі. У што ператварылася Беларусь?

– Калі кіраўнік клапоціцца пра людзей, то ў першую чаргу трэба клапаціцца пра дабрабыт людзей, пра іх заможнасць. Сёння ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі заробкі ў тры з паловай разы вышэйшыя, чым у Беларусі. А стартавалі мы з лепшых пазіцый, і калі б мы дзейнічалі паводле прынцыпу «шокавай тэрапіі» Бальцэровіча, як палякі, то ўжо шмат чаго б дасягнулі. У мяне было жаданне павышаць дабрабыт і заможнасць асноўнай масы насельніцтва, а ў Лукашэнкі жаданне адно – умацоўваць уладу. Улада дае магчымасць блытаць сваю кішэню з дзяржаўнай і іншыя выгоды.

– Дзеля аб'ектыўнасці: што станоўчага Лукашэнка зрабіў для краіны?

– Ён сам адказаў на гэтае пытанне: у нас лепш, чым пасля вайны. Бо Лукашэнка хацеў стварыць «саюзную дзяржаву», каб узначаліць Расею. У Беларусі такі сцэнар мог прайсці дзякуючы інтрызе з Кебічам, але ўявіць Лукашэнку на чале Расеі проста неймаверна.

– Якіх памылак, у адрозненне ад Лукашэнкі, у ролі кіраўніка дзяржавы Вы ніколі не зрабілі б?

– Не павінна быць ніякага кантролю з боку дзяржавы за дзейнасцю ўрада, які можа працаваць толькі паводле закона. Калі вы хочаце палепшыць сітуацыю ў эканоміцы або са свабодай слова, вы павінны ўносіць прапановы ў парламент, які адкарэктуе законы, калі палічыць патрэбным. А ў нас уся жыццядзейнасць рэгулюецца ўказамі прэзідэнта.

– Перад абліччам якіх пагрозаў апынулася Беларусь сёння?

– Пагроза вельмі простая: Пуцін зробіць тут усё, што хоча. Калі ён націсне мацней – іншай пазіцыі, акрамя афіцыйнай здачы незалежнасці, г.зн. інтэграцыі з Расеяй, у Лукашэнкі няма. Краіна ўжо загразла ў пазыках, і мы загінем, калі не зможам іх рэструктураваць.

У беларусаў ёсць адна выдатная якасць – выжывальнасць, якая цяпер, на жаль, ужо набывае адмоўнае значэнне – трываць тое, што трываць няварта. Але расце пісьменная моладзь, ва ўладзе ёсць разумныя людзі, якія запрацівілася доўгім здзекам. Я аптыміст і думаю, што чакаць засталося нядоўга. Калі б у нас былі сумленныя выбары, Лукашэнка даўно не з'яўляўся б прэзідэнтам. І я спадзяюся, што ўсё ж такі мы дажывем да сумленных выбараў.

– Часта даводзіцца чуць: Лукашэнка – вялікі палітык, калі 25 гадоў пратрымаўся ва ўладзе.

– Адкажу словамі Макіявелі: утрыманне ўлады любымі мэтадамі не вартае прыстойнага палітыка.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках