19 красавiка 2024, Пятніца, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску асуджаным да «хатняй хіміі» пачалі прымацоўваць электронныя бранзалеты

8
У Менску асуджаным да «хатняй хіміі» пачалі прымацоўваць электронныя бранзалеты

Бранзалет нельга зняць або перапраграмаваць.

У Менску асуджаным да так званай «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову) пачалі прымацоўваць электронныя бранзалеты. Гэтыя прылады ўдасканальваюць сістэму сачэння за ўсімі рухамі асуджаных і дазваляюць «хімікам» не з’яўляцца асабіста дзеля адзнак у часопісе рэгістрацыі.

Як піша газета «На страже», адпаведны пілотны праект запусцілі ў Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнах сталіцы. Ён будзе прадаўжацца да верасня.

Электронны бранзалет нагадвае смарт-гадзіннік. Ён мацуецца на нагу, фіксуецца адмысловай прыладай і запускаецца. Бранзалет нельга зняць або перапраграмаваць - ён рэагуе на ўсе пашкоджанні, разам з тым не баіцца вады, пылу і высокіх тэмператур.

Разам з бранзалетам асуджанаму выдаюць мабільны тэлефон, па якім інспектар можа звязацца са сваім падапечным, калі спрацуе трывожны сігнал або дзеля звычайнага маніторынгу. У тэлефоне ёсць сканэры, якія распазнаюць твар і голас гаспадара. Яны цалкам выключаюць перадачу прылады іншай асобе. Каб мець магчымасць відэапаведамлення, убудаваная камера. Для сілкавання выкарыстоўваецца партатыўная зарадка.

Калі батарэйка разраджаецца, гэта могуць прыраўняць да ўцёкаў, таму асуджаны павінен сачыць за сілкаваннем бранзалета.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць адысці ад старога спосабу рэгістрацыі асуджаных шляхам адзнак у часопісе - цяпер гэта можна зрабіць пры дапамозе адбітка пальца. Калі чалавек не адзначыўся ў патрэбны час, інспектару пра гэта адразу ж стане вядома.

Дзякуючы спадарожнікавай сувязі, можна сачыць за перамяшчэннем асуджаных круглы дзень, а пасля праглядаць іх на кампутары. Так праваахоўнікі будуць ведаць, ці не парушаў «хімік» забарону на наведванне піцейных або забаўляльных устаноў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках