16 верасня 2019, панядзелак, 12:18
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Беларускаму коміку Усовічу забаранілі ўезд ва Украіну

16
Беларускаму коміку Усовічу забаранілі ўезд ва Украіну
ІВАН УСОВІЧ
ФОТА: COMEDY CLUB

Усовіч у 2016 годзе выступаў у Крыме.

Беларускаму стэндап-коміку Івану Усовічу, які выступаў у Крыме, забаранілі ўезд ва Украіну на тры гады. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Instagram. Пры гэтым комік не ўдакладніў прычыны забароны, паведамляе «Крым.Реалии».

«На вялікі жаль, памежнымі службамі я не быў дапушчаны ва Украіну, так што канцэрты ў Кіеве і ў Адэсе касуюцца. Прыношу свае прабачэнні. Убачымся праз тры гады», - сказаў Усовіч у відэа, апублікаваным у Instagram.

19 ліпеня ў Івана Усовіча быў запланаваны выступ у Кіеве, аднак ён не адбыўся. На сайце concert.ua, які прадаваў квіткі на мерапрыемства, паказана, што канцэрт быў скасаваны.

У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны пакуль не каментавалі забарону на ўезд беларускаму стэндап-коміку.

Усовіч выступаў у верасні 2016 года ў Сімферопалі ў бары TorTuga. Відэа з ім апублікаванае на старонцы ўстановы «Вконтакте».

Таксама адзін з заснавальнікаў праекта «Stand up rec» у Сімферопалі выклаў у Instagram фота разам з Усовічам з геатэгам Ялта, Крым.

Замежныя артысты і іншыя дзеячы культуры парушаюць украінскае заканадаўства, прыязджаючы з гастролямі ў анэксаваны Расеяй Крым праз закрытыя Украінай пункты пропуску. Некаторым артыстам і спевакам, якія прыехалі на гастролі ў Крым або выказаліся ў падтрымку расейскай анэксіі Крыма, забаронена выступаць на мацерыковай Украіне.

Украінскае МЗС апублікавала раней зварот, у якім перасцерагло замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ад незаконных паездак у анэксаваны Крым.