20 красавiка 2024, Субота, 5:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У свеце расце колькасць людзей Х, якія валодаюць незвычайнымі здольнасцямі

6
У свеце расце колькасць людзей Х, якія валодаюць незвычайнымі здольнасцямі

Кожны можа прайсці тэст, каб зразумець, ці ўваходзіць ён у іх лік.

Напружаная інтэлектуальная дзейнасць можа прывесці да зліцця ўспрымання ад некалькіх органаў пачуццяў, мяркуе Генрых Іваніцкі, чалец-карэспандэнт РАН, прафесар, навуковы кіраўнік ІТЭБ РАН. Навукоўцы называюць гэта сінэстэзіяй. Чаму сінестэтыкаў усё больш – у матэрыяле РІА Навіны.

Адзінае ўспрыманне

У 1905 годзе расейскі біяфізік, акадэмік Пётр Лазараў пачаў вывучаць механізмы ўспрымання чалавекам навакольнага свету. Напісаў пра гэта артыкул "Пра ўзаемны ўплыў органаў зроку і слыху", выдаў некалькі кніг.

"Ён паказаў, што сінэстэзія, калі зліваюцца дзве рэцэптарныя сістэмы, – гэта не блеф, а рэальны факт. І інтуіцыйна высунуў пастулат, што такое аб'яднанне магчымае, гэта натуральны фізіялагічны працэс", – апавёў Генрых Іваніцкі на канферэнцыі "Гіпакамп і памяць: норма і паталогія ", якая адбылася ў чэрвені ў Інстытуце тэарэтычнай і эксперыментальнай біяфізікі РАН.

Нягледзячы на вялікія заслугі, у 1937-м акадэміка Лазарава абвінавацілі ў ілжэнавуцы, цкавалі ў прэсе. Аднак даследаванні ў гэтым кірунку прадоўжыліся.

Пачуцці дапамагаюць памяці

У 1968 годзе савецкі нейрапсіхолаг Аляксандр Лурыя апублікаваў брашуру "Маленькая кніжка пра вялікую памяці". Сярод іншага, ён там апісаў фенаменальныя здольнасці рэпарцёра, а пасля прафесійнага мнеманіста Саламона Шарашэўскага.

Маладога чалавека адправіў на прыём да псіхолага ягоны кіраўнік, рэдактар. Высветлілася, што ў памяці Шарашэўскага няма "ясных межаў". Ён паўтараў завучаныя шэрагі словаў праз многія гады.

У яго выявілі надзвычай развітую сінэстэзію – зліццё інфармацыі ад двух органаў пачуццяў. Гукі музыкі, голасу фарбаваліся ў яго свядомасці рознымі колерамі. Усяго Шарашэўскі валодаў некалькімі сінэстэзіямі, дзе камбінаваліся плыні ад пяці органаў пачуццяў.

Назіранні за ім дазволілі Лурыю зрабіць выснову: сінэстэзія спрыяе добраму ўтрыманню інфармацыі ў памяці.

"Для чаго патрэбная сінэстэзія? Яна знішчае нявызначанасць", – мяркуе Генрых Іваніцкі.

Ён прыводзіць вынікі эксперыменту, пастаўленага ў ягонай лабараторыі. З шасці фрагментаў патрабавалася сабраць дзве цэлыя фігуры: квадрат і прастакутнік. Усе спраўляліся з гэтай задачай у лічаныя хвіліны, не заўважаючы, што было шмат варыянтаў зборкі. Афарбоўка фігураў розным колерам шматзначнасць не прыбірала. І толькі дадатак яшчэ адной прыкметы – малюнка змяі – дазваляў рашыць задачу правільна.

На думку прафесара, кожная новая прыкмета палягчае запамінанне. На гэтым заснаваныя мнеманічныя тэхнікі. Гэта тлумачыць таксама, чаму ў сінэстэтыкаў добрая памяць.

Сінэстэзія – малавывучаны, але даказаны феномен успрымання, пры якім раздражненне ў адной сэнсарнай сістэме вядзе да аўтаматычнага водгуку ў іншы. Відаў сінэстэзіі шмат, але саміх сінэстэтаў мала. Пра свае асаблівасці яны часта даведваюцца выпадкова – ці не даведваюцца ўвогуе.

Творчасць і сінэстэзія

У нашы дні сінэстэзія – у цэнтры ўвагі навукоўцаў. Напрыклад, нейрапсіхолаг Вільянур Рамачандран у кнізе "Мозг апавядае. Што робіць нас людзьмі" апісвае ўспрыманне пацыента-сінэстэтыка. Вакол твару кожнага чалавека ён бачыў каляровы арэол. Алкаголь узмацняў адчуванні: колер станавіўся больш інтэнсіўны і распаўсюджваўся па ўсім твары.

У гэтага пацыента дыягнаставалі сіндром Аспергера, асаблівую форму аўтызму, якая ўскладняе зносіны. Ён не мог інтуіцыйна счытваць эмоцыі, яму даводзілася рабіць пра іх высновы, зыходзячы з кантэксту. Пры гэтым у кожнай эмоцыі быў свой колер.

Пра тое, як узнікае сінэстэзія, няма адзінага меркавання. Гэта можа перадавацца ў спадчыну або з’явіцца ў выніку прыстасавання арганізма да зменаў навакольнага асяроддзя.

Паводле адной з гіпотэзаў, сінэстэзія развіваецца, калі дзіця знаёміцца з абстрактнымі паняццямі: літарамі, лічбамі.

"Пасля таго як паліграфія пачала выпускаць каляровыя буквары, лік сінэстэтыкаў павялічыўся. Літара А – кавун. Яе фарбуюць у чырвоны колер. Б – банан, фарбуюць у жоўты. Той, хто генетычна схільны да зліцця рэцэптарных сістэмаў, размалёўвае літары і ў сваёй галаве. паступова гэта становіцца сталай прыкметай. Прычым чалавек робіць гэта падсвядома", – кажа Генрых Іваніцкі.

Нездарма самыя распаўсюджаныя віды сінэстэзіі – графемна-каляровая і лічба-каляровая.

ТЭСТ ДЛЯ ВЫЯЎЛЕННЯ ЛІЧБА-КАЛЯРОВАЙ СІНЭСТЭЗІІ
ІЛЮСТРАЦЫЯ: РІА НАВІНЫ / АЛІНА ПАЛЯНІНА

Тэст для выяўлення лічба-каляровы сінэстэзіі

"Раней сярод людзей налічвалі два адсоткі сінэстэтыкаў, цяпер – дванаццаць. Незразумела, за кошт таго, што ўдасканаліліся метады іх распазнання, ці сапраўды такіх людзей становіцца больш", – разважае прафесар.

У артыкуле, апублікаваным у свежым нумары часопіса "Поспехі фізічных навук", ён выказвае думку пра тое, што інтэлектуальная праца, творчасць спрыяюць росту колькасці сінэстэтыкаў.

Праца мастака, пісьменніка, кампазітара, навукоўца патрабуе асацыятыўнага мыслення, заснаванага на пераборы мноства сувязяў паміж кластарамі нейронаў. Калі сістэма тармажэння ў мозгу недастатковая, можа адбыцца аб'яднанне інфармацыйных плыняў.

"У многіх творчых людзей пры напружанай разумовай працы рэцэптары ўспрымання зліваюцца, што стварае ў віртуальнай мадэлі мозгу яркі свет новых вобразаў", – вынікуе ён.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках