26 красавiка 2024, Пятніца, 23:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі лекар дамогся першай перамогі ў справе супраць АМАПу

29
Беларускі лекар дамогся першай перамогі ў справе супраць АМАПу
ДЗМІТРЫЙ СЕРАДА Ў СУДЗЕ
ФОТА: ПЦ «ВЯСНА»

Суд адправіў справу Дзмітрыя Серады на дадатковую праверку.

Суд Партызанскага раёна г. Менска 23 ліпеня агучыў пастанову паводле скаргі менскага лекара-педыятра Дзмітрыя Серады на пастанову аб адмове СК у распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Скаргу разглядаў суддзя Анатоль Барысёнак. 22 ліпеня ў судзе выслухалі пазіцыю і патрабаванні заяўніка, а таксама азнаёміліся з пісьмовымі матэрыяламі справы, паведамляе spring96.org.

Нагадаем, цягам трох гадоў Дзмітрый Серада атрымаў сем адмоваў у распачынанні крымінальнай справы, апошняя з якіх была вынесеная 20 ліпеня 2018 года следчым А. В. Супічэнкам.

«Выклікае сур'ёзныя сумневы абгрунтаванасць прыцягнення сіл і сродкаў АМАП для затрымання асобы, пры наяўнасці толькі інфармацыі: «Чалавек дзіўных паводзін, добра развіты фізічна, катаецца на ровары, часта ходзіць па леса-паркавай зоне».

Калі такая інфармацыя аб асобе з'яўляецца дастатковай для прыцягнення сіл і сродкаў АМАП для затрымання, то з прыцягненнем АМАП павінна затрымлівацца кожная асоба, якая падазраецца ў злачынстве. Прычым, толькі пры наяўнасці вышэй названай інфармацыі маё затрыманне праводзілася не проста з прыцягненнем АМАП, а з пяццю супрацоўнікамі АМАП, выкарыстаннем спецсродкаў для ўскрыцця замыкальных прылад і альпінісцкага рыштунку», - сярод іншага паказваў у сваёй скарзе Дзмітрый Серада.

Таксама заяўнік адзначыў, што толькі цяпер у яго з'явілася магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі сваёй справы, якая складае амаль 400 старонак, прычым, следчы дазваляў знаёміцца з дакументамі цягам ад адной да чатырох гадзін на дзень без фотафіксацыі або капіявання.

Дзмітрый Серада сказаў, што наважыў звярнуцца са скаргай у суд, бо ўжо «і Генпракуратура плюнула на Следчы камітэт, бо не можа прымусіць следчых працаваць: пішуць прадпісанне ў 15 пунктаў, а следчы праводзіць праверку і адпісваецца, што нічога не атрымалася, немагчыма нічога даведацца ў супрацоўнікаў міліцыі, бо яны ўжо забыліся пра тыя падзеі».

Ён прасіў суд скасаваць пастанову ад 20 ліпеня 2018 года аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы, а матэрыялы накіраваць для арганізацыі правядзення дадатковай праверкі.

Раніцай 23 ліпеня падчас пасяджэння Дзмітрый Серада зачытаў адказ з Заводскага РУУС Менска на заяву сваёй маці аб кампенсацыі маёмаснай шкоды, прычыненай дзеяннямі сілавікоў.

З яго вынікае ,што «паводле выкладзеных фактаў парушэнняў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў дадзеная прававая ацэнка ў рамках распачатай крымінальнай справы, але пастанова аб распачынанні крымінальнай справы скасаваная Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, а шкода, прычыненая грамадзяніну ў выніку незаконных дзеянняў (бяздзейнасці) органаў унутраных спраў (іх супрацоўнікаў), падлягае кампенсацыі выключна ў выпадку прызнання дзеянняў такімі ва ўстаноўленым законам парадку, што ў гэтым выпадку супярэчыць выкладзеным у звароце патрабаванням».

Ні кампенсаваць матэрыяльную шкоду за зламаныя дзверы і выбітыя вокны ў балконных дзвярах у суме 1862,28 рубля, ні маральныя пакуты, ацэненыя маці заяўніка на 100 000 рублёў, ні прасіць прабачэння міліцыянты Заводскага РУУС не збіраюцца. На хадайніцтва Дзмітрыя Серады адказ на заяву далучылі да разгляданай справы.

Пракурор Партызанскага раёна г. Менска Маргарыта Каляда ў сваю чаргу намагае на тым, што праверка паводле заявы Дзмітрыя Серады была праведзеная ў адпаведнасці з патрабаваннем КПК, органы ўнутраных спраў і Следчы камітэт распачалі вычарпальныя захады для даследавання наяўных абставінаў, а пракуратурай не было атрымана дастаткова звстак, якія паказваюць на наяўнасць у дзеяннях супрацоўнікаў АУС прыкмет злачынства.

На гэтай падставе яна не бачыць прычын для касавання пастановы аб адмове СК у распачынанні крымінальнай справы і просіць суд пакінуць скаргу без задавальнення.

Падчас перапынку Дзмітрый Серада заявіў, што ў выпадку, калі суд адмовіць у задавальненні скаргі, ён плануе абскардзіць такую пастанову, а таксама асобна будуць пададзеныя заявы ў суд на кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды ў дачыненні да яго, ягонай жонкі і непаўналетняй дачкі.

Цікава, што оперупаўнаважаны Аляксандр Нушчык, які кіраваў затрыманнем Дзмітрыя Серады, у 2017 годзе быў прызнаны найлепшым аператыўным супрацоўнікам у Менску.

У выніку суд пастанавіў скаргу Дзмітрыя Серады задаволіць, пастанову аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС скасаваць, а матэрыялы адправіць на дадатковую праверку.

Нагадаем, раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шыбы балконных дзвярэй у кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам на падлогу, заламалі рукі за спіну, закавалі ў кайданкі і, працягнуўшы збіваць у спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Менска.

Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч.1 арт.339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, бо ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».

Не аднойчы на скаргі, падрыхтаваныя пры дапамозе праваабаронцаў «Вясны», заяўнік атрымліваў адмовы ў распачынанні крымінальнай справы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў асобамі, якія праводзілі затрыманне.

У пачатку студзеня 2017 года пракуратура ўсё ж распачала крымінальную справу, аднак ніякіх зменаў гэта не прынесла - ніхто з супрацоўнікаў АМАПу так і не быў прыцягнуты да адказнасці.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках