26 красавiка 2024, Пятніца, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем самых нечаканых вынікаў выбараў ва ўкраінскую Раду

15
Сем самых нечаканых вынікаў выбараў ва ўкраінскую Раду
Фота: Reuters

Датэрміновыя парламенцкія выбары прынеслі Украіне нямала нечаканых вынікаў.

«Новое время» сабрала самыя важныя вынікі выбараў, якія не былі відавочна прагназаванымі.

1. Монабольшасць «Слугі народа»

Упершыню ў гісторыі Украіны партыя-пераможца выбараў зможа сфармаваць аднапартыйную большасць.

Абсалютны фаварыт выбарчых сімпатый - «Слуга народа» - паводле папярэдніх звестак, можа разлічваць на 253 уласныя дэпутаты ў Радзе.

Набраўшы 43,17% галасоў у сваю падтрымку, прапрэзідэнцкая палітсіла праводзіць у парламент 124 нардэпаў. Яшчэ 129 вылучэнцаў партыі Уладзіміра Зяленскага перамагаюць у мажарытарных акругах - гэта стала галоўным сюрпрызам выбараў.

Такога поспеху не чакалі, відавочна, нават у самой партыі.

2. Абнаўленне складу парламента - максімальнае за 20 гадоў

Запыт на «новыя асобы» ў Радзе дзявятага склікання будзе рэалізаваны цалкам. У Лабараторыі заканадаўчых ініцыятыў падлічылі, што 80,4% новых народных абраннікаў атрымаюць мандаты ўпершыню.

Гэта рэкорднае абнаўленне для ўкраінскага парламента за апошнія два дзясяткі гадоў - пачынаючы з выбараў 1998 года. Яшчэ больш істотным абнаўленне было толькі ў 1996 годзе, калі ў Раду другога склікання прайшлі 86% «новых асоб».

3. Дзясяткі вядомых топ-палітыкаў - за бортам Рады

Пасля галасавання ў парламент не трапляе цэлы шэраг вядомых палітыкаў, якія цягам многіх гадоў (а некаторыя - і двух апошніх дзесяцігоддзяў) працавалі ў Радзе і фармавалі мэйнстрым украінскай палітыкі.

У новым парламенце не будзе ні Алега Ляшко, ні шмат каго з экс-«рэгіяналаў», якія выявіліся ў правальным спісе Апаблока, ні самых уплывовых людзей з атачэння Пятра Парашэнкі.

4. У парламент прайшла рэкордная колькасць жанчын

У Радзе дзявятага склікання, паводле папярэдніх выніках падліку галасоў, будзе 86 жанчын-дэпутатаў. Гэта блізу 20% - гэта значыць, кожнае пятае крэсла зойме народная выбранніца.

Для незалежнай Украіны гэта рэкорд. У парламенце папярэдняга склікання жанчын было 53 (12,5%), а ў Вярхоўнай Радзе I склікання - усяго 3,5%.

5. Рэкордна нізкі прыход

Цяперашнія датэрміновыя выбары прыпалі на сезон летніх адпачынкаў, і многія экспэрты прагназавалі невысокі прыход.

Аднак актыўнасць выбаршчыкаў выявілася не проста нізкай, а рэкордна нізкай: да выбарчых участкаў дайшлі менш за палову ўкраінцаў, унесеных у спісы (49,8%). Гэта найгоршы паказчык парламенцкіх выбараў у гісторыі незалежнай Украіны. А рэкордна высокі прыход быў зафіксаваны ў 1994 годзе, калі выбіраць новых дэпутатаў прыйшлі 75,6% выбаршчыкаў.

6. Партыя Шарыя атрымала падтрымку ў разы большую за дасведчаных палітыкаў

Адыёзны прарасейскі блогер Анатоль Шарый не змог узяць удзел у выбарах. ЦВК пры падтрымцы Вярхоўнага суда адмовіла прапагандысту ў рэгістрацыі, бо ён не пражываў ва Украіне апошнія пяць гадоў.

Аднак вынік Партыі Шарыя выявіўся галоўным сюрпрызам сярод сіл, якія не прайшлі ў Раду. Палітсіла фінішавала дзясятай і набрала 2,23%. Пры гэтым новаствораная Партыя Шарыя пакінула ззаду значна больш дасведчаныя палітычныя рухі. Сярод іх - аб'яднаны спіс нацыяналістаў (ВА «Свабода» - 2,16%), Грамадзянская пазіцыя экс-міністра абароны Анатоля Грыцэнкі (1,05%), «Самопомич» львоўскага мэра Андрэя Садовага (0,62%) і Рух новых сіл Міхеіла Саакашвілі (0,46%).

Цяпер Партыя Шарыя будзе атрымліваць фінансаванне з дзяржбюджэту - блізу 12 млн грн на год. Згодна з украінскім заканадаўствам, на бюджэтныя сродкі можа разлічваць кожная партыя, якая набрала на выбарах больш за 2% галасоў - нават калі ў Раду яна не праходзіць.

7. У многіх мажарытарных акругах у барацьбе перамаглі кандыдаты-сенсацыі

Барацьба за дэпутацкае крэсла ў мажарытарных акругах прынесла мандаты самым нечаканым кандыдатам.

Нямала такіх прыкладаў ужо сталі прадметам абмеркавання апошніх дзён. Сярод іх - 77-я акруга ў Запарожскай вобласці: тут былы рэгіянал- «цяжкавагавік» Вячаслаў Багуслаеў, шматгадовы гендырэктар «Матор Січы» і дэпутат чатырох скліканняў саступіў 29-гадоваму вясельнаму фатографу Сяргею Штэпу ад «Слугі народа».

У 197-й акрузе ў Каневе (Чаркаская вобласць) перамог тэлевядоўца Аляксандр Скічко. Вылучэнец «Слугі народа» пазбавіў мандата дэпутата Уладзіслава Голуба, выбранага ад БПП.

А 29-гадовы Раман Грышчук, стваральнік і кіраўнік камедыйнага шоў «Мамахахатала», выбіў з гонкі шматгадовага паплечніка Парашэнкі і Юшчанкі Дзмітрыя Андрыеўскага. Грышчук перамог дэпутата ў 222-й акрузе Кіева.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках