19 жнiўня 2019, панядзелак, 7:51
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Няма куды грошы падзець?»

2
«Няма куды грошы падзець?»

У Гародні экскурсаводы абурыліся ідэяй перанесці помнік Ажэшцы.

«Дэпутат» Гарадзенскага гарадскога «савета дэпутатаў» Сяргей Каляда 25 ліпеня расказаў "Гродна Плюс" пра ідэі перанесці помнік Элізе Ажэшцы да дома пісьменніцы. Ён спасылаўся на «меркаванне грамадскасці і экскурсаводаў». Апошнія кажуць, што не маюць ніякага дачынення да гэтай ініцыятывы, і пра іхнюю думку ніхто не пытаўся, піша сайт hrodna.life.

Навошта пераносіць?

У сюжэце "Гродна Плюс" гаворыцца, што з ініцыятывай пераносу помніка выступаюць самі гіды. Самы папулярны пешы тур, даўно засвоены кожным экскурсаводам, акурат праходзіць гэтай вуліцай. Перанос помніка Ажэшцы ў гэтым выпадку - рэвалюцыйная ідэя.

"Лагічна, на тым месцы, дзе стаяў дом Элізы Ажэшкі, стаіць ёй помнік. А далей музэй, і гэта вельмі кампактна, гэта вельмі правільна. А тое, што мы ходзім туды на паваротку… туды і паставіць цяжка, і з пункту гледжання бяспекі не ўсё добра і гэтак далей, і тлумачыць, чым яна тут займаецца… гэты помнік, складана. Увогуле выходзіць, гэта вось такая ідэя грамадскасці, не мая. Я скажу, што гэта сапраўды агульнае меркаванне і маладых, скажам, экскурсаводаў і сталых", - заявіў Сяргей Каляда.

Ён адзначыў, што перанесці помнік можна ў рамках міжнароднага праекта "Шляхам Тызэнгаўза". Ён якраз прадугледжвае ўпарадкаванне экскурсійных маршрутаў.

Можа, не трэба?

Экскурсаводы адзначаюць, што іхняе меркаванні наконт пераносу помніка Ажэшцы ніхто не пытаўся. Ва ўласнай суполцы яны заяўляюць, што абураныя спробай засланіцца імі. Экскурсавод Ігар Лапеха адзначае, што за сродкі ад праекту «Шляхам Тызенгаўза» можна рэалізаваць іншыя ідэі.

"Больш няма куды грошы падзець? Гэтыя сродкі можна выдаткаваць на больш патрэбныя ідэі. Можна зрабіць яшчэ адну паркавую скульптуру і паставіць непадалёк ад дома пісьменніцы. А помнік Ажэшцы чапаць не варта, ён даволі добра дапасаваны да краявіду, і гарадзенцы яго звыклі бачыць на тым месцы".

"І магілу яшчэ перанесці"

Пра перанос помніка выказаўся гісторык Андрэй Вашкевіч. Ён доўга смяяўся, а потым сказаў:

"Прапаную развіць прапанову аб пераносе помніка і перанесці бліжэй да дамка і магілу пісьменніцы з Фарных могілак. Каб усё пра Ажэшку ў Гародні было ў адным месцы".

Спытаюць у гараджан

Гарадскія ўлады пытанне з пераносам помніка плануюць вынесці на абмеркаванне грамадскасці, таксама яго мае зацвердзіць манументальная рада.

Дарэчы, бюст Ажэшкі ўжо пераносілі ў пасляваенныя гады. Да Другой сусветнай ён стаяў у мескім парку, недалёка ад тэатра лялек.