28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што вядома пра «Віцю-волава», якім заняўся КДБ

11
Што вядома пра «Віцю-волава», якім заняўся КДБ

Суўладальніка скандальнага завода ў Берасці ўключалі ў сотню самых паспяховых бізнэсоўцаў Беларусі.

КДБ распачаў крымінальныя справы ў дачыненні да ўладальніка акумулятарнага завода ў Берасці Віктара Лемяшэўскага, а таксама шэрагу іншых асоб. Сярод абвінавачванняў - «даванне хабару». Абвінавачаныя змешчаныя пад варту.

Udf.by расказвае пра цікавыя моманты з біяграфіі Віктара Лемяшэўскага.

Самы багаты пінчук

Ім бізнэсоўца сталі называць апошні час. На пачатку 90-х пасля заканчэння Маскоўскага авіяцыйнага інстытута Віктар Лемяшэўскі заняўся бізнэсам.

«У той час шмат хто стаў займацца нафтай і газам, а мне не пашанцавала, я стаў займацца акумулятарамі», - з гумарам казаў бізнэсовец.

Спачатку Лемяшэўскі проста пастаўляў акумулятары з-за мяжы ў Беларусь і Расею. Але затым справа дайшла і да вытворчасці. Бізнэсовец здолеў наладзіць у Пінску работу супольнага з амэрыканцамі прадпрыемства «Эксайд Тэхноладжыз», стаўшы прадаўцом акумулятараў на заводы Volkswagen ў Расеі. Яму таксама належыць профільнае прадпрыемства ў Белаазёрску. Вянком чыннасці ў гэтым кірунку меўся стаць акумулятарны завод у Берасці.

У апошнія гады Лемяшэўскага ўключалі ў сотню самых паспяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Ён даволі даўно ўваходзіць у Раду развіцця прадпрымальніцтва.

Пры гэтым Лемяшэўскі заставаўся жыць у Пінску, маючы дамы ў мясцовых «Драздах».

Яго выкрылі ў няпраўдзе пасля слоў пра жыллё

Дарэчы, з домам Лемяшэўскага звязаныя два цікавыя факты. Прынамсі, яшчэ некалькі гадоў таму яго суседам быў... кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч, які атрымаў там дзялянку пасля працы ў Пінскай пракуратуры.

Другі факт звязаны з заявай бізнэсоўца ўзору пачатку 2018 года.

«Я з Пінска. Мой дом размешчаны за 500 мэтраў ад коміна завода (акумулятарнага завода ў Пінску). У мяне там растуць дзеці, я там жыву. Няўжо я выглядаю блага?!», - казаў Лемяшэўскі, звяртаючыся да супраціўнікаў будаўніцтва прадпрыемства ў Берасці.

Але на адной з наступных сустрэч з грамадскасцю жыхар вёскі Булькава перадаў прадпрымальніку надрукаваную гугл-карту, згодна з якой ад завода да ягонага дома адлегласць складае не 500 м, а за 1 100.

Удзельнічаў у тэлепраекце ОНТ

У 2017 годзе Лемяшэўскі ў якасці ментара стаў удзельнікам праекту «Мой бізнэс» на ОНТ. Ён набіраў у сваю суполку ініцыятыўных маладых людзей, якім даваў парады аб вядзенні бізнэсу.

Хваліў пры Лукашэнку беларускую інфраструктуру падтрымкі і развіцця прадпрымальніцтва

У канцы 2017 года на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі бізнэс-колаў Віктар Лемяшэўскі выступіў з прамовай. Ён заявіў, што ў Беларусі сфармаваная паўнавартасная інфраструктура падтрымкі і развіцця прадпрымальніцтва, «якая адпавядае найлепшым сусветным практыкам і забяспечвае канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі на сусветным рынку».

Ён таксама расказаў у прысутнасці кіраўніка краіны аб праекце будаўніцтва завода ў Берасці.

Пра тое, што Лемяшэўскі быў блізкі да ўлад, сведчыць і ягоны ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе ў 2010 годзе. Вядома таксама, што ён выступаў у пінскім аматарскім хакейным клубе «Волат».

Скардзіўся на адсутнасць прэзумпцыі невінаватасці

На пачатку гэтага года на пасяджэнні Рады развіцця прадпрымальніцтва пад кіраўніцтвам віцэ-прэм'ера Аляксандра Турчынава бізнэсовец выступаў з зусім іншай інтанацыяй.

«У нас - традыцыйна негатыўнае стаўленне як да спекулянтаў, 488-ы ўказ усё яшчэ дзейнічае (указ аб барацьбе з псэўдапрадпрымальніцкімі структурамі), адсутнасць прэзумпцыі невінаватасці, немагчымасць спагнаць у дасудовым парадку дэбіторскую запазычанасць з дзяржаўных прадпрыемстваў. Падтрымкі з боку дзяржавы не адчуваецца», - заявіў Лемяшэўскі.

З праблемай адсутнасці прэзумпцыі невінаватасці бізнэсовец цяпер сутыкнуўся асабіста.

Бачыў замову ў чыннасці праціўнікаў акумулятарнага завода ў Берасці

На адным з пасяджэнняў Рады развіцця прадпрымальніцтва Лемяшэўскі заявіў:

«Група нідзе не працоўных актывістаў атрымлівае гранты і бамбуе скаргамі ўсе органы дзяржаўнага кіравання: і рэгіянальныя, і абласныя, і Міністэрства прыроды, МНС, Міністэрства аховы здароўя, урад і адміністрацыю Лукашэнкі».

З нагоды шматлікіх праверак спачуванне яму выказаў кіраўнік «Амкадора» Аляксандр Шакуцін.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках