18 лiстапада 2019, панядзелак, 2:51
Дзень другі
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Масквічы больш не хочуць мірыцца з крадзяжом чыноўнікаў

5
Зміцер Бандарэнка: Масквічы больш не хочуць мірыцца з крадзяжом чыноўнікаў
Фота: ТАСС

Беларусы салідарныя з расейскімі барацьбітамі за свабоду.

27 ліпеня ў цэнтры Масквы праходзілі масавыя пратэсты расейскай апазіцыі з патрабаваннем зарэгістраваць незалежных кандыдатаў, якіх не дапусцілі да выбараў у Масгардуму. На вуліцы расейскай сталіцы выйшлі тысячы масквічоў. Улады адказалі жорсткім разгонам і затрыманнямі. Пасля акцыі пратэсту былі затрыманыя 1373 чалавекі. Лідары пратэсту - Аляксей Навальны, Ілля Яшын, Канстанцін Янкаўскас, былі арыштаваныя. Аднак апазіцыя анансавала новыя акцыі пратэсту і збіраецца дамагацца рэгістрацыі кандыдатаў на выбары ў Масгардуму.

Сайт Сharter97.org папрасіў пракаментаваць сітуацыю вакол пратэстаў у Маскве каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнку.

- Ніхто не чакаў, што выбары ў Масгардуму прывядуць да такіх мітынгаў. Атрымліваецца, што дзеянні расейскіх уладаў толькі актывізавалі пратэсты?

- Мне здаецца, гэта звязанае з тым, што расейскія апазіцыянеры зразумелі, што выбары - толькі магчымасць для дзеянняў. У Расеі і раней шматлікіх кандыдатаў не рэгістравалі, але не было моцнай рэакцыі. А тут мы ўбачылі накіраванасць на тое, каб бараніць сваіх кандыдатаў.

Былі добра праведзеныя кампаніі, была камунікацыя з людзьмі. Значная частка масквічоў сёння не глядзіць прапагандысцкія каналы Пуціна, у іх ёсць магчымасць атрымліваць інфармацыю з незалежных крыніц: «Дождя», тэлевізіі Навальнага. Усё гэта прывяло да такога нечаканага для расейскіх і маскоўскіх уладаў выніку.

- Акцыю ў Маскве называюць адной з самых масавых з часоў пратэсту на Балотнай плошчы. Чаму так шмат расейцаў выйшлі на пратэст?

- Гэта звязанае з тым, што Расея знаходзіцца пад санкцыямі праз сваю агрэсіўную палітыку. Грошай становіцца ўсё менш, але расейскія чыноўнікі менш красці не сталі. Нават у Маскве людзі сталі жыць горш і пачалі адчуваць адсутнасць перспектывы. З іншага боку - масквічы жывуць у вялікім мегаполісе, дзе шмат замежнікаў, дзе ўлады не могуць ужываць тыя ж метады, што і ў расейскай глыбінцы. Жыхары Масквы з'яўляюцца часткай глабальнай сусветнай сістэмы і не хочуць быць проста нейкімі прыгоннымі, не жадаюць больш мірыцца з непавагай, хамствам чыноўнікаў, якія крадуць не ў сябе, але дэманструюць з сябе ўладу.

- Не для кога не сакрэт, што разглядаюцца варыянты прадаўжэння ўлады Пуціна пасля 2024 года. Ці можа гэта прывесці да яшчэ большай палітызацыі расейцаў?

- Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна вельмі падобныя. Таму і прычыны незадаволенасці людзей вельмі падобныя: дрэнны ўзровень жыцця, адсутнасць свабоды, нахабства кіраўнікоў. Калісьці камуністы казалі, што камунізм вечны. Калісьці Гітлер распавядаў пра нейкі тысячагадовы рэйх. Але гэтыя рэжымы абрынуліся. Так, цяперашнія дыктатары Расеі ды Беларусі знаходзяцца ва ўладзе больш, чым Брэжнеў, але вынік будзе тым жа самым. Без свабоды і палітычных рэформаў не можа быць нармальнай эканомікі. Асабліва, калі палітыкі імкнуцца да самаізаляцыі і праводзяць такую палітыку. Усё можа адбыцца ў кожны момант. Я перажыў «перабудову», ніхто тады не думаў, што Савецкі Саюз разваліцца, а ўлада камуністаў скончыцца.

Мне здаецца, што цяпер падзеі дынамічна развіваюцца на ўсёй постсавецкай прасторы. Паміж людзьмі ёсць сувязь, у тым ліку - і дзякуючы расейскай мове. Яны бачаць і абмяркоўваюць пратэсты ў Арменіі, пратэсты ў Грузіі, сітуацыю і змену ўлады ва Украіне, Малдове, сітуацыю ў Беларусі, Расеі. Напэўна, у найбліжэйшы год можна чакаць самых нечаканых пераменаў і ў Расеі, і Беларусі.

- Што б вы сказалі расейцам, якія выходзяць на акцыі пратэсту?

- Галоўныя словы цягам многіх стагоддзяў - «За нашу і вашу свабоду!». Мы заўсёды ведалі, што ў Расеі ёсць дэмакраты, якія падтрымліваюць барацьбу беларусаў за сваю свабоду і незалежнасць. Сёння мы захапляемся імі і салідарныя з расейскімі героямі, барацьбітамі за свабоду.

Трымайцеся, людзі, падтрымлівайце адзін аднаго, улады баяцца вашай салідарнасці, улады баяцца нашай салідарнасці. Я асабіста некалькі гадзін глядзеў відэа з акцый пратэсту ў Маскве і проста захапляюся расейцамі, маладымі масквічамі, тымі, што прыехалі ў Маскву на акцыі пратэсту. Людзі хочуць, каб іх паважалі, абараняюць сваю годнасць.

І сёння, як кажа лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, мільёны сочаць за лідарамі пратэстаў у інтэрнэце, але заўтра яны выйдуць на вуліцу, каб абараніць свае правы і дамагчыся змены ўлады праз сумленныя выбары.