Шэф «Пятрова» і «Башырава» наведваў штаб-кватэру WADA
4- 6.07.2019, 20:28
- 12,044
З 2016 да 2018 года Дзяніс Сяргееў пяць разоў бываў у Швайцарыі.
Даследчая група Bellingcat і онлайн-выданне The Insider апублікавалі новыя дэталі перамяшчэнняў Дзяніса Сяргеева, якога ўважаюць за кіраўніка групы афіцэраў вайсковай выведкі, датычных да атручвання былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля ў Вялікабрытаніі. З 2016 да 2018 года ён не менш за пяць разоў наведваў Швайцарыю, гаворыцца ў другой частцы расследавання, апублікаванай у суботу, 6 ліпеня, піша «Нямецкая хваля».
Следчыя называюць найбольш цікавай другую паездку Сяргеева, якая адбылася ў верасні-кастрычніку 2017 года. Ён некалькі разоў прыязджаў у Лазану, дзе наведаў раён са «мноствам дзяржаўных лабараторый», заходзіў у штаб-кватэру Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), а таксама пабываў на лекцыі былога амерыканскага амбасадара ў Швайцарыі і Ліхтэнштэйне Сьюзан Левін.
У лістападзе і снежні таго ж года Сяргееў знаходзіўся ў Швайцарыі адначасова з меркаванымі атрутнікамі Скрыпалёў «Аляксандрам Пятровым» (Аляксандрам Мішкіным) і «Русланам Башыравым» (Анатолем Чапігам). Падчас апошняй паездкі ў студзені 2018 года Сяргееў за два дні 14 разоў стэлефаноўваўся са сваім маскоўскім куратарам, адзначаюць следчыя.
Перамяшчэнні кіраўніка імаверных атрутнікаў Скрыпалёў «паказваюць на яго відавочную цікавасць да штаб-кватэр міжнародных спартыўных арганізацый», падкрэсліваецца ў расследаванні. Аўтары не выключаюць, што расейцы ўжо ў той час рыхтавалі замах на экс-агента, які камунікаваў са спецслужбамі Швайцарыі.
Чатыры эпізоды атручвання «Навічком»
У сакавіку 2018 гадоў у брытанскім Салсбэры былі атручаныя былы двайны агент Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія. Паводле версіі следства, яд - нервова-паралітычнае рэчыва «Навічок» - быў нанесены на дзвярную ручку дома Скрыпаля. Пасля працяглага лячэння Скрыпали пакінулі шпіталь, а іх цяперашняе месца знаходжання трымаецца ў таямніцы.
У чэрвені ў горадзе Эймсбэры былі шпіталізаваны грамадзяне Вялікабрытаніі Чарлі Роўлі і ягоная грамадзянская жонка Дон Сцёрджэс. Пазней было ўстаноўлена, што яны былі атручаныя тым жа рэчывам, што і Скрыпали. Праз некалькі дзён Сцёрджэс памерла. Расейская старана адмаўляе датычнасць да абодвух інцыдэнтаў.
Падазраваныя - меркаваныя супрацоўнікі вайсковай выведкі РФ
Лондан абвінаваціў у злачынстве меркаваных супрацоўнікаў Галоўнай ўправы Генштаба УС Расеі (былога ГРУ), Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова. Следства ўказала, што іх імёны могуць быць выдуманымі. Пазней у справе з'явіўся трэці падазроны - прадстаўнік вайсковай выведкі Расеі, які прыбыў у Вялікабрытанію з пашпартам на імя Сяргея Фядотава.
Даследчая групаBellingcat, The Insider, Conflict Intelligence Team і «Праект» даведаліся падрабязнасці з біяграфіі Башырава, Пятрова і Фядотава і назвалі іх сапраўдныя імёны - Анатоль Чапіга, Аляксандр Мішкін і Дзяніс Сяргееў. Пазней Bellingcat і The Insider паведамілі, што Сяргееў можа быць датычны да спробы атручвання балгарскага бізнэсмэна Эміліяна Гебрава ў 2015 годзе.