26 красавiка 2024, Пятніца, 15:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўная «дзірка» ў гандлі Беларусі - з Расеяй

Галоўная «дзірка» ў гандлі Беларусі - з Расеяй

Улады апублікавалі статыстыку гандлю таварамі ў разрэзе асобных дзяржаў.

Паглядзім, якія кірункі адбіраюць у нашай краіны больш за ўсё грошай. Паводле звестак мытнікаў за 6 месяцаў 2019 года Беларусь экспартавала тавары на 15,592 млрд USD, а імпартавала тавараў на 18,479 млрд USD, пішуць banki24.by.

У выніку ўтварылася адмоўнае сальда замежнага гандлю на 2,887 млрд USD. Статыстыка мытні крыху адрозніваецца ад звестак Белстата. Гэта звязанае з папраўкамі, якія ўносіць статкамітэт, каб падтасаваць зыходныя звесткі да ўласнай метадалогіі.

Аднак агулам лічбам мытнікаў можна давяраць, якасць збору інфармацыі ў іх не кульгае на абедзве нагі. Агульны кошт экспарту ў дачыненні да 2018 года скараціўся на 4,2%, аб'ём імпарту - на 1,4%. Так як экспарт падаў хутчэй за імпарт, у Беларусі заканамерна вырасла «дзірка» ў замежным гандлі: у першай палове 2018 года яна была на 413,6 млн USD меншай, чым цяпер. Галоўным гандлёвым партнёрам Беларусі за 6 месяцаў 2019 года засталася Расея. Доля гэтай краіны ў замежнагандлёвым абарачэнні склала 48,5%.

Другое месца сярод краін ва ўдзельнай вазе тавараабарачэння заняла Украіна (7,8%), трэцяе - Кітай (6,1%), чацвёртае – Вялікая Брытанія (4,1%), пятае - Нямеччына (4%), шостае - Польшча (3 , 8%), сёмае - Літва (2,1%), восьмае - Нідэрланды (1,9%), дзевятае - Бразілія (1,5%) і дзясятае - ЗША (1,4%).

КРЫНІЦА: BANKI24.BY

Такім чынам, топ-10 краін у студзені-чэрвені 2019 годзе забяспечылі 81,2% таварных плыняў. Такім чынам, у нашай краіны захоўваецца значная канцэнтрацыя гандлю. Галоўны віноўнік гэтай канцэнтрацыі - гандаль з Расеяй. З РФ Беларусь гандлюе на 10,8 адсоткаў больш, чым з наступнымі 13 краінамі ў рэйтынгу.

Расея дагэтуль з'яўляецца манапольным пастаўшчыком газу і нафты. Праз гэта ў гандлі з РФ утворыцца каласальны перакос у бок імпарту. У параўнанні з 2018 годам імпарт знізіўся на 884,8 млн USD, але ў асноўным з прычыны патаннення вуглевадародаў.

Аснова беларускага экспарту ва Украіну - нафтапрадукты, выпрацаваныя з расейскай нафты. З прычыны падатковага манеўру і забруджвання «Дружбы» нашы тавары становяцца для ўкраінцаў даражэйшымі, чым аналагічныя расейскія. У сувязі з гэтым экспарт Беларусі ва Украіну асеў на 1,8% да 1,817 млрд USD, тады як імпарт павялічыўся на 17% да 843 млн USD.

Таксама мытнікі рэгіструюць шматмільённы экспарт нафтапрадуктаў у Вялікую Ббрытанію і Нідэрланды. Іншая справа, што люстраная статыстыка гэтых краін не адлюстроўвае аналагічных плыняў з Беларусі. У гэтым выпадку абедзве краіны служаць як порт прыпіскі экспарту па месцы рэгістрацыі ўгодаў, а напраўду тавары ідуць у іншых кірунках.

У ліпені міністр эканомікі Дзмітрый Круты заявіў, што экспарт Белнафтахіма праз сітуацыю з бруднай нафтай знізіўся на 800 млн USD у параўнанні з 2018 годам. Цікавы факт: экспарт у Нідэрланды і Вялікую Брытанію ўпаў на падобную суму - 802,8 млн USD.

Галоўны артыкул экспарту ў Бразілію, Кітай і Індыю - калійныя ўгнаенні. Калі растуць кошты ўгнаенняў, падымаецца і наш экспарт агулам. Экспарт Беларусі ў КНР вырас на 76,3%, у Бразілію - на 19,3%, у Індыю - на 69,3%.

Аснова нашага экспарту ў Нямеччыну - сырая нафта, здабытая на радовішчах у Гомельскай вобласці. Паколькі магістральныя трубаправоды былі заблакаваныя некандыцыйным таварам з Расеі, на час спыніўся і вываз беларускай нафты. Экспарт Беларусі ў Нямеччыну за паўгода ўпаў на 19,8%.

Агулам галоўнымі віноўнікамі скарачэння экспарту ў 2019 годзе сталі 3 краіны – Вялікая Брытанія, Нямеччына і Нідэрланды. Асноўны прырост экспарту адбыўся ў Кітай і Індыю. Імпарт у Беларусь знізіўся за кошт Расеі і Нямеччыны, але паралельна імпартныя плыні выраслі з Украіны, Кітая, Бразіліі і ЗША.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках