26 красавiка 2024, Пятніца, 18:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Габрэйская рэлігійная абшчына выкупіла будынак былой сінагогі ў Берасці

Габрэйская рэлігійная абшчына выкупіла будынак былой сінагогі ў Берасці
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Да 1939 года ў Берасці дзейнічала харальная сінагога, закрытая з прыходам савецкай улады.

У канцы 2018 года старшыня гарвыканкама выказаўся пра магчымае з'яўленне ў Берасці сінагогі. І яна ўсё ж з'явіцца - пакуль, адзіная ў горадзе, паведамляе «Брестская газета».

«Я абяцаю, што ў кантэксце падрыхтоўкі да 1000-годдзя мы будзем прадаўжаць працу для ўвекавечання нашай гісторыі. У тым ліку, габрэйскага сегмента гісторыі нашага горада», - сказаў 18 снежня 2018 года перад урачыстым адкрыццём мемарыяльнай дошкі на будынку кінатэатра «Беларусь» у Берасці старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

«Мажліва, тое, што адбываецца цяпер у Берасці, прывядзе да таго, што сінагога ў нашай абшчыны ўсё ж з'явіцца», - абнадзеіў у той дзень кіраўнік гарадской адміністрацыі.

Надзеі спраўдзіліся. Напярэдадні міленіуму, які горад адзначыць 6-8 верасня, Берасцейская габрэйская рэлігійная абшчына аформіла ўгоду для набыцця будынка, вядомага гараджанам, як клуб «Прагрэс», які ў свой час быў сінагогай «Экдэш».

«У нас з'явіўся дом!», - напісаў на сваёй старонцы ў Facebook выканаўчы дырэктар Берасцейскага габрэйскага дабрачыннага цэнтра «Хэсэд-Давід», краязнаўца Яфім Басін.

«Толькі што правялі малітву Мінха і прымацавалі мезузу, - гаворыцца ў яго паведамленні. - Наперадзе яшчэ шмат працы, але ў нас ёсць свой новы, стары дом!!!».

КЛУБ «ПРАГРЭС», СЁННЯШНІ СТАН

Сінагога «Экдэш» або Малітоўная школа знаходзіцца сёння на вуліцы Савецкіх памежнікаў, дом нумар 52. Пабудаваная яна была ў перыяд з 1884 да 1896 года. Зала ўмяшчала блізу 400 чалавек. Пасля нападу фашысцкай Германіі на Польшчу ў 1939 годзе сінагога служыла сховішчам для бежанцаў з цэнтральных раёнаў Польшчы.

Фота: breststories.com
Фота: breststories.com

Нагадаем, да 1939 года ў Берасці была харальная сінагога, і знаходзілася яна ў будынку сучаснага кінатэатра «Беларусь». Гэта была самая вялікая зала ў горадзе, дзе адзначалі не толькі габрэйскія святы, але і гарадскія. Усяго да вайны ў Берасці было прыблізна 50 сінагог, але гэтая была найбуйнейшай у горадзе і адной з найбуйнейшых у Еўропе.

З прыходам савецкай улады выкарыстанне сінагогі як культавага будынка спынілася. Тут зрабілі кінатэатр, які працаваў да канца 60-х гадоў. Ён быў істотна перабудаваны паводле праекта архітэктара Расціслава Шылая і зноўку адкрыты ў 1976 годзе. Частка сцен сінагогі - цяпер сцены глядзельнай залы. Падмурак быў захаваны цалкам.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках