26 красавiка 2024, Пятніца, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянерка з Жыровічаў адмовілася ад беларускага пашпарта

56
Пенсіянерка з Жыровічаў адмовілася ад беларускага пашпарта

Жанчына не можа дазволіць сабе нармальна харчавацца праз высокі кошт камунальных паслуг.

Жыхарка вёскі Жыровічаў Людзміла Кучаравых расказала карэспандэнту "Газеты Слонімскай" пра тое, што на пенсіі не можа дазволіць сабе нармальна харчавацца праз высокі кошт камунальных паслуг. Акрамя таго, ужо трыццаць гадоў Людзміла не можа развязаць праблему з адводам сцёкавых вод, праз якія ейны дом пачаў асядаць.

Вяскоўка Людзміла Кучаравых пражывае ў вёсцы Жыровічах на вуліцы Моладзевая, 8. Людзміла шматдзетная маці, мае 11 дзяцей, 24 унукі і 4 праўнукі, за спінай 38 гадоў працоўнага стажу.

— У мяне было нялёгкае жыццё, — пачынае свой аповед Людзміла. - Усё жыццё даводзілася шмат працаваць: сёння нараджаю, а заўтра іду на працу. А што я маю на пенсіі? Адны праблемы. Мае дзеці не ведалі, што такое вакацыі, бо ўсё лета ім даводзілася працаваць, каб купіць школьную форму да новага навучальнага года — дзеліцца ўспамінамі пра жыццё жанчына.

Цяпер, знаходзячыся на пенсіі, Людзміла не можа дазволіць купіць сабе сала і вельмі рэдка купляе батон.

- Раней у вёсцы можна было трымаць свойскую жывёлу, цяпер нам гэта забараняюць, а грошай купляць прадукты ў краме няма. Акрамя таго, вось ужо шмат гадоў не развязваецца пытанне з адводам сцёкавых вод, якія падтапляюць наш дом, - распавядае пенсіянерка.

Людзміла распавяла, што яшчэ 30 гадоў таму, калі будавалі новую кацельню, разам з гэтым займаліся адводам сцёкавых вод, рэчышча якіх накіравалі ў бок ейнага дома, але іх, са слоў жанчыны, можна было накіраваць у бок балота, дзе няма жылых дамоў. Жанчыне прапанавалі правесці адвод праз ейны агарод, зрабіць дрэнаж на тэрыторыі пляцу, але такі варыянт яе абсалютна не задавальняе.

— З гэтай прычыны з гары да мяне ў двор разам з вадой прыплываюць пясок і рознае смецце. Некалькі дзесяцігоддзяў я вяду перамовы з уладамі, прашу дапамогі і падтрымкі ў развязанні праблемы, але яны мяне не чуюць, - адзначае жанчына.

Раней каля дома Людзмілы была яма, а яе жыллё ад вады засцерагалі бетонныя блокі, але паводле пастановы ўладаў яму закапалі, блокі прыбралі і паклалі асфальт пад такім нахілам, што сцёкавай вадзе стала яшчэ лягчэй пранікаць у ейны дом.

Праз гэтую праблему дом пачаў асядаць. У некаторых пакоях сыплецца тынк, адклейваюцца шпалеры, з'явілася волкасць. Улады прапануюць жанчыне паставіць каля дома пандус.

- Дзе я вазьму грошы на пандус памерам з рост дарослага чалавека? Пасля чарговага падтаплення я выклікала страхоўшчыкаў у надзеі атрымаць кампенсацыю за шкоду, але мне выдалі сродкаў толькі на два рулоны шпалераў. А дом жа асеўся, рогі патрэскаліся — наракае Людзміла.

Праблема з каналізацыяй

Людзміла расказала, што супрацоўнікі ЖКГ праклалі каля яе дома каналізацыю і вывелі ў яе дажджавыя воды. Цяпер каналізацыя запханая пяском, пілавіннем ды іншым смеццем, якое з струменем вады асядае ў склепе ейнага дома.

- У сярэдзіне траўня ЖКГ даслала для прыбірання вуліцы трактар, які змёў усё смецце да маіх варот, бо гэта непаважлівае стаўленне да людзей, - зазначае вяскоўка. Побач з домам Людзмілы знаходзіцца лазня, тэрыторыю якой жанчына рэгулярна прыбірала сама, а гэта ж не ўваходзіць у ейныя абавязкі.

Са слоў вяскоўкі, сітуацыя змянілася толькі пасля візіту кіраўніка раёна Генадзя Хоміча і ягонага намесніка Уладзіміра Ката, а таксама начальніка ЖКГ Алега Конана, якія даручылі рабочым упарадкаваць гэтую тэрыторыю.

- Мне цікава, чаму пры ўпарадкаванні нашай вёскі ўвага надаецца заўсёды толькі цэнтральнай вуліцы, а на астатнія ўвагу не звяртаюць. Вось і цяпер ідзе ўпарадкаванне ў нашым паселішчы, неўзабаве будзе вялікае свята ў гонар іконы Божай Маці, я ўпэўненая, што грошы выдадзеныя вялікія, дык чаму ж рамонт робяць не ва ўсім селішчы? - задае пытанне жанчына.

Людзміла мае яшчэ адзін дом на вуліцы Падлеснай, але ў ім пакуль ніхто не жыве. На гэтай вуліцы праводзілі ваду, пасля рамонтных работ выкапаныя студні сталі вышэй за зямлю, ды і пляцоўкі не ва ўсіх дамоў зараўнялі.

- Цяпер старшыня сельсавета папракае нас у тым, што мы не косім траву. Мой сын абкошвае траву за мэтар ад дома, а далей, дзе бур'ян, ён касіць не можа праз пакінутае пасля рамонтных работ смецце: бляха, дрот ды іншае, пра што сын ужо зламаў свой трымэр. Мы трактара не маем, каб выраўнаваць гэты пляц — са шкадаваннем кажа спн.Людзміла.

Дзеля бюракратызму і супярэчнасцяў з органамі ўлады жанчына адмовілася ад беларускага пашпарта, які, на ейную думку, абмяжоўвае правы і свабоды грамадзян. Жанчына вярнула пашпарт у пашпартны стол.

- Я абабіла парогі кабінетаў дырэктараў і юрыстаў нашых дзяржаўных структур і арганізацый, спрабавала задаваць ім надзённыя для мяне пытанні. Напрыклад, я хачу ведаць, як у ЖКГ падлічваюцца кубамэтры смецця, якое вывозіцца, як яны могуць ведаць, колькі ў мяне збярэцца смецця? Чаму мы плацім за ўтылізацыю пластыкавых бутэлек? Бо завод вытворца ўжо заплаціў за нас гэтыя грошы. Таксама я была ў электрасетках, дзе прасіла паказаць мне ліцэнзію на прадукт (электрычнасць), які яны прадаюць, але ўсюды мне было адмоўлена, бо я з'яўляюся фізічнай асобай. Выходзіць, што ў Беларусі фізічная асоба не мае правоў, а толькі мае толькі абавязкі.

На старасці гадоў, знаходзячыся на пенсіі, Людзміла, маці, якая выхавала адзінаццаць дзяцей, не можа дазволіць сабе купіць сала і батон. Да яе часта прыязджаюць унукі, якіх бабуля хоча пачаставаць прысмакамі, толькі вось пенсія, на жаль, не дазваляе зрабіць унукам прыемнае.

Людзміла мяркуе, што з'яўляецца неад'емнай часткай прыроды, найвышэйшага касмічнага розуму, складовай часткай светабудовы, волі Творцы. Жанчына адмовілася ад беларускага пашпарта і напісала публічную заяву аб сваіх правах і скасаванні ўсіх пагадненняў, укладзеных ад яе імя.

Каб разабрацца ў пытаннях адводу сцёкавых вод і касьбы травы каля дома Людзмілы Кучаравых, карэспандэнт "ГС" звярнуўся па каментар да старшыні Жыровіцкага сельскага савета Дзмітрыя Нагулі.

- Мы прапанавалі Людзміле пракапаць праз ейны гарод адвод, зрабіць дрэнаж на ейнай дзялянцы, каб вада выходзіла ў ручай, але яна адмаўляецца. На жаль, з прычыны рэльефу мясцовасці іншага варыянту мы не бачым. На вуліцы Падлеснай траву можна лёгка пакасіць трымэрам, і ў гэтым няма ніякіх праблем. Дарога на гэтай вуліцы была роўная, - пракаментаваў сітуацыю старшыня сельсавета.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках