26 красавiка 2024, Пятніца, 15:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пачаўся суд над падлеткам, абвінавачаным у забойстве аднакласніка і настаўніцы

2
Пачаўся суд над падлеткам, абвінавачаным у забойстве аднакласніка і настаўніцы

Рэпартаж са Стоўбцаў.

Сёння, 19 жніўня, пачынаецца суд над 16-гадовым Вадзімам М., якога абвінавачваюць у забойстве двух чалавек і ў замаху на жыццё яшчэ дваіх. Разглядаць справу будзе Менскі абласны суд. Пасяджэнні пройдуць за зачыненымі дзвярыма, піша tut.by.

Пасяджэнне праходзіць у будынку раённага суда ў Стоўбцах. Побач з раніцы дзяжурыць дзясятак журналістаў. Некалькі мясцовых жыхароў пад'язджаюць на ровары, глядзяць, што нічога не адбываецца, і едуць па сваіх справах далей.

На ўваходзе сведак і пацярпелых просяць паказаць пашпарт, прадэманстраваць змесціва торбы.

На вуліцы, дзе стаіць дом Вадзіма М., ціха. Ля варот прыпаркаванае аўто ягонага бацькі Віталя. А 9 гадзіне бацькі яшчэ дома, не на судзе. За брамкай нервова брэша сабака.

- Ніякіх каментароў, - выходзіць на вуліцу бацька і хутка садзіцца ў аўто.

- Хто будзе абараняць Вадзіма?

- На судзе ўсё даведаецеся.

«Тое, што адбылося для ўсіх нас вялікая загадка»

11 лютага страшная трагедыя адбылася ў звычайнай сярэдняй школе ў беларускім горадзе Стоўбцы. Вучань напаў з нажом на настаўніцу і школьнікаў, загінулі педагог Марына Пархімовіч і 11-класнік Аляксандр Раманаў. Двое дзесяцікласнікаў былі параненыя.

Пра тое, што здарылася ў тую раніцу, 11 лютага, казалі паўсюль - у грамадскім транспарце, у крамах, працоўных кабінетах, дома і ў сацсетках. Цяпер яшчэ раз вярнуцца да тых падзей падчас суду давядзецца аднакласнікам абвінавачанага Вадзіма М., яго настаўнікам, ахвярам, іх родным.

- Ён быў добры, і ніхто яго не даводзіў, - мяркуе аднакласніца Вадзіма, якую выклікалі на суд у якасці сведкі.

Усё, што адбылося, кажа дзяўчына, «для нас усіх - вялікая загадка».

- І назаўжды застанецца ёй, - працягвае яна. - Гэта быў ягоны выбар. Цяпер ягнае жыццё цалкам зламанае.

У гутарцы дзяўчына нешматслоўная. Кажа, даваць каментары «нам нельга». Толькі згадвае, што ўвесь час пасля трагедыі вучняў сярэдняй школы № 2 моцна падтрымлівала дырэктар Аксана Лось, цікавілася, як справы, пыталася, хто як сябе адчувае.

- Нават на вакацыях, - кажа дзяўчына.

«Падчас працэсу ўсім вучням будуць прапаноўваць псіхалагічную дапамогу»

Аксана Лось, дырэктарка сярэдняй школы № 2, сёння з самай раніцы на працы. Яна таксама праходзіць сведкай у справе. У суд яе выклікалі ў чацвер. Колькі ён працягнецца, канкрэтных прагнозаў ніхто не дае.

- Але кажуць, што працэс можа быць зацяжным, - распавядае дырэктарка.

Колькі яшчэ настаўнікаў будзе праходзіць у справе сведкамі, Аксана Міхайлаўна не ў курсе: «У нас не прынята даваць справаздачу».

- Ведаю, што сёння на судзе будуць намесніца дырэктара і настаўніца біялогіі: яны прызнаныя пацярпелымі.

Тое, што падчас суду шматлікім вучням школы давядзецца зноў успомніць тое, што спрабавалі забыцца, выклікае ў дырэктаркі і настаўнікаў трывогу. Таму падчас працэсу ўсім вучням будуць прапаноўваць псіхалагічную дапамогу.

- Многія дзеці - ужо выпускнікі. Але яны ведаюць, што ў кожны момант могуць прыйсці да нас па дапамогу. Тыя дзеці, якія перайшлі ў 11-ы клас, таксама будуць працаваць з псіхолагамі. У кожным выпадку мы будзем прапаноўваць сваю дапамогу. Іх права - прыняць яе або адмовіцца, але з нашага боку мы пастараемся дапамагчы ўсім чым толькі магчыма.

Пасля трагедыі ў школе прайшло крыху больш за паўгода. Але кожнае слова Аксане Міхайлаўне дагэтуль даецца з цяжкасцю.

- Няма ніводнага дня, ніводнай секунды, каб жыць без гэтага. Чаму ён выбраў такі шлях паводзін? Ніколі ніхто не мог нават уявіць такое.

«Аб сапраўдных матывах мы пакуль нічога не ведаем»

Першымі на суд прыйшлі сваякі загінулай настаўніцы Марыны Пархімовіч - муж Уладзіслаў, сын Арцём і родная сястра Алена.

Пацярпелым у справе прызналі толькі мужа загінулай. Паколькі суд праходзіць у закрытым рэжыме, толькі ён зможа прысутнічаць на пасяджэннях. Таму сын і сястра падалі хадайніцтва, каб іх таксама прызналі пацярпелымі. Сёння іх хадайніцтва разгледзяць.

- Ад суда не чакаем нічога. Тое, што ён зрабіў, непамерна магчымаму пакаранню, - кажуць сваякі. - Яму дадуць 8 гадоў, і ён выйдзе на волю ў росквіце сіл.

Галоўнае пытанне - чаму адбылося гэтае злачынства - для іх усё яшчэ застаецца без адказу.

- Пра сапраўдныя матывы мы пакуль нічога не ведаем.

Таксама яны не разумеюць, чаму суд праходзіць у закрытым рэжыме.

- Чаму ён закрыты? Наадварот, трэба адкрыць яго, каб усе ведалі, што адбылося. Каб такое больш не паўтарылася.

Праз некалькi хвiлiн падышоў пацярпелы Уладзіслаў Цвірка з мамай. Вонкава хлопец выглядае спакойна, яго мама - таксама.

За 10 хвілін да пачатку суду прыйшлі бацькі нападніка Вадзіма. Бацька спачатку сеў на лаўку па суседстве са сваякамі загінулай настаўніцы. Але пасля разам з жонкай сышоў у іншую частку калідора.

За тры хвіліны да пачатку суда ў залу завялі больш за 10 чалавек. Сярод іх - пацярпелыя настаўнікі, школьнікі, бацькі забітага Сашы Раманава.

Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Нагадаем, 11 лютага абвінавачаны Вадзім М., вучань дзясятага класа сярэдняй школы № 2, прыйшоў на заняткі загадзя, а 7.40. Пакінуў партфель і выйшаў з кабінета. Затым вярнуўся і напаў на настаўніцу гісторыі, якая павінна была весці першы ўрок. За педагога паспрабавалі ўступіцца два аднакласнікі, у выніку яны атрымалі раны. Пасля гэтага абвінавачаны выбег з класа, зайшоў у суседні кабінет, дайшоў да апошняй парты і напаў на вучня 11-га класа. Затрымалі Вадзіма праз дзве гадзіны. У заплечніку ў яго знайшлі малаток, а пры асабістым вобшуку - дымавыя шашкі і петарды. Так храналогію тых падзей апісваў Следчы камітэт.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках