26 красавiка 2024, Пятніца, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнік: «Мадэль» Лукашэнкі — прыдумаць з паветра яшчэ падаткі

27
Прадпрымальнік: «Мадэль» Лукашэнкі — прыдумаць з паветра яшчэ падаткі
АНДРЭЙ МАРКАЎ

Улада ў краіне баіцца канкурэнцыі з боку разумных людзей.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org распавёў прадпрымальнік з Маладзечна Андрэй Маркаў, каментуючы сітуацыю ў Беларусі.

- Лукашэнка неяк сказаў, што пацісне руку апошняму прадпрымальніку. Што (ці хто) больш за ўсё перашкаджае жыць і працаваць беларускаму бізнэсу?

- Самая вялікая праблема для беларускіх прадпрымальнікаў – уся сістэма, створаная для малога і сярэдняга бізнэсу ў краіне. І гэтая праблема мае комплексны характар.

Ёсць комплекс праблем, якія робяць прадпрымальніцтва ў нас досыць складанай і рызыкоўнай сферай. Пачаць, адкрыць ІП-нескладана, гэта займае пару працоўных дзён. Аднак само вядзенне бізнэсу спалучанае з рызыкай таго, што заўтра ў цябе проста нічога не застанецца.

Прычым гэта аднолькава актуальна ў абодвух выпадках: і калі ты нядобрасумленны прадпрымальнік і дрэнна вядзеш дакументацыю - цябе прыціснуць і ў цябе нічога не застанецца. Тое ж самае будзе і калі ты занадта добра вядзеш свае справы: нехта ў вярхах на цябе паглядзіць і скажа: гэта прадпрыемства трэба забраць на карысць дзяржавы.

Гэта было ў нас не аднойчы. Як прыклад магу падаць гісторыю завода пад Койданавам у здабычы і перапрацоўцы друзу. Прадпрымальнік, прыватны інвестар, арганізаваў уласную вытворчасць і ўсё ішло выдатна, але ў адзін цудоўны момант прыйшлі чыноўнікі і сказалі: 50%, кантрольны пакет вашага прадпрыемства, вы перадаяце дзяржаве.

Гэта тычыцца сярэдняга бізнэсу. Калі казаць аб малым, то, акрамя нейкіх прыватных сувязяў, больш за ўсё яму шкодзіць нядобрасумленная канкурэнцыя. Напрыклад, у кагосьці ёсць знаёмы ў падатковай інспекцыі, і той яму скардзіцца, што іншы ІП перайшоў яму дарогу. У выніку цалкам сабе спакойна арганізуецца праверка, падчас якой – абавязкова - знойдуць нейкія хібы і парушэнні. Таму што выконваць усё дасканала з нашым заканадаўствам немагчыма.

І заўсёды, нават калі парушэнне нязначнае і не нясе шкоды - супраць ІП будуць ужытыя штрафныя санкцыі. І справу, хутчэй за ўсё, аддадуць у суд, які, зразумела, пацвердзіць абвінавачванне.

Гэта тычыцца ўсяго малога бізнэсу: у адзін выдатны дзень можа прыйсці праверка — і ў вас ужо нічога не будзе.

Другая важная праблема: крэдытаванне малога бізнэсу. Адсоткі неймаверна высокія. Няма магчымасці адтэрміноўкі плацяжу. Гэта значыць, фінансаванне бізнэсу ў нашай краіне не развітае, а атрымаць субсідыі ад дзяржавы вельмі складана і патрабуе велізарнай колькасці папер.

У выніку людзі, у якіх ёсць вельмі файны стартап, унікальная ідэя, сутыкаюцца з гэтай непрабіўной сцяной і проста згортваюць праект. Тым самым у нас душыцца ініцыятыва - гэта адбываецца ўсе 25 гадоў. Палітыка дзяржавы накіраваная на здушэнне прыватнай ініцыятывы і пасіянарнасці як такой.

- Адкуль у Лукашэнкі і яго “дзяржаўных людзей" такая непрыязнасць да актыўнага, пасіянарнага класа?

- Хутчэй за ўсё, гэта ідзе з той сферы, дзе ён вырас, развіваўся і прабіваўся па кар'ернай лесвіцы. Гэта пераважна камуністычнае і сацыялістычнае асяроддзе, дзе прыватная ініцыятыва ніяк не падтрымлівалася.

Гэта закладзена ў самой ідэалагічнай мадэлі Лукашэнкі: там на першым месцы знаходзяцца калгасы, дзе ўсе роўныя і зачасаныя пад адзін грабянец. Прыватная ініцыятыва ў гэтай сістэме знішчаецца на пні: каб пэўныя асобы не ўзвышаліся над іншымі.

Па-другое, ёсць яшчэ імавернасць таго, што пры з'яўленні разумных, добрых, ініцыятыўных людзей, якія маглі б дасягнуць вялікіх вышынь у развіцці сваёй справы і набыць уплыў, Лукашэнка баіцца, што гэта магло б скласці яму канкурэнцыю.

Але наогул складана сказаць, як напраўду ўсё ідзе. Складана сказаць, што гэтым чалавекам (Лукашэнкам — рэд.) наогул кіруе.

- Ці праўда, што ў Беларусі можна закрыць ці спустошыць кожнага непажаданага для ўлады прадпрымальніка?

- Так, абсалютна так.

- Ёсць прымаўка: дрэнны той жаўнер, што не марыць стаць генералам. Ва ўсім свеце людзі бізнэсу імкнуцца да вяршыняў, а ў Беларусі гісторыі поспеху часцей за ўсё перарастаюць у турэмныя гісторыі. Чаму так адбываецца?

- Хутчэй за ўсё, гэта вынікае з адукацыі, з тога асяроддзя, з якой выйшла наша кіроўная “эліта”. Зноў жа: з іх боязі ўсялякай канкурэнцыі і той мадэлі эканомікі, якой яны пільнуюцца.

Гэта сацыялістычная мадэль з адсутнасцю свабодна-рынкавых дачыненняў. Пра гэта жорстка сігналізуе той факт, што дзель стратных прадпрыемстваў у Беларусі неймаверна высокая. У свабоднай эканоміцы на месцы такіх прадпрыемстваў узнікаюць новыя, якія здольныя даваць людзям заробак і не прасіць грошай з бюджэту.

Нездарма Беларусь за Лукашэнкам празвалі "заказнікам сацыялізму": спрабаваць выйсці на добрыя эканамічныя паказчыкі ў гэтай сістэме вельмі складана.

- Успамінаецца яшчэ адзін "заказнік сацыялізму" - Венсуэла Чавэса і Мадуры. Вынік там сумны. А як вы ацэньваеце вынікі панавання Лукашэнкі ў Беларусі?

- Вынікі можна ацаніць у параўнанні. Пасля раскідання СССР у нас з'явілася вельмі шмат свабод і магчымасцяў. Але калі параўнаць нават з РФ, дзе ўсё далёка не гладка, вядзенне бізнэсу ў Беларусі выглядае яшчэ больш складана.

Нягледзячы на тое, што мы фармальна знаходзімся на 63-м месцы ў свеце паводле лёгкасці вядзення бізнэсу, аднак колькасць дакументацыі, праверак, сама працэдура пакарання за парушэнні, адсутнасць магчымасцяў для росту і развіцця робяць так, што ў рэальнасці мы вельмі моцна адстаём ад нашых суседзяў.

Таму вынік кіравання Лукашэнкі — несуцяшальны. Дасягнуць за гэты час можна было значна большага. Калі ўзяць за прыклад нашу суседку Польшчу, то бачна, наколькі больш краіна дасягнула за такі ж прамежак часу - за кошт таго, што ў свой час яны надумалі перайсці на капіталістычную мадэль і зрабілі гэта паспяхова.

- Наколькі ў суседніх еўрапейскіх краінах - Польшчы і Літве — прасцей адкрыць і "раскруціць" свой бізнэс?

- Я не вывучаў дэталёва ўмовы вядзення бізнэсу ў гэтых краінах, але магу сказаць адно: там законы рэальныя, іх магчыма выканаць.

І яны празрыстыя: можна цалкам сабе спакойна падысці да чыноўніка і высветліць, што трэба рабіць. І ён распіша гэта па пунктах: ты робіш (раз-два-тры), што трэба — і ў цябе ўсё атрымліваецца. І кожная праверка нічога не зможа табе зрабіць.

У нас жа гэтая сістэма мае закрыты характар. Ёсць мноства нюансаў, якія падаткавік пры прыходзе ў ягоны кабінет проста не згадае, палічыўшы за нязначныя. Але пры праверцы, якая абавязкова прыйдзе, цябе абавязкова пакараюць.

- Наконт непразрыстасці: адзін з беларускіх прадпрымальнікаў распавёў пра выкрут уладаў, якая дазваляе падвысіць кошт арэнды ў 20 разоў. Сутнасць простая: трава на газоне або пліткавае пакрыццё прыраўноўваюць да “капітальнай" пабудове і значна павышаюць арэнду. Ці сапраўды арэнда дае такія шырокія магчымасці, каб "душыць" прадпрымальніка?

- Метадаў для гэтага - процьма. Можна выпускаць "дадатковыя пагадненні" да дамовы арэнды. Можна скасаваць паніжальныя каэфіцыенты і ўводзіць падвышаныя. І прыраўняць пліткі на ходніку да капітальнай будоўлі - таксама цалкам сабе рэальны інструмент.

Напэўна, у чыноўнікаў не стаіць такой задачы — задушыць малы бізнэс. У іх стаіць задача зарабіць грошай, бо ў бюджэце іх проста не стае. А не стае, бо створаная такая "мадэль" эканомікі.

Таму чыноўнікі проста спрабуюць зарабіць. А што ўжо будзе з бізнэсам - іх не хвалюе. "Бізнэс на тое і ёсць бізнэс - ён сабе яшчэ заробіць", - прыкладна так яны разважаюць.

Ключавая праблема ў тым, што стаўленне да прадпрымальніцтва ў нашай краіне носіць абыякавы характар: хай круціцца, як хоча, а мы будзем яго даіць. А далей на арэну выходзяць метады і сродкі: як можна "выціснуць" пабольш грошай.

І агулам гэта тычыцца не толькі прадпрымальніцтва - гэта ў прынцыпе парадыгма нашай дзяржавы на чале з Лукашэнкам: падатак на тое, падатак на гэта, трошкі там назбіралі грошай, трошкі там, злёгку прыкрылі фінансавую дзірку ў бюджэце - і ўсё быццам бы выдатна. Увялі падатак на "дармаедства", яшчэ на што-небудзь - і ўсё выдатна.

Улады спрабуюць зарабіць, як умеюць.

- Надоечы, дарэчы, стала вядома, што юрыдычным асобам і ІП падвысілі тарыфы на ваду ў камерцыйных памяшканнях у 78 (!) разоў. Таксама выкарысталі "метад"?

- Рэч у тым, што юрыдычныя асобы плацяць поўны кошт за паслугі ЖКГ. І тут няма ніякіх саступак з боку дзяржавы.

Як вядома, на сёння ўлады спрабуюць атрымаць крэдыты ад МВФ. І для гэтага ўсяляк спрабуюць маніпуляваць з камунальнымі тарыфамі. Калі насельніцтву іх не паднялі адразу да 100%, то юрыдычным асобам — калі ласка. Пры гэтым ніхто не ўлічвае, што ў многіх прадпрыемстваў шалёныя запазычанасці перад ЖКГ, і яны і далей будуць загразаць у запазычанасці.

Гэта ўсё пра адно і тое ж: пра стаўленне дзяржавы да прадпрымальніцтва і пра неразуменне ў корані таго, што малы і сярэдні бізнэс у развітых эканоміках складае даволі вялікі адсотак ад ВУП.

Таму рэзкім падвышэннем “камуналкі” для ІП я не здзіўлены - гэта заканамерны вынік палітыкі нашай дзяржавы.

- У 2015 годзе ўлады ўвялі і збіраюць "падатак на пазыкі". А менавіта ІП даводзіцца браць пазыкі, крэдыты, у тым ліку і ў фізічных асоб — для развіцця бізнэсу. Як вы пракаментуеце гэты падатак?

- Складана пракаментаваць такога кшталту падаткаабкладанне: няма слоў — толькі адны эмоцыі. Нічога цэнзурнага з гэтай нагоды я сказаць не магу…

Мабыць, гэта чарговае закрыццё нейкіх дзірак у бюджэце. У нас за ўсе гэтыя гады ва ўладаў выпрацавалася ўласная мадэль "заробку". Ключавы заробак дзяржавы ідзе за кошт перыядычнага прыняцця дзіўных законаў, якія не маюць пад сабой нейкі рацыянальнай асновы.

Кіруючая верхавіна так і не змагла стварыць здаровую эканоміку. У спробах захаваць савецкую спадчыну яны забыліся пра нармальную мадэль заробку дзяржавы за кошт рэальнага сектара эканомікі.

Замест гэтага Лукашэнка і ягонае атачэнне ўвесь час спрабуюць ухапіць нейкі кавалак, увесці нейкія новыя падаткі, якія даслоўна з паветра прыдумляюць, каб хоць неяк утрымацца на нагах. Уся гэтая “мадэль” цяпер трымаецца строга на замежных крэдытах, якія сталі ўліваннем грошай у нейкую бяздонную яму. Грошы знікаюць невядома куды: тыя ж “мадэрнізацыі” заводаў, якія потым не працуюць, тыя ж Еўрапейскія гульні, сродкі на якія збіралі ў тым ліку са звычайных працоўных, змяншэнне ім прэміі.

У Маладзечне, напрыклад, быў такі выпадак. У бюджэце грошай не было, а ў гарадской паліклініцы трэба было ўсталяваць апарат МРТ. Дык вось, каб яго купіць, знізілі ўсе прэміі медыцынскім работнікам.

І гэта паказвае на тое, што ў эканамічным плане вядзецца неплатаздольная палітыка.

- Чаму вы надумалі ўдзельнічаць у восеньскай выбарчай кампаніі? Якія ў вас мэты, чаго хочаце дамагчыся?

- Ключавая мэта - гэта данясенне інфармацыі да людзей. Бо многія моманты проста не ўсплываюць на паверхню.

Кожны ведае, напрыклад, пра тое, што адбываецца на ягоным прадпрыемстве, на ягонай вуліцы. Але мала хто ведае пра тое, што адбываецца наогул. А ёсць гіганцкая колькасць праблем - нават на ўзроўні нашага горада Маладзечна.

Я жыву ў гэтым горадзе ўсё сваё жыццё, дзякуючы сваё дзейнасці камунікую з вялікай колькасцю людзей - і высвятляюцца проста катастрафічныя рэчы.

Няма проста сіл трываць гэта ўсё. Патрэбныя структурныя змены. І я даю сабе справаздачу: калі не зраблю нічога я, калі не прыкласці цяпер намаганні да змен, калі мы не зможам выкарыстаць хоць бы мінімальны шанец - за нас гэтага не зробіць ніхто. І краіна працягне ляцець роўна ў тую ж прорву, куды яна цяпер імкліва коціцца.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках