ЗША і Румынія пацвердзілі апазіцыю праекту «Паўночны струмень - 2»
1- 21.08.2019, 16:55
- 8,110
Яны адзначылі, што энэргетычная бяспека з'яўляецца пытаннем нацыянальнай бяспекі.
Прэзідэнты ЗША і Румыніі пацвердзілі сваю апазіцыю праекту «Паўночны струмень - 2» і перасцераглі, што ён узмацняе залежнасць краін Еўропы ад Расеі, паведамляе «Голас Амерыкі».
Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве, апублікаванай пасля сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і прэзідэнта Румыніі Клаўса Ёханіса ў Белым доме.
«Злучаныя Штаты і Румынія прызнаюць, што энэргетычная бяспека з'яўляецца пытаннем нацыянальнай бяспекі. Мы падкрэсліваем нашу нязгоду з «Паўночным струменем – 2» і іншымі праектамі, якія ставяць нашых хаўруснікаў і партнёраў у залежнасць ад энэрганосьбітаў з Расеі», - гаворыцца ў заяве.
Таксама адзначаецца, што «рэсурсы прыроднага газу ў Румыніі могуць павысіць дабрабыт нашых краін і ўмацаваць энэргетычную бяспеку Еўропы».
«Злучаныя Штаты і Румынія разгледзяць пытанне аб тым, як найлепшым чынам палепшыць інвестыцыйны клімат у галіне энэргетыкі ў Румыніі такім чынам, каб гэта было выгадна абедзвюм краінам», - падкрэсліваецца ў дакуменце.
«Паўночны струмень - 2» зазнае крытыку з боку ЗША, некаторых краін Усходняй Еўропы, Паўночнай Еўропы і краін Балтыі, якія асцерагаюцца, што
«Паўночны струмень - 2» зробіць Еўропу закладніцай Масквы.
Аднак, краіны Паўночнай Еўропы, асабліва Нямеччына, завастраюць увагу на эканамічных выгодах.
«Паўночны струмень - 2» - адзін з некалькіх расейскіх праектаў для забеспячэння наўпроставага доступу вядучага сусветнага вытворцы газу да яго найбуйнейшых еўрапейскіх рынкаў у абыход Украіны.
Летась прэзідэнт Трамп падпісаў закон, які дае яму права ўводзіць санкцыі супраць кампаній, якія ўдзельнічаюць у праекце, матывуючы гэта тым, што Нямеччына можа стаць «палонніцай» Масквы.
У адказ Масква назвала атакі Трампа спробай прасоўвання амерыканскага звадкаванага прыроднага газу ў Еўропе.