23 верасня 2019, панядзелак, 4:29
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Якім коштам Беларусь аддае ў Расею свае Geely?

41
Якім коштам Беларусь аддае ў Расею свае Geely?

Кошты экспарта, мякка кажучы, здзіўляюць.

Нагадаем, што раней завод «БелДжы» заяўляў аб намеры выпусціць у 2019 годзе не менш за 20 тысяч аўтамабіляў, з якіх не менш за 13 тысяч экспартуюць у Расею. Мяркуючы з інфармацыі Белстата, пастаўленыя задачы завод пакуль нават перавыконвае, іншае пытанне, якім коштам гэта робіцца, піша ej.by.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за студзень-чэрвень 2019 года Беларусь экспартавала 9218 аўтамабіляў, што на 216,9% больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года (4250 аўтамабіляў). Паказчык нібыта і нядрэнны, калі не ўлічваць кошты, паводле якіх адбываецца пастаўка.

Так, калі ў 2018 сярэдні кошт пастаўленых на экспарт легкавых аўтамабіляў складаў 13.396 даляраў за адзін аўтамабіль, то ў 2019 годзе ён знізіўся да 8966 даляраў.

Для Расеі яшчэ больш цікавыя лічбы. Калі ў першым паўгоддзі 2018 года ў РФ было экспартавана 3985 аўтамабіляў сярэднім коштам 10270 даляраў, то за аналагічны перыяд 2019 года - 8983 аўтамабілі сярэднім коштам усяго 7421 даляр. Як вынік кошты беларускіх аўтамабіляў у Расеі кідаюць у шок і, хутчэй за ўсё, найбліжэйшым часам стануць падставай для новай хвалі перагонаў.

Самая танная мадэль Geely Emgrand 7 каштуе ў беларускіх салонах усяго нейкіх 24900 беларускіх рублёў (11863 даляры курсам Нацбанка). Для параўнання аналагічная мадэль у аўтасалоне Смаленска (ехаць усяго нічога) каштуе ўжо 441.594 расейскія рублі або 14137 беларускіх рублёў або 6735 даляраў паводле курса Нацбанка. Як бачна, розніца без малога ўдвая!

Atlas у тым жа Смаленску каштуе ў мінімальнай камплектацыі 845 тысяч расейскіх рублёў або 27210 беларускіх рублёў або 12964 даляры курсам Нацбанка. У Беларусі самы танны варыянт каштавацьме 35200 рублёў або 16770 даляраў. Іншымі словамі, калі паехаць у Смаленск і набыць Atlas там, то можна зэканоміць мінімум 8 тысяч беларускіх рублёў. І не трэба ніякіх ільготных крэдытаў і іншых дзяржпраграм падтрымкі беларускага вытворцы.

Emgrand X7 у Смаленску можна набыць за 645 тысяч расейскіх рублёў або 20650 беларускіх рублёў. У Беларусі аналагічную мадэль танней за 31 тысячу рублёў не знайсці, а зэканоміць для беднага беларуса 10 тысяч рублёў - гэта ўжо не жарт.

Атрымліваецца, што беларускі вытворца пры падтрымцы ўрада стварае такія ўмовы, калі беларускія грамадзяне будуць набываць расейскія рублі і адпраўляцца ў Расею набываць аўтамабілі, вырабленыя ў Беларусі.

Застаецца толькі атрымаць тлумачэнні ўрада, чаму свой прадукт сваім грамадзянам мы зноў прадаем значна даражэй, чым суседзям? Чаму ўрад дазваляе добра зарабляць расейскім дылерам, чые грошы застаюцца ў Расеі, а не беларускім? Чаму вось такім экспартам урад падтрымлівае эканоміку суседняй краіны, а не сваёй, умацоўвае расейскі рубель, а не беларускі?