26 красавiка 2024, Пятніца, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як абскардзіць вырак суда, калі дзяржпадатак - 50 рублёў, а дапамога ў беспрацоўі - 12?

5
Як абскардзіць вырак суда, калі дзяржпадатак - 50 рублёў, а дапамога ў беспрацоўі - 12?

Актывістка незалежнага прафзвязу РЭП патрапіла ў юрыдычны тупік.

Суд Першамайскага раёна Менска аштрафаваў сябра прафзвязу РЭП Галіну Лагацкую на 250 рублёў нібыта за прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў суседцы, піша praca-by.info. Жанчына сцвярджае, што не вінаватая, абскардзіла пастанову суда, але... не змагла заплаціць дзяржпадатак у суме 50 рублёў. Вярхоўны суд, які перш вызваляў Лагацкую ад выплаты дзяржпадатку, гэтым разам адмовіў.

Аплаціць дзяржпадатак жанчына не можа, бо беспрацоўная, яна атрымлівае дапамогу ў беспрацоўі...12 рублёў на месяц.

- Я абскардзіла пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні, якога я не рабіла. Мяне прыцягнулі на падставе артыкула 9.1 нібыта за прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Хоць ёсць відэа, ёсць жанчына-сведка, якая пацвердзіла, што я нават не дакранулася да пазоўніцы. Справа была так. Я везла мыліцы бацьку, якому 93 гады, сустрэла суседку, якая завінавацілася мне грошы, папрасіла вярнуць. Яна кінулася на мяне і падрапала шыю, я на яе падала ў суд. Даведаўшыся пра пазоў, яна звярнулася з сустрэчным пазовам: у выніку і яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, і мяне. Суд Першамайскага раёна Менска мяне аштрафаваў на 250 рублёў за прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў.

Галіна Лагацкая падала апеляцыйную скаргу ў Менскі гарадскі суд. І адначасова звярнулася ў Вярхоўны суд з просьбай вызваліць ад выплаты дзяржпадатку ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам.

- Некалькі гадоў я ўжо зарэгістраваная як беспрацоўная, дапамога ў мяне складае 25 рублёў на месяц, а цяпер і наогул - 12 рублёў, а дзяржпадатак - 50 рублёў. Я часта падаю ў суд, раней мяне суд вызваляў ад выплаты дзяржпадатку. Але цяпер адмовіў у вызваленні ад дзяржпадатку, бо з прадстаўленых дакументаў «няма падстаў для таго, каб Лагацкую Г.І. вызваляць ад выплаты дзяржпадатку пры падачы скаргі». Юрыдычны тупік: плаціць няма чым, а вырак суда ўважаю за незаконны і неабгрунтаваны, таму што ў мяне на руках ёсць довады маёй невінаватасці, - падкрэсліла Галіна Лагацкая.

- Галіна Лагацкая ужо абскардзіла пастанову суда ў Вярхоўным судзе. Раз Вярхоўны суд адмовіў, значыць, раім ёй звяртацца ў пракуратуру як у наглядны орган - пры звароце ў пракуратуру не трэба плаціць дзяржпадатак, - адзначыў лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках