26 красавiка 2024, Пятніца, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маналог бацькі забітага ў Стоўбцах школьніка: За што ты забіў майго сына?

83
Маналог бацькі забітага ў Стоўбцах школьніка: За што ты забіў майго сына?
Фота: «Наша Ніва»

Cяргей Раманаў у судзе звярнуўся да забойцы свайго сына.

Самая гучная справа года ў Беларусі - забойства настаўніцы Марыны Пархімовіч і вучня Сашы Раманава, якое адбылося 11 лютага ў Стоўбцах.

Забойца, школьнік Вадзім М., асуджаны да 13 гадоў калоніі. Суд зрабілі закрытым, грамадства не пачула і не даведалася, чым кіраваўся злачынец.

Сяргей Раманаў, бацька забітага Сашы, хадзіў на пасяджэнні, каб зразумець, чаму адбылася трагедыя. «За што ты забіў майго сына?» - гэтае пытанне ён задаў Вадзіму М., але так і не атрымаў адказу.

Cайт nn.by публікуе вялікі маналог. Тыя ж словы Сяргей Раманаў казаў у судзе, гледзячы ў вочы забойцу свайго сына.

«У мяне была шчаслівая сям'я, быў цудоўны сын...

Мы з жонкай заўсёды стараліся правільна выхоўваць сваіх дзяцей. Заўсёды прыслухоўваліся да іх меркавання. Ніколі не прымалі чыйсьці бок, не разабраўшыся. З дзецьмі нельга абыходзіцца паводле метадаў «я начальнік, ты дурань». Дзяцей нельга біць і абражаць.

Дзеці, асабліва ў падлеткавым узросце, уважаюць сябе за асобу. Ды гэта ўжо асобы.

Калі з імі не паводзіць сябе так, то спачатку яны перастаюць адкрыта размаўляць з вамі, потым ігнаруюць вашыя парады. А потым і зусім перастаюць паважаць вас. З дзецьмі трэба размаўляць на роўных і не павышаць голас. Мажліва, таму ў мяне з сынам былі даверлівыя стасункі. Мы маглі размаўляць з ім на ўсе тэмы. Ён вельмі любіў чытаць кнігі і, як я разумею, чытаў правільныя кнігі. Спачатку я яго вучыў таму, што сам ведаў. А потым ён вучыў мяне таму, што прачытаў у сваіх кнігах і пазнаў у школе. Я з задавальненнем слухаў яго, а ён, адчуваючы гэта, з яшчэ большым задавальненнем распавядаў. Вось так мы жылі шчаслівай сям'ёй, будавалі планы.

І нішто не прадвяшчала бяды. А далей вы ўсё ведаеце, што адбылося. Яго больш няма. Яго забіў той, хто казаў, што сумна жыў, на 30%...

Мой сын хацеў жыць... І вучыцца, паступіць ва ўніверсітэт, як усе дзеці ў ягоным класе. Мой сын памёр у мяне на руках, я паспеў прыехаць да таго, як спынілася ягонае сэрца. І ўсе выйшлі і засталіся мы ўдваіх: я і маё дзіця. Тут, у зале суда, я перажыў гэта яшчэ дваццаць разоў.

Тут жа сядзеў той, хто гэта зрабіў. Ён жыва разглядаў сваіх былых аднакласнікаў, якіх, з ягоных жа слоў, таксама хацеў забіць. Часам пазяхаў, часам нават усміхаўся. У адказ яму ўсміхалася ягоная маці, усім сваім выглядам паказваючы, як яна любіць свайго сына. Такая прырода. Сляпая матчына любоў, якая часам калечыць.

А павінна быць і жаночая мудрасць, але ж не. Мы па кішэнях не лазім і партфелі не правяраем, у нас так не прынята, не ведаючы людзей, ацэньваць іх па «хадзе, па чорным шаліку, нацягнутым на твар, па высока задраным носе».

Цынізм? Вось і яе сына, кажуць, прыводзіла ў шаленства хада майго сына. Як кажуць яблык ад яблыні. Тут яшчэ шмат можна казаць і пра тое, што калі да 30% ацэнкі свайго жыцця дадаць яшчэ 40% з бутэлькі, то жыццё свеціцца іншымі фарбамі. Ды і настаўнікі з бацькамі не заўважаюць, і можна і далей так прадаўжаць. А калі і гэта перастае прыносіць задавальненне, то можна і ножык набыць. Тым больш, што ў Стоўбцах яго могуць прадаць кожнай малалетцы.

У адным партфелі: нож, петарды, малаток, цыгарэты, а часам і гарэлка... У іншым: кніга, яблык і дзве бутэлькі з вадой. У чым прычына такога адрознення? Бедная і багатая сям'я, як пішуць журналісты? Што за трызненне? Мільёны бедных сем'яў выхоўваюць выдатных дзяцей.

Прычына ў адным! Прычына ў нізкай маралі сем'яў, бескантрольнасці дзяцей і абыякавасць у школе. Нават цяпер шматлікіх хвалюе, чаму я не патрабаваў кампенсацыі. Нешта тут нячыста, маўляў. Я не магу ацаніць жыццё свайго дзіцяці ніякімі грашыма. А людзей толькі грошы цікавяць.

І вось у такім грамадстве мы жывем, у такія школы і калектывы ходзяць нашы дзеці. Дзяржаве шкада грошай на ахову дзяцей. Ды і на заробак настаўнікам, раз там практычна адсутнічаюць мужчыны педагогі.

Я лаўлю сябе на думцы, што ў канцы працэсу ў мяне яшчэ больш пытанняў. І яшчэ менш адказаў.

Чаму? Чаму мой сын ніколі не скончыць школу, не паступіць ва ўніверсітэт, не ўладкуецца на працу, не сустрэне дзяўчыну, не створыць сям'ю? Ніколі не ўбачыць сваіх дзяцей, а я не ўбачу сваіх унукаў?

За што ты забіў майго сына? Чым ён цябе раздражняў? Тым, што адрозніваўся ад іншых і хадзіў з высока паднятай галавой? Ты не адказваеш, бо ты баязлівы і табе стала сябе шкада. Мяне не задаволяць адказы «я не памятаю», «я не хацеў» і «я не ведаю, чаму так атрымалася».

Я ніколі не змагу табе дараваць.

Ні табе, ні тваім бацькам.

І ты адкажаш, адкажаш за ўсё...»

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках