26 красавiка 2024, Пятніца, 3:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За Паліну Шарэнду-Панасюк сабралі больш за палову неабходных подпісаў

1
За Паліну Шарэнду-Панасюк сабралі больш за палову неабходных подпісаў

Берасцейскія ўлады баяцца кандыдаткі «Еўрапейскай Беларусі».

Пра гэта сайту Charter97.org апавёў прадстаўнік ініцыятыўнай групы для збору подпісаў за кандыдатку ў дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліну Шарэнду-Панасюк, яе муж, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда.

– Нашу актыўнасць заўважаюць не толькі жыхары горада Берасця, у якім праходзяць нашыя пікеты для збору подпісаў, але і ўлады.

Кіраўніца берасцейскай Заходняй выбарчай акругі №1 Тамара Навумовец падышла да нас і заявіла, што гукаўзмацняльная тэхніка, якая мае месца на нашым пікеце для збору подпісаў, нібыта забароненая заканадаўствам. Яна заявіла, што не павінна быць музыкі і нельга запрашаць людзей праз гучнагаварыльнікі. Мы адказалі, што ніякіх парушэнняў няма, агітацыя не вядзецца, а выкарыстоўваць музыку на пікеце для збору подпісаў не забаронена. Яна адразу стушаваліся і заявіла, што выносіць нам вуснае папярэджанне і пра гэта будзе заяўлена ў ЦВК.

– Цікава, якая ж песня так не спадабалася прадстаўнікам уладаў?

– У асноўным у нас грае беларуская музыка, а гэтым разам гучала песня Віктара Цоя «Пераменаў». Улады так баяцца пераменаў, што хочуць забараніць усялякую згадку пра іх. Дарэчы, песня Віктара Цоя не раз станавілася пратэставай, бо яе забаранялі выконваць на дзяржаўных радыёстанцыях і тэлевізіі.

А наконт ціску з боку прадстаўнікоў уладаў – у мяне толькі адна думка: на іх ціснуць зверху, бо мы з'яўляемся самай актыўнай ініцыятыўнай групай у Берасці. Гэта відавочна камусьці не падабаецца. Да таго ж гэта не першы раз, калі на нашу групу для збору подпісаў ціснуць. Былі спробы абтэлефаноўваць людзей, перашкаджаць нам збіраць подпісы, увесь час правяраюцца дакументы. Кожны дзень стаяць супрацоўнікі органаў у цывільным, вядзецца назіранне.

Зноў жа, уладам проста не падабаецца наша актыўнасць. На гэты момант мы сабралі больш за палову неабходных подпісаў і праца прадаўжаецца. Карыстаючыся выпадкам, запрашаю ўсіх на нашы пікеты для збору подпісаў. Нас можна знайсці праз бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі з «Пагоняй» і сімволікай Еўразвязу.

– Якія праблемы хвалююць жыхароў Берасця? Як людзі ўспрымаюць пікеты для збору подпісаў «Еўрапейскай Беларусі»?

– Адна з галоўных праблемаў, якая хвалюе берасцейцаў – пагроза страты суверэнітэту. У Берасці асабліва актуальная гэтая тэма, бо людзі бачаць узровень жыцця ў Еўразвязе і не хочуць, каб наша краіна інтэгравалася з усходняй суседкай. Некаторыя ставяцца да гэтага даволі радыкальна і кажуць, што пойдуць у партызаны. Людзей вельмі хвалюе магчымае паглынанне, і гэтая тэма стане яшчэ больш актуальнай пасля артыкула «Коммерсанта», у якім гаворыцца пра тое, што эканомікі дзвюх краінаў будуць аб'яднаныя.

Яшчэ адна тэма – узровень жыцця. Людзі з'язджаюць не толькі ў суседнюю Польшчу, многія беларусы даязджаюць ужо да Вялікай Брытаніі. Таксама людзей хвалюе экалагічная тэма: тут і берасцейскі акумулятарны завод, і БелАЭС, якая з'яўляецца сапраўднай бомбай запаволенага дзеяння. Да нас падыходзілі людзі, якія працавалі на будаўніцтве Астравецкай АЭС, і казалі, што там робіцца такі бардак, што такім кіраўнікам нельга даверыць нават грамадскую прыбіральню.

Што да стаўлення да нас – берасцейцы вельмі пазітыўна настроеныя, з задавальненнем фатаграфуюцца на фоне нацыянальных сімвалаў. Падыходзяць замежныя турысты, выказваюць падтрымку, цікавасць, пытаюцца пра грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь», чаго мы дамагаемся. Наш пікет для збору подпісаў стаў сапраўднай падзеяй для горада.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках