26 красавiка 2024, Пятніца, 4:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада БНР заклікала беларусаў планаваць свае дзеянні ў абароне незалежнасці краіны

8
Рада БНР заклікала беларусаў планаваць свае дзеянні ў абароне незалежнасці краіны

«Саюзная дзяржава» з Расеяй супярэчыць інтарэсам беларускага народа.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, апублікаванай на сайце radabnr.org.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае занепакоенасць перамовамі паміж аўтарытарнымі рэжымамі ў Расеі і Беларусі адносна паглыблення ўзаемнай інтэграцыі ў рамках так званай «саюзнай дзяржавы». Перамовы традыцыйна праходзяць у непразрыстым для грамадскасці фармаце і нясуць прамую пагрозу суверэнітэту і нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Для аўтарытарнага рэжыму, які пануе ў Расеі, інтэграцыя з Беларуссю мае відавочную мэту: падтрымаць сваю папулярнасць з дапамогай нацыяналістычнай мабілізацыі і, магчыма, даць прэзідэнту Уладзіміру Пуціну юрыдычную магчымасць застацца на чале дзяржавы пасля 2024 года, калі заканчваецца ягоны цяперашні тэрмін паўнамоцтваў.

Прэзідэнт Расеі Пуцін у сваіх публічных выказваннях неаднаразова недвухсэнсоўна адмаўляў права беларускага народа на самастойнасць і прыніжаў каштоўнасць беларускай дзяржаўнасці. Гэта з'яўляецца абразай беларускага народа, і перамовы пра развіццё сувязяў з Расеяй не могуць весціся, пакуль расейскі бок выступае з адкрыта шавіністычных і імперскіх пазіцый.

Рада БНР адзначае наступнае:

Інтэграцыя паміж Беларуссю і Расеяй не можа насіць раўнапраўны характар у сілу розных памераў краінаў: насельніцтва, эканомікі, ваеннага патэнцыялу. Развіццё так званай «саюзнай дзяржавы» дэ-факта азначае інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі і абнуленне незалежных дасягненняў, якія набыў беларускі народ за апошнія сто гадоў. Страта незалежнасці Беларусі будзе азначаць немагчымасць для беларусаў самастойна кіраваць сваім жыццём, самастойна будаваць стасункі з светам, бо гэтым ад імя Беларусі будзе зноў займацца Масква.

Пасля ваеннай агрэсіі супраць Украіны і незаконнай акупацыі і анэксіі часткі суверэннай тэрыторыі Украіны Расея ідзе шляхам паглыблення сваёй міжнароднай ізаляцыі. Расейскі рэжым накладае абмежаванні на ўласных грамадзянаў, абмяжоўвае гандаль, паступова ізалюе расейскі сегмент інтэрнэту ад глабальнага інтэрнэту. Інтэграцыя з такой краінай неўнікнёна будзе азначаць распаўсюджванне на Беларусь як міжнародных санкцый супраць расейскага рэжыму, так і тых абмежавальных захадаў, якія расейскі рэжым накладае на сваіх грамадзянаў.

Расея знаходзіцца ў эканамічным крызісе і далучэнне Беларусі распаўсюдзіць крызіс і на нашу краіну, абмежаваўшы магчымасці Беларусі рэфармаваць уласную эканоміку, прывабліваць інвестараў, наладжваць кааперацыю з іншымі краінамі свету. Далучэнне да Расеі толькі пагоршыць эканамічнае становішча і дабрабыт беларусаў.

У Расеі пабудаваны аўтарытарны рэжым, які ў многіх параметрах стаў больш жорсткім, чым рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. У цяперашняй Расеі адсутнічаюць вольныя выбары і свабода слова, адбываюцца рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных журналістаў і іншадумцаў. Забойствы палітычных апанентаў, якія перасталі быць штодзённасцю ў Беларусі, сталі штодзённасцю ў пуцінскай Расеі.

Далучэнне да Расеі будзе азначаць для беларусаў перспектыву ваяваць за інтарэсы мясцовага карумпаванага нацыяналістычнага рэжыму ў рамках незаконных ваенных аперацый у аддаленых рэгіёнах – Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Данбасе і Сірыі, не кажучы пра ўдзел у новай гонцы ўзбраенняў, новым безнадзейным для Расеі супрацьстаянні з усім астатнім светам.

Беларускі народ хоча мець добрыя стасункі з усімі сваімі суседзямі, у тым ліку з Украінай, Польшчай, краінамі Балтыі, іншымі краінамі Еўрапейскага звязу, Злучанымі Штатамі Амерыкі. Беларусы хочуць, каб Беларусь была багатай еўрапейскай краінай, дзе ўсім гарантаваныя дэмакратычныя правы. Анэксія Беларусі з боку аўтарытарнай і беднай пуцінскай Расеі паставіла б крыж на гэтых мэтах.

Рада БНР катэгарычна адмаўляе любыя абвінавачванні беларускага дэмакратычнага руху ў так званай «русафобіі», якія гучаць з боку расейскай нацыяналістычнай прапаганды. Мы цэнім расейскую культуру і расейскі народ. Мы зычым расейскаму народу дабра і вызвалення ад агрэсіўнага аўтарытарнага рэжыму, які наносіць гіганцкую шкоду ў тым ліку і сваёй уласнай краіне. Як і ўвесь беларускі народ, мы выступаем за ўзаемапаважлівыя, добрасуседскія стасункі паміж дэмакратычнай Беларуссю і дэмакратычнай Расеяй.

Рада БНР пацвярджае свае прапановы, агучаныя ў заяве ад 16 студзеня 2019 года, і заклікае:

– Палітычна актыўных грамадзянаў і дэмакратычныя сілы – планаваць свае дзеянні на выпадак абвастрэння пагрозы незалежнасці Беларусі. Пры гэтым павінны заставацца ў сіле мэты дэмакратызацыі палітычнага жыцця і дасягнення паўнапраўнага статусу беларускай мовы і культуры, забяспечыць якія павінны ўлады Рэспублікі Беларусь;

Беларускую дыяспару ў дэмакратычных краінах – звяртацца да ўрадаў краінаў свайго пражывання на тэму небяспекі анэксіі Беларусі з боку Расеі, яе свядомай незаконнасці, а таксама недапушчальнасці прызнання або ігнаравання такой анэксіі міжнароднай супольнасцю;

Улады Рэспублікі Беларусь – дэмакратызаваць палітычную сістэму краіны, а таксама правесці парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, запланаваныя на 2019 і 2020 гады, у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі. Рада БНР заяўляе, што ўладам Рэспублікі Беларусь неабходна спыніць канфрантацыю і пераслед патрыётаў Беларусі з шэрагаў дэмакратычнай апазіцыі, зрабіць крокі для кампрамісу сярод палітычных сілаў Беларусі ў інтарэсах безумоўнай грамадскай кансалідацыі вакол каштоўнасцяў незалежнасці Беларусі.

Рада БНР звяртае ўвагу на тое, што юрыдычная сіла дакументаў пра стварэнне так званай «саюзнай дзяржавы», падпісаных раней ці запланаваных да падпісання ў будучыні, павінна быць пастаўлена пад сумнеў, калі іх падпісантам з беларускага боку выступае асоба, якая займае пасаду «прэзідэнта» Рэспублікі Беларусь не паводле вынікаў дэмакратычных выбараў.

Рада БНР заяўляе, што дэмакратычныя выбары, павага да правоў чалавека і свабода слова – гэта адзіны магчымы шлях да нацыянальнай кансалідацыі беларусаў і да выхаду з міжнароднай ізаляцыі, у якой Беларусь знаходзіцца апошнія дзесяцігоддзі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках