Сёння Генадзю Карпенку споўнілася б 70 гадоў
6- 17.09.2019, 8:50
- 24,033
17 верасня 1949 года нарадзіўся адзін з найбольш аўтарытэтных беларускіх палітыкаў.
Генадзь Карпенка нарадзіўся 17 верасня 1949 г. у Менску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў у Інстытуце ядзернай энэргетыкі Акадэміі навук Беларусі. З 1983 года працаваў у НВА парашковай металургіі.
У 1987–1990 гадах быў дырэктарам завода парашковай металургіі ў горадзе Маладзечне.
У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, а потым – старшынёй камісіі навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу. З 1991 да 1994 года ўзначальваў Маладзечанскі гарвыканкам. У 1995 годзе яго зноў абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета. Ён стаў намеснікам старшыні апошняга законнага беларускага парламента.
У 1996 годзе Генадзь Карпенка быў адным з ініцыятараў працэдуры імпічмэнту Лукашэнкі, якую пачалі дэпутаты Вярхоўнага Савета. Праз два гады ён узначаліў Нацыянальны выканаўчы камітэт, створаны беларускай апазіцыяй. Генадзь Карпенка мог скласці рэальную канкурэнцыю дзейнай уладзе і стаць прэзідэнтам Беларусі ў 2001 годзе.
Доктар тэхнічных навук, чалец-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Аўтар 40 вынаходак.
Генадзь Карпенка памёр ад кровазліцця ў мозг раніцай 6 красавіка 1999 года ва ўзросце 49 гадоў. Гэта адбылося за месяц да альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзення якіх адмовіліся прызнаць навязаныя Лукашэнкам змены ў Канстытуцыі, якія азначалі падаўжэнне тэрміну ягоных паўнамоцтваў на прэзідэнцкай пасадзе.
Праз месяц пасля загадкавай смерці палітыка бясследна знік адзін з ягоных найбліжэйшых паплечнікаў – Юры Захаранка, яшчэ праз паўгода другі – Віктар Ганчар, які разам з бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім быў выкрадзены ў цэнтры Менска.
Сапраўдныя прычыны смерці Генадзя Карпенкі дагэтуль невядомыя. Ён ніколі не скардзіўся на сваё здароўе. Сваякі і прадстаўнікі апазіцыі сумняюцца ў натуральных прычынах смерці і мяркуюць, што да яе датычныя беларускія ўлады.
Жонка і дзеці апазіцыйнага палітыка праз увесьчасны пераслед і прэсінг з боку рэжыму вымушаныя былі з'ехаць у Нямеччыну, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў.
У 2009 годзе вядомыя палітыкі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і грамадскія дзеячы звярнуліся ў сталічны гарвыканкам з заклікам назваць імем Генадзя Карпенкі адну з менскіх вуліцаў, аднак улады адмовіліся зрабіць гэта.